Архітэктурнай перлінай Крычава, якая штогод прываблівае турыстаў, з’яўляецца палац Пацёмкіна-Галынскіх. Палац — помнік архітэктуры XVIII стагоддзя, у якім сёння размяшчаецца Крычаўскі гістарычны музей. Ён быў рэканструяваны і адкрыты ў 2008 годзе, і з гэтага часу туды пераехаў музей з фондасховішчам.
Палац Пацёмкіна-Галынскіх — адметная славутасць горада, нават пэўны яго брэнд. На шыльдзе, якая змешчана на сённяшнім палацы-музеі і пазначае назву аб’екта, напісана «ПАЛАЦ ПАЦЁМКІНА». У рэчаіснасці ж архітэктурны помнік мусіць называцца палац Пацёмкіна-Галынскіх. У абгрунтаванне менавіта такога наймення распавядзем гісторыю палаца і прывядзем некалькі фактаў, якія тлумачаць неабходнасць змены назвы.
Цяперашні выгляд палаца Пацёмкіна-Галынскіх з птушынага палёту. Фота: planetabelarus.by
Кароткая гісторыя палаца
Палац быў пабудаваны выдатным рускім архітэктарам І. Старовым у архітэктурным стылі класіцызм і належаў князю Рыгору Пацёмкіну ў перыяд 1778-1787 гг. Гэтая пабудова з садова-паркавым комплексам сталася рэзідэнцыяй расійскага князя на далучаных землях пасля падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе. Праз няпоўны дзясятак год валодання архітэктурна-паркавым ансамблем Пацёмкін прадае свае крычаўскія ўладанні Яну Галынскаму.
Палац Пацёмкіна-Галынскіх на здымках мастацтвазнаўцы Аляксея Вінэра, 1939 год. Фота: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі
Роду Галынскіх палац са стайнямі, паркам і садам належаў да 1917 года, г. зн. знаходзіўся ў іх уладанні ажно паўтара стагоддзя. Больш за тое, сённяшні палац захаваўся ў пераробленым выглядзе. У 1840-х гг. Стэфан Галынскі абнавіў сваю рэзідэнцыю. Помнік архітэктуры хоць і захаваў шмат рысаў класіцызму, аднак зазнаў уплыў псеўдагатычнага стылю, які быў модным у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Змены знешняга выгляду палаца здзяйсняў архітэктар швейцарскага паходжання Бернар Сімон.
Тыльная частка палаца Пацёмкіна-Галынскіх на здымках мастацтвазнаўцы Аляксея Вінэра, 1939 год. Фота: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі
Спрэчная роля Пацёмкіна ў гісторыі Крычава
Варта заўважыць, што сам граф Рыгор Пацёмкін у гісторыі горада адыграў спрэчную ролю. Менавіта ён адразу пасля падаравання яму крычаўскіх зямель Кацярынай ІІ у 1776 годзе адмяніў магдэбурскае права горада — права на самакіраванне. Гараджане ажно 18 гадоў вялі судовыя разбіральніцтвы з Пацёмкіным, але так нічога і не дабіліся. Такім чынам, Крычаў страціў статус горада, а гараджане ледзь не ператварыліся ў прыгонных сялян.
Фаварыт імператрыцы Кацярыны ІІ Пацёмкін для засялення ўлюбёнай ім Херсоншчыны вывез з Крычаўскага староства каля 2000 душ. Усяго ж насельніцтва Крычаўскага памесця налічвала 14 тысяч душ мужчынскага полу.
Карціна М. Іванова «Від Крычава ў XVIII стагоддзі». Фота: belhistory.com
Разам з тым нельга не адзначыць і станоўчыя фактары, якія паспрыялі эканамічнаму развіццю горада (шырэй Крычаўскага староства). Менавіта пры Пацёмкіне Крычаўшчына стала адной з асноўных базаў па забеспячэнні Чарнаморскага флоту. Крычаўская суднаверф была ўведзена ў эксплуатацыю ў 1785 годзе і стала адным з буйных цэнтраў суднабудавання ва ўсёй Расійскай імперыі. Караблі (яхты, галеры, байдакі і інш.) з Крычаўскай суднаверфі сплаўляліся па Сажы і Дняпры да Чорнага мора. Акрамя таго, пры Пацёмкіне ў горадзе былі пабудаваныя канатная, парусная і люстраная мануфактуры. Гэтаксама пачаў дзейнічаць буйны вінакурны (каньячны) завод, з’явіўся цэлы комплекс аранжарэй. У Крычаве працавалі два гарбарныя, два шклярныя, медналіцейны заводы, цагельня, здабывалася і перапрацоўвалася балотная і жалезная руда.
Крычаўская верф, чарцёж 1785. Фота: wikipedia.org
Чаму правільна называць палац Пацёмкіна-Галынскіх
Прыведзеныя факты паказваюць, што род Галынскіх варты таго, каб адрэстаўраваны і дзейны палац насіў прозвішча шляхецкага роду нароўні з прозвішчам заснавальніка архітэктурнай славутасці Пацёмкіна.
Асобы роду Галынскіх найбольш шчыльна звязаныя з гісторыяй горада, бо Крычаў быў для іх малой радзімай, ды і набытая сядзіба сталася радавым памесцем. Чаго не скажаш пра князя Пацёмкіна, у якога рэзідэнцый па ўсёй Расійскай імперыі было шмат, а Крычаў асабліва нічога не значыў для яго. Тым не менш палац — гэта спадчына горада, якая захавалася як ад расійскага князя Рыгора Пацёмкіна, так і ад мясцовага шляхецкага роду Галынскіх. І менавіта такая асаблівасць архітэктурнага помніка праяўляецца ў эклектычным стылі палаца, а менавіта спалучэнні класіцызму і неаготыкі.
Галоўны фасад, які яскрава адлюстроўвае стыль класіцызм. Фота: radzima.org
Тарцы бакавых крылаў палаца вырашаны ў строгіх класіцыстычных формах, завершаны трохвугольнымі франтонамі. Вокны аздоблены сандрыкамі: лучковымі на першым паверсе і трохвугольнымі на другім паверсе. З асноўнага аб’ёму будынка ў бок двара выступае акруглы эркер, і наогул палац пабудаваны ў выглядзе манаграмы з літар «П» і «Е».
Маляваны план размяшчэння пакояў палаца ў Крычаўскім гістарычным музеі. Фота: welcome-belarus.ru
Фасадная частка будынка моцна змянілася менавіта пры Галынскіх і мае рысы псеўдаготыкі: цэнтр вылучаны рэзалітам, раскрапаваным гранёнымі пілонамі, кутнія пілоны завершаны зубцамі і нагадваюць вежы, вокны стрэльчатай формы, што надае палацу строгасць і манументальнасць.
Стрэльчатыя вокны фасада будынка як сведчанне неагатычных архітэктурных формаў. Крыніца: radzima.org
Вяселлі ў стылі Пацёмкіна і Кацярыны ІІ
На цяперашні момант разам з гістарычным музеем у палацы месціцца таксама крычаўскі ЗАГС. У супрацы з музеем ён перыядычна праводзяць вяселлі ў стылі Кацярыны ІІ і яе фаварыта Пацёмкіна. Сёння ўжо не выклікае здзіўлення, што ў палацы праводзяцца мерапрыемствы з удзелам актораў, якія граюць ролю Кацярыны ІІ і Пацёмкіна, што не толькі не актуалізуе беларускую гісторыю, а прапагандуе гістарычныя персанажы іншай краіны. Больш за тое, яны ўвашлі ў нашую мінуўшчыну як, мякка скажам, неадназначныя гістарычныя дзеячы.
Рэпрэзентацыя супрацоўнікамі музея на «Вераснёўскім фэсце» у Жылічах, у цэнтры яго дырэктар — Уладзімір Мішчанка. Фота: інстаграм-старонка крычаўскага музея
Можна з сумам канстатаваць, што часта ініцыятывы ў сферы гістарычнай памяці ў горадзе вылучаюцца адыёзнасцю і недарэчнымі прапановамі. Прыкладам можа стаць ініцыятыва мясцовага гістарычнага музея па стварэнні пакояў Кацярыны II, якая актыўна абмяркоўвалася напрыканцы 2010-х гадоў. Ідэя, мякка кажучы, дзіўная. Сапраўды, расійская імператрыца аднойчы была ў горадзе, бо нават адна са старых дарог, насыпы ад якой бачны да сённяшняга часу, называецца Кацярынінскім шляхам. Але ці варта адзін візіт манарха іншай дзяржавы да свайго палюбоўніка графа Пацёмкіна музеефікаваць?
Мясцовыя акторы ў выглядзе Кацярыны ІІ і Пацёмкіна ў экспазіцыйнай залі «Сталовая» гістарычнага музея ў Крычаве. Крыніца: potyomkin.by
У 2021 годзе ў крычаўскім музеі быў нават прэзентаваны турыстычны праект «Дорогами Потемкина: по памятным местам князя-созидателя». Гэты праект — сумесная работа супрацоўнікаў крычаўскага музея і асацыяцыі «Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў» са Смаленска.
Знішчаныя ўнікальныя стайні XVIII стагоддзя
Балючае пытанне што да захаванасці палацавага комплекса, гэта зруйнаваныя стайні — унікальная гаспадарчая пабудова канца XVIII стагоддзя. Падчас рэстаўрацыі палаца стайні практычна знішчылі, пакінуўшы толькі падмуркі. Нават пасля знішчэння існаваў праект па іх адбудове і размяшчэнні там коней.
Для наведвальнікаў музейнага комплексу і асабліва замежных турыстаў стайні былі б «разынкай» культурнай установы, што прыцягнула б немалую колькасць падарожнікаў, адпаведна і фінансавых інвестыцый. Аднак праект так і застаўся на паперы, добрая і крэатыўная ідэя не была рэалізаваная.
Засталіся толькі падмуркі ад стайняў, і тыя не ўваходзяць у музейны комплекс. Фота аўтара
Падмуркі ад былых стайняў канца XVIII стагоддзя (як і даціроўка палаца), якія непасрэдным чынам адносіліся да палацава-паркавага комплексу, цяпер знаходзяцца за жалезным плотам музейнай тэрыторыі ў разбураным і занядбаным стане. А гэта значыць, што пра іх забыліся, яны проста не існуюць для музейных работнікаў, а тым больш для аддзела культуры Крычаўскага райвыканкама.
Унікальны і перспектыўны архітэктурны аб’ект не проста быў знішчаны, але і выкраслены з памяці людзей.
Банер, што можна пабачыць у Крычаве, выглядае як здзек пасля знішчэння стайняў. Крыніца: postalovsky-a.livejournal.com
Пра стайні ў Крычаве зараз нагадвае толькі банер з выявай дваранскай карэты з рамізнікам на фоне палаца Пацёмкіна-Галынскіх. Выглядае такі банер як сапраўдны здзек са знішчанай унікальнай гаспадарчай пабудовы.
Хведар Прылёпаўскі, Budzma.org