Шмат хто думае, што такія краіны, як Грузію, Арменію, Азербайджан адкрыла для сябе толькі беларуская эміграцыя ХХІ стагоддзя. Насамрэч, гэта не так. І хоць напачатку мінулага стагоддзя да Каўказу было далёка, але нашых суайчыннікаў сюды заносіла.
У Беларускі сямейны клуб у Батумі 31 сакавіка завіталі людзі з Еўропы: Алег Латышонак, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства з Беластока, Дарота Міхалюк і Томаш Блашчак (суаўтары кнігі «Іван Краскоўскі: на службе Беларусі ды Украіны») і кіраўнік і заснавальнік электроннай бібліятэкі kamunikat.org Яраслаў Іванюк.
Мэтай візіту, найперш, была, канешне, прэзентацыя кніжкі і расповед пра Івана Краскоўскага: беларуса вельмі пакручастага лёсу. Аднак у часе сваіх прэзентацый яны пазнаёміліся і з грузінскімі гісторыкамі. І нават знайшлі ў Батумі невядомыя ім раней дакументы і фотаздымкі што да лёсу свайго героя.
А лёс у гэтага беларуса быў вельмі цікавы.
Нарадзіўся Іван Краскоўскі на Падляшшы, у Дубічах Царкоўных (гэтая вёска цяпер часцяком згадваецца ў разрэзе «мігранцкага крызісу» — у яе раёне было шмат спробаў нелегальнага пераходу мяжы). Скончыў гімназію ў Вільні, навучаўся на гісторыка-філалагічным факультэце Варшаўскага універсітэта, адкуль быў адлічаны за ўдзел у нелегальным студэнцкім гуртку. Пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе працягнуў навучанне ў Пецярбурскім універсітэце па спецыяльнасці гісторыка-эканаміста.
Потым яго занесла ва Украіну, дзе ён у 1918 годзе ўвайшоў у склад ураду Украінскай Народнай Рэспублікі. Пры гэтым удзельнічаў у перамовах па дэмаркацыі мяжы паміж БНР і УНР як эксперт, прычым, эксперт беларускага (!) боку. А далей яго і паслалі амбасадарам УНР у Грузію.
Варта зазначыць, што амбасада УНР тады займалася не толькі Грузіяй, а ўсім каўказскім рэгіёнам, уключаючы Арменію і Азербайджан. Пры гэтым, шмат увагі Краскоўскі надаваў стасункам з іншымі паўднёвымі суседзямі — Турцыяй і Персіяй (цяпер — Іран). Тут, у Грузіі, наш суайчыннік правёў багата часу: адсюль і знаходкі, датычныя яго лёсу, у грузінскіх архівах.
Потым пасля паразы УНР ён праз Стамбул вяртаецца ў Еўропу, арганізуе беларускія школы ды гімназіі ў Латвіі, але ўрэшце, у 1925 годзе вяртаецца ў СССР, у Мінск, дзе пачынае працу ў Інбелкульце і Дзяржплане СССР.
У 1930 годзе Краскоўскага пераводзяць у Маскву, і, імаверна, дзякуючы гэтаму пераводу ён выжывае ў час сталінскіх рэпрэсіяў. Два яго сыны былі расстраляныя, а ён сам — сасланы ў Самару (Куйбышаў), дзе перажыў вайну. У 1949 годзе выйшаў на пенсію, і ў 1953 годзе яму ўдалося выехаць да дачкі ў Чэхаславакію. У 1955 годзе ён памёр у Браціславе (цяпер — проста Славакія).
Слухаючы гэты расповед, проста дзіву даешся, як маршрут Івана Краскоўскага паўтарае маршруты сучаснай беларускай эміграцыі. Шмат хто з беларускіх актывістаў першапачаткова абраў сваім маршрутам «рэлакацыі» Украіну. Цяпер, з-за вайны з Расіяй, яны вымушаныя з’язджаць, і многія едуць найперш туды, дзе іх прымаюць без віз — гэта Грузія. Тут, зрабіўшы візы, праз той жа Стамбул (балазе, ад Грузіі гэта адносна недалёка) яны перабіраюцца назад у Еўропу — Польшчу, Літву, Латвію.
І, напэўна, кожны думае пра тое, што вернецца ў Беларусь. Праўда, не ў Беларусь часы рэпрэсій — як сталінскіх, што было ў часы Краскоўскага, так і сённяшніх, — але ў новую Беларусь, свабодную і вольную.
А каб не страціць карані, варта не забывацца на сваю мову, гісторыю і культуру. Мажліва, таму гісторыкі прыхапілі з сабою стваральніка адной з найбуйнейшых беларускіх інтэрнэт-бібліятэк kamunikat.org Яраслава Іванюка.
Цікава, што гэтая бібліятэка стваралася ад пачатку на грунце матэрыялаў пра тое самае Беларускае гістарычнае таварыства. Потым яна разраслася да сапраўднай бібліятэкі. І цяпер гэта — асобны буйны праект, нават звязаны з выдавецкай дзейнасцю.
Як распавёў Яраслаў Іванюк, бібліятэка займаецца не толькі зборам кніг на сваёй пляцоўцы, але і збірае перыёдыку (у тым ліку эмігранцкую), аблічбоўвае кнігі, больш за тое — цяпер у праекта ёсць відэараздзел, дзе можна паглядзець, як паэты і пісьменнікі-сучаснікі чытаюць свае творы. Гэты праект, па словах Іванюка, ўзнік якраз з пандэміі кавіду, калі аўтары не маглі сустракацца з чытачамі ўжывую, і ім было прапанавана проста самім зняць відэа, прачытаўшы што-небудзь.
Цяпер у праекце ёсць аўдыёкнігі, і, урэшце, можна спампаваць каля 1500 кніг, якія маюцца ў каталозе, у нармальным «кніжным» фармаце — fb2, epub, mobi. Збольшага ж тое, што ўтрымлівае бібліятэка, «знаходзіцца» ў ёй у pdf.
Бібліятэка «Камунікат» даволі далёка сышла ад таго аматарскага збору матэрыялаў Беларускага гістарычнага таварыства. У выніку быў створаны фонд kamunikat.org, які выдаў на паперы новы раман Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном». З прэзентацыяй Уладзімір Някляеў аб’ездзіў ці не ўсю Польшчу і правёў дзве імпрэзы ў Вільні. У выніку наклад разышоўся проста за два тыдні, — на захадзе такое б назвалі «бестсэллерам».
Але сучасныя тэхналогіі друкавання даюць магчымасць хутка дадрукоўваць дадатковыя тыражы, і таму «Гэй Бэн Гіном» можна будзе набыць у Варшаве, а адтуль кніга разыходзіцца па ўсім свеце.
Чытайце яшчэ: «У нас усё будзе!» Уладзімір Някляеў пра новы раман, 2020 год і планы на будучыню
Канешне, свет змяніўся, і змяніўся ён вельмі моцна. Адлегласці вельмі сціснуліся — цяпер Вільня і Варшава не падаюцца такімі далёкімі ад Тбілісі і Батумі, як напачатку ХХ стагоддзя. І ў той жа час гэтае «сцісканне» свету не прывяло да стварэння «грамадзянаў міру», як гэта марылася ў Савецкім Саюзе. У нас усё роўна існуюць cвае адметнасці, свае культурныя коды, свае героі — дзе б яны не былі і куды б іх не заносіў лёс. І гэта ўзбагачае сусветную культуру, дае ёй новыя подыхі і новыя стымулы. Таму ўсё ж заставацца беларусам, дзе б ты не быў — гэта дасягненне як для саміх беларусаў, так і да «прымаючага боку».
І безумоўна, добра, што беларусы Польшчы не забываюцца на беларусаў Грузіі, і наадварот, і разам яны не забываюцца на беларусаў Беларусі.
Аліна Бялова, budzma.by