За вакном снежань, надвор’е не самае камфортнае, каб бавіць час на прыродзе, але ж гэта не нагода спыняцца вандраваць ды наведваць новыя месцы. Гэтым разам у нашай традыцыйнай вандроўцы прапануем завітаць у адноўлены палацава-паркавы ансамбль Валовічаў XVIII–XIX стагоддзяў, які сёлета адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. Сёння на тэрыторыі комплексу «Вялікі Свяцк Валовічаў» прапануюць паслугі гасцініца, якая месціцца ў адноўленых флігелях палаца, рэстарацыя «Свяцкі бровар», ёсць экскурсіі, SPA, карпаратывы і іншае.
Палац Валовічаў у Свяцку 1933–2023. Фота: sviatskipalac.by
Палац Валовічаў у Свяцку
Гісторыя
Невялічкая вёска Свяцк месціцца ў Гродзенскім раёне Гродзенскай вобласці. Сёлета побач з ёй пасля працяглай рэстаўрацыі адчыніў свае дзверы для вандроўнікаў палацава-паркавы ансамбль роду Валовічаў. Архітэктурны комплекс узводзіўся ў два этапы: у 1779 годзе паводле праекта знакамітага італійскага архітэктара Джузэпэ Сака быў пабудаваны сам палац і аформлены інтэр’еры будынка, а ў ХІХ стагоддзі была дапоўнена агульная кампазіцыя бакавымі флігелямі, галерэямі-каланадамі ды капліцай. Ініцыяваў узвядзенне палаца тагачасны Гродзенскі маршалак Юзаф Валовіч, а працягнуў пасля смерці бацькі ў 1779 годзе ягоны сын Антоній.
Палац Валовічаў у Свяцку. Фота: sviatskipalac.by
Гербавая легенда роду Валовічаў
Калі скарыстаецеся паслугай мясцовага экскурсавода, то абавязкова пачуеце гісторыю пра гераічны ўчынак, з якога пачалася славутая гісторыя герба роду Валовічаў. Паводле падання, паходзіць герб ад Грынькі Валовіча, бацькам якога быў паўлегендарны Вол. Валовіч служыў канюшым Польскага караля і Вялікага князя Літоўскага Казіміра Ягелончыка і падчас бітвы пад Хойніцамі ў 1454 годзе ўратаваў Казіміру жыццё. Грынька Валовіч аддаў князю свайго каня, а сам застаўся адбівацца ад ворага з дапамогай лука ды стрэлаў. Так на гербе Валовічаў з’явілася страла з двума наканечнікамі.
Герб Валовічаў
Джузэпэ Сака напрыканцы XVIII стагоддзя быў вядомым архітэктарам: паводле ягонага праекта быў збудаваны сапраўдны гонар тагачаснага Гродна раён «Гарадніца», мясцовыя рэзідэнцыі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Панямуні ды Станіславова і іншыя архітэктурныя перліны.
Помнік архітэктару Джузэпэ Сака ў Гродне. Фота: wikimedia.org
Палац у Свяцку не стаўся выключэннем, у ягоным абліччы былі ўвасоблены рысы барока і ранняга класіцызму. А для ўнутранага аздаблення былі запрошаныя мастакі Антоні Смуглевіч ды італіец Тамбары. На жаль, фрэскаў іх аўтарства, што адсылалі да эпохі Ранняга Рамантызму, да сёння не захавалася. Пра тое, што палац у Свяцку быў адным з улюбёных праектаў Джузэпэ Сака, можна меркаваць па тым, што ён сачыў за лёсам архітэктурнага комплексу да самай сваёй смерці ў 1798 годзе. Захаваўся малюнак спраектаванай архітэктарам уезнай брамы палаца, зроблены незадоўга да спачыну.
Малюнак Джузэпэ Сака
Палац моцна пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны, ён быў разрабаваны, а інтэр’еры моцна панішчаныя. Але ў міжваенны час, калі тэрыторыя захаду Беларусі знаходзілася ў складзе Польшчы, пачалося аднаўленне палаца. У 1929 годзе ў нядбайных апошніх гаспадароў Гумніцкіх палацава-паркавы ансамбль выкупіла Міністэрства аховы здароўя Польшчы з мэтай стварэння тут наркалагічнага санаторыя. З 1930 па 1933 год адбывалася рэстаўрацыя палаца пад кіраўніцтвам Оскара Сасноўскага: адноўленыя інтэр’еры і частка фрэскаў, будынку вярнулі мансардны дах, зашклілі галерэі-каланады. Захавалася фотаздымкі таго перыяду, дзякуючы якім можам уявіць, як выглядаў будынак.
Інтэр’еры палаца, 1937 год. Фота: sviatskipalac.by
Інтэр’еры палаца, 1937 год. Фота: sviatskipalac.by
У 1933 годзе ў палацы запрацавала мужчынская лякарня-санаторый «Свяцк» для наркаманаў, алкаголезалежных і нервова хворых. На той час гэта была адзіная падобная ўстанова ва ўсёй Польшчы. Вядома, што ў лякарні аздараўляліся прадстаўнікі тагачаснай гродзенскай творчай інтэлігенцыі. Пакоі для хворых былі разлічаны на адну або тры асобы. Лекавалі пацыентаў самымі прагрэсіўнымі на той час сродкамі: псіхааналіз, гідратэрапія, сонечныя ванны, практыкавалася нават тэрапія працай.
Інтэр’еры палаца, 1937 год. Фота: sviatskipalac.by
Палац Валовічаў у Свяцку. Фота: sviatskipalac.by
Падчас Другой сусветнай вайны ў палацы месціўся шпіталь, а пасля — санаторый «Свяцк» для хворых на сухоты. У гэты перыяд адбыўся пажар, пасля якога былі страчаны амаль усе адноўленыя за польскім часам фрэскі. У 1985 годзе паводле адмысловага праекта быў адноўлены старадаўні парк. На пачатку 2000-х санаторый быў перавезены з палацава-паркавага ансамбля, тады комплекс 4 гады стаяў пусты і будынкі пачалі занепадаць.
Палац Валовічаў у Свяцку падчас рэканструкцыі. Фота: vedaj.by
Палацава-паркавы ансамбль «Вялікі Свяцк Валовічаў»
Ужо больш за дзесяць год палацава-паркавы ансамбль належыць ААТ «Санаторый «Азёрны»», за гэты час тут была праведзена маштабная рэканструкцыя. У 2011–2012 гг. была адноўлена водная сістэма з чатырох спалучаных каскадных вадаёмаў, быў расчышчаны парк. З 2017 года распачалося пераўладкаванне палаца пад шматфункцыянальны аздараўленчы комплекс, падчас чаго адбылася і частковая рэстаўрацыя будынкаў. Рэканструкцыя цэнтральнай часткі палаца працягваецца і зараз.
Палац Валовічаў у Свяцку. Фота: sviatskipalac.by
Гасцініца
Былі адноўленыя левы і правы флігелі, у будынках сёлета адчыніла свае дзверы для наведвальнікаў гасцініца «Свяцкі палац» на 22 нумары. Тут прапануюць 1–3 пакоі на 1–3-х чалавек. Кошты стартуюць ад 145 BYN за чалавека да 325 BYN за нумар люкс. Усю актуальную інфармацыю можна знайсці тут.
У гасцініцы. Фота: sviatskipalac.by
Рэстаран-піваварня «Свяцкі бровар»
З пятніцы па нядзелю апроч як пашпацыраваць па тэрыторыі комплексу можна яшчэ наведаць каларытны рэстаран-пiваварню «Свяцкі бровар». Тут разам з тым, каб смачна пад’есці і выпіць кавы, прапануюць прадэгуставаць 4 гатункі арыгінальнага крафтавага піва «Свяцкае», кожны з якога аздоблены гістарычнай назвай «Маэстра Джузэпэ», «Верны Вол», «Валовіцкае» і «Тэалінскае». Бровар працуе з 12:00 да 22:00. Падрабязнасці па нумары +375 29 833-70-84 ці на сайце.
Свяцкі бровар. Фота: sviatskipalac.by
Уваход
Уваход на тэрыторыю палацава-паркавага ансамбля «Вялікі Свяцк Валовічаў» платны: кошт уваходнага квітка для дарослых — 5 BYN, для дзяцей ад 7 да 14 гадоў — 2 BYN. Патрапіць на тэрыторыю з панядзелка па чацвер можна з 10:00 да 17:00 (або па папярэднім запыце па нумары +375 33 616-16-28 (тэлефанаваць у буднія дні з 09:00 да 17:00). Па гэтым жа нумары можна спраўдзіць наяўнасць вольных нумароў ды забраніраваць месца ў гасцініцы «Свяцкі палац».
Палац Валовічаў у Свяцку. Фота: sviatskipalac.by
Язэп Вараніцкі, budzma.org