100 гадоў таму ў вёсцы Крысава паблізу Койданава (цяпер Дзяржынск) нарадзіўся Альфрэд Радзюк, які ў гісторыі беларускай літаратуры вядомы як паэт Алесь Салавей, піша «Народная Воля». Няпоўныя 57 гадоў пражыў ён на гэтым свеце, з іх 34 — па-за межамі Беларусі, якую пакінуў 23-гадовым дзецюком.
Жыццёвыя шляхі-дарогі, пакручастыя, авеяныя вогненнымі вятрамі Другой сусветнай вайны, прывялі яго ўрэшце ў далёкую зацішную Аўстралію, дзе ён у 1978 годзе і знайшоў вечны супачынак. Памёр раптоўна, купаючыся ў акіяне...
У 2010 годзе мінскае выдавецтва «Лімарыус» выпусціла ў свет грунтоўны (560 старонак) збор Салаўёвай літаратурнай спадчыны, і тое выданне да гэтай пары застаецца адзінай кнігай выдатнага паэта на радзіме. Тады ж у Дзяржынскай раённай бібліятэцы прайшла сціплая вечарына памяці паэта, чые зборнікі раней выходзілі ў Рызе, Нью-Ёрку, аўстрыйскім Зальцбургу і нямецкім Остэрхофене.
За апошнія дванаццаць гадоў пра Алеся Салаўя ў Беларусі больш, здаецца, і не ўспаміналі. Паспрабуем разабрацца, чаму да паэта такое абыякавае стаўленне на Бацькаўшчыне.
Алесь Салавей. 1960-я гады.
Падарунак Юрыя Туронка
Неяк у Варшаве мне пашчасціла сустрэцца са знакамітым беларускім гісторыкам Юрыем Туронкам, аўтарам гістарычнага бестселера «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Жыў ён у невялікай кватэры на вуліцы Тамковай. Пасля гутаркі пры дыктафоне, якая і была галоўнай мэтай нашага спаткання, гаспадар з таямнічым выглядам запрасіў мяне ў застаўленую кніжкамі баковачку і дастаў з шуфляды нейкае «стомленае», як гавораць бібліяфілы, выданне. «Ведаю, што вы цікавіцеся жыццяпісам Алеся Салаўя. Вазьміце — для натхнення ў пошуках», — сказаў Туронак. Падзякаваўшы яму за неспадзяваны і шчодры дар, я з трымценнем узяў у рукі кніжны рарытэт — «Мае песні» 1944 года выдання. Амаль увесь наклад кнігі загінуў у полымі вайны, аўтару ўдалося ўратаваць лічаныя асобнікі. Падараваны мне аказаўся рарытэтам падвойным — з аўтографам. На форзацы каліграфічным почыркам было напісана: «Вельміпаважанай паэтцы Натальлі Арсеньневай — Алесь Салавей. Бэрлін, 11.ІХ.1944 г.».
Родная хата паэта ў Крысаве пад Дзяржынскам.
У цягніку над старонкамі «Маіх песень» мне падумалася, што Максім Багдановіч у смяротнай для яго Ялце, калі б меў магчымасць перадаць каму-небудзь сваю ліру, то перадаў бы яе Алесю Салаўю. Светапоглядна яны вельмі блізкія. Як і ў неўміручым багдановічаўскім «Вянку», у «Маіх песнях» прысутнічаюць класічныя формы — санеты, тэрцыны і рандо. Як і Багдановіч, Салавей вольна абыходзіцца і з абрывістым брахікаланам, і з даўжэзным гекзаметрам. Яму падуладныя пярэваратні-трыялеты і вершаваныя цыклы, напісаныя александрыйскім вершам. Ёсць у зборніку і пераказаны па-беларуску ўрывак з фінскай паэмы «Калевала», і наследаванні Гамеру...
Хто з беларускіх савецкіх паэтаў на той час мог дазволіць сабе такое? Ад творцаў тады патрабавалася адно — прыраўняным да штыка пяром весці вайну з фашызмам...
Перад вайной Алесь Салавей паспеў скончыць толькі месячныя літаратурныя курсы. Ды і ці да навукі было шаснаццацігадоваму юнаку, на вачах якога НКВД нядаўна арыштавала маці і бацьку, на плечы якога лёг нялёгкі клопат пра малодшых сястру і братоў?
На тых жа курсах вучыўся паэт Мікола Аўрамчык, які пазней успамінаў: «Алесь быў вельмі сціплы, крыху нясмелы, занадта сентыментальны. На працягу месяца вучобы жыў на поўным утрыманні Літфонду. Аднойчы наш агульны сябра Аркадзь Марціновіч, які ўжо настаўнічаў і якраз атрымаў зарплату, запрасіў Альфрэда ў рэстаран. Дык той пасля прызнаўся, што ўпершыню за доўгі час папалуднаваў па-людску».
«Па ім Сібір плакала!»
У час вайны Алесь Салавей працаваў у кантраляванай немцамі «Беларускай газеце», у цывільнай адміністрацыі мястэчка Ілля на Вілейшчыне, у рэдакцыі часопіса «Новы шлях» (выходзіў у Рызе). Друкаваў і ў газеце, і ў часопісе лірычныя і патрыятычныя вершы. Ні пад адным прапагандысцкім артыкулам ні ягонага сапраўднага прозвішча, ні ягоных менш вядомых псеўданімаў (Антон Дабрыдзень, Алесь Вясновы, Максім Блакітны, Банадысь Свой) я не пабачыў.
І ўсё роўна тут я чую зларадны галасок, які абавязкова прагучыць, які ў сучаснай Беларусі не можа не прагучаць: «Салавей твой — калабарант, нямецкі паслугач. Мог стаць савецкім партызанам і не стаў. Па ім Сібір плакала!»
А чаму Салавей, уласна кажучы, павінен быў са зброяй у руках бараніць той палітычны лад, які яго асіраціў? Гэтаксама не мела за што асабліва любіць савецкую ўладу і супрацоўніца тае ж «Беларускай газеты» Наталля Арсеннева, якую таксама вінавацяць у калабаранцтве сучасныя чыстаплюі. За што любіць? За казахстанскую ссылку? За арыштаванага мужа?
Алесю Салаўю праца ў «Беларускай газеце» і «Новым шляху» давала магчымасць, па-першае, фізічна выжыць, па-другое, працягваць самаадукацыю. Што ён, нядаўні вучань савецкай школы, мог ведаць з гісторыі сваёй радзімы? Пра каўтун на галаве дакастрычніцкага беларуса і пра небывалы росквіт Беларусі пасля Вялікага Кастрычніка? А тут на старонках выдання, дзе ты працуеш, друкуецца з працягам «Беларусь учора і сёння» Язэпа Найдзюка, «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага, гістарычныя нарысы Усевалада Ігнатоўскага... Чытай не хачу.
У артыкуле літаратуразнаўца Антона Адамовіча «Так пяяў Салавей» рыжскі перыяд у жыцці паэта выглядае ці не празмерна гусарскім. Наведваў літаратурны салон, пазнаёміўся з мастачкай, якая зрабіла малюнкі да ягонай кнігі...
Магчыма, у тым салоне Алесь Салавей і знаходзіў часовую кампанію, дзе збіраліся неабыякавыя да паэзіі і мастацтва людзі. Але — якой блізкай да адчаю самотай вее з яго тагачасных лістоў да сяброў! Нібы жыў паэт не ў еўрапейскай сталіцы, а на бязлюдным востраве. Лісты пісаў — па дваццаць і больш старонак. Ад празмернай адзіноты спрабаваў ратавацца алкаголем...
Вось урывак з ліста да паэта Масея Сяднёва ад 31 снежня 1943 года: «Я — адзін. На ўсю кватэру адзін. Вярнуўшыся з пошты, вазьмуся за Байрана. Разам з ім пакіну сваю кватэру, пакіну зямлю і палячу ў аблокі. Разам з Байранам там, у аблоках, я і спаткаю Новы год».
Новы год — з Байранам... Вось такі літаратурны салон — у рыжскім небе. І далей: «Сапраўды, няма збавення. Хай яе пярун спаліць, гэтую Рыгу! Цяпер мне б — на Беларусь, у чыстае поле або ў асабнячок у Мінску, каб не трывожыць суседзяў...»
Колькі беларускіх паэтаў жыццё дажывалі, марачы пра падобнае! На берагах Енісея і Гудзона, у казахскіх бяскрайніх стэпах і запалярнай тундры, на падканвойнай Калыме і на ласкавым эмігранцкім хлебе...
Мог трапіць у фашысцкі канцлагер...
З Рыгі Алесь Салавей пакручастым шляхам — праз Эстонію, Кёнігсберг і Балтыйскае мора — трапляе ў Берлін, дзе кароткі час працуе бібліятэкарам пры Беларускай Цэнтральнай Радзе. Калі нехта (зноў жа) хоча папракнуць паэта за знаходжанне па сваёй волі ў логаве фашызму, хай прачытае хоць бы гэты верш, названы па нямецку «Frohliche Weihnachten», што азначае звыклае і для нас пажаданне: «Вясёлых Калядаў»:
Так, Frohliche Weihnachten! Так, паны,
з грубой душой пад знакам павучыны.
Што ж маеце, вандалавы сыны,
да той жанчыны?
Яна з малой дзяўчынкаю — дачкой,
асіліўшы пакуты і знямогу,
вязе ў касцёл праз ваш несупакой
малітвы Богу.
Арыйскі дух з вагона гоніць прэч
жанчыну-маці і дачку жанчыны...
...Карае вас, карае Божы меч
ліхіх, бясчынных.
I знікне чорны прывід Сатаны,
і згіне зверства след на хіжым твары.
Так, Frohliche Weihnachten! Так, паны,
людства пачвары!
Пад вершам дата — 24 снежня 1944 года. «Павучыны знак» — безумоўна, свастыка. А як называе Алесь Салавей фанабэрыстых прадстаўнікоў «арыйскай звышрасы»? Вандалавымі сынамі і пачварамі. Ці трэба казаць, куды мог трапіць паэт, калі б яго «вясёла-каляднае» пасланне трапіла ў рукі дасведчанага немца? У Бухенвальдзе і Дахау яшчэ дыміліся печы...
«Вже нікуди немае доріг!»
У 1945 годзе Алесь Салавей трапляе ў Аўстрыі ў лагер для выгнанцаў, які знаходзіўся на ўтрыманні міжнародных арганізацый. Хоць такія лагеры размяшчаліся па-за савецкай акупацыйнай зонай, іх наведвалі савецкія рэпатрыяцыйныя місіі, агітавалі вяртацца ў Савецкі Саюз. Той жа Антон Адамовіч пазней успамінаў, як сярод місіянераў нечакана пазнаў свайго колішняга калегу па згуртаванні «Узвышша» Максіма Лужаніна, ад якога пачуў сказанае з аглядкай, напаўголасу: «Не вяртайся». Не будзем варажыць-падлічваць, колькі суайчыннікаў былы ўзвышэнец выратаваў ад Сібіры. Думаецца, той учынак залічыўся яму на судзе высокім і справядлівым.
Паінфармаваныя пра небяспеку вяртання на радзіму, насельнікі лагераў выязджалі з падзеленай на два антаганістычныя станы Еўропы за акіян. Алесь Салавей вельмі перажываў расстанне з сябрамі Аляксеем Грыцуком і Уладзімірам Дудзіцкім, з украінскімі паэтамі Ігарам Качуроўскім і Барысам Аляксандравым, якія адплылі ў Амерыку.
З Ігарам Качуроўскім я паспеў спісацца, папрасіў прыгадаць Алеся Салаўя. Дзевяностагадовы прафесар ахвотна расказаў, што Алесь у лагеры належаў да Саюза ўкраінскіх навукоўцаў, пісьменнікаў і мастакоў, што яны неаднойчы разам выступалі з чытаннем вершаў. І прыгадаў прысвечаны яму Салаўём верш. Напісаны па-украінску! «Тільки очі лукаво примружить / і зі швабом тікае за ріг. / О мій Ігоре, любий мій друже, / вже нікуди немае доріг». Вось гэта прыклад сапраўднага сяброўства — напісаць верш на мове сябра!
«Купіць зямлю, прыдбаць свой кут»
Яшчэ ў лагеры для бежанцаў Алесь Салавей ажаніўся, а праз два гады ўжо стаў бацькам дваіх дзяцей — сына Міхася і дачкі Ганны. А сем’і з малалетнімі дзецьмі краінамі вольнага свету (дзе патрабавалася найперш працоўная сіла) прымаліся менш ахвотна. Нарэшце, ужо ў 1949 годзе, прыйшоў дазвол на выезд у Аўстралію.
Паэт з сынам Міхасём. 1949 год.
Неаднойчы выказвалася меркаванне, што выезд Салаўя на той далёкі кантынент быў памылкай, што гэта ўрэшце і прыспешыла яго заўчасную смерць. У Аўстраліі, як пазней прыгадвала ўдава паэта Зінаіда, абжыцца было сапраўды няпроста: «Галоўнай праблемай быў дах над галавой. Наняць кватэру ў тыя часы з дзецьмі было амаль немагчыма. У нас жа ў Аўстраліі ў 1950 годзе нарадзіўся другі сын — Юра. Трое дзяцей, адно з іх глуханямое... Па сканчэнні двухгадовага кантракту, які адбывалі ў Адэлаідзе, мы пераехалі ў Мельбурн. Сябры дапамаглі пабудаваць частку дома (два пакоі). Далей будаваліся па меры магчымасці, ашчаджаючы кожны грош, куплялася толькі самае неабходнае. Дужа мала знаходзілася часу на пісанне вершаў».
Чым жа займаўся паэт па першым часе ў той Аўстраліі? Дамо слова яму самому: «Насіць цэглу, капаць ямы, пілаваць дровы, вазіць вазочкі з пяском, забіваць кіркаю каменне пад шпалы, мясіць гліну, цягаць скрынкі і валізкі, мыць вокны і падлогі, бяліць сцены, раўняць рыдлёўкай дарожкі ў алеях, падмятаць, прыбіраць — гэта мае спецыяльнасці».
На чужыне Алеся Салаўя не пакідае спрадвечнае беларускае жаданне «купіць зямлю, прыдбаць свой кут». І ён ці не ў кожным лісце параскіданым па свеце сябрам піша і піша пра свой няўхільны клопат: «Учора і сёння шукаў зямлю ў Адэлаідзе», «добрая зямля каштуе нямала, затое — хоць адразу будуйся на ёй», «учора купіў зямлю і нарэшце стаўся собснікам (18 метраў ушыркі і каля 50 — удоўжкі)», «гэтая зямля — мая няўхільная патрэба»...
Алесь Салавей на беразе Ціхага акіяна.
Запросіны ў Беларусь ад... КДБ
Трохі абжыўшыся на ўласнай зямлі, паэт вяртаецца да творчасці. У аўстралійскі перыяд ён шмат напісаў, між іншым стварыў каля сотні санетаў. У 1958 годзе эмігранцкі часопіс «Конадні» сенсацыйна надрукаваў адразу два вянкі санетаў — Алеся Салаўя і Міхася Кавыля. Каму з іх належыць пальма першынства — без вывучэння архіваў абодвух сказаць цяжка. Паводле сведчанняў сучаснікаў, узбагаціў беларускі санетарый першым вянком усё ж Алесь Салавей. Проста затрымаўся з высылкай свайго вянка ў рэдакцыю, доўга дасканаліў і шліфаваў яго.
«Каго вы лічыце найлепшым паэтам беларускай эміграцыі?» — аднойчы запытаўся ў грамадзянкі ЗША Наталлі Арсенневай журналіст з урадавай газеты з Мінска. І пачуў у адказ імя Алеся Салаўя.
Думаецца, не толькі Арсеннева лічыла Салаўя найлепшым беларускім паэтам-эмігрантам. Ведалі яму цану і ў савецкай Беларусі. Прытым не толькі ў літаратурным асяродку. У 1958 годзе ў КДБ нават распрацоўвалася спецаперацыя па ягоным вяртанні на радзіму. Не апошнюю ролю ў ёй, паводле задумкі распрацоўшчыкаў, павінен быў выканаць паэт Мікола Аўрамчык — сябра Салаўя са студэнцкіх гадоў. Мусіў запрасіць таго ў Беларусь, паабяцаўшы залатыя горы... Да гонару Міколы Якаўлевіча, ён змог адмовіцца ад настойлівай прапановы.
Што магло чакаць Алеся Салаўя на радзіме — тлумачыць наўрад ці трэба. За адзін «Новы шлях» чакалі яго доўгія шляхі ў адным кірунку — на ўсход, у спавіты калючым дротам ГУЛаг...
Часта ездзячы па аўтастрадзе М1 паўз вёску Крысава пад Койданавам-Дзяржынскам, аднойчы я завітаў на малую радзіму паэта. З койданаўскім краязнаўцам Алесем Баркоўскім мы апыталі ўсіх старажылаў, якія маглі б памятаць свайго колішняга аднавяскоўца. Такіх ужо не знайшлося. Затое нам паказалі хату, дзе калісьці жылі Радзюкі. Яе, старэнькую, урослую ў зямлю, у 1987 годзе набыў беларускі настаўнік Серафім Бохан — толькі таму, што гэта была Салаўёва хаціна! Падрамантаваная, яна і цяпер служыць прытульным лецішчам для нашчадкаў настаўніка, якія зусім не супраць, каб на хаце з’явілася мемарыяльная дошка ў гонар выдатнага паэта.
Стагоддзе з дня нараджэння — добрая нагода для ўшанавання яго памяці.