Эпідэмічная сітуацыя парушыла турыстычныя планы, і многія беларусы сёлета шукаюць альтэрнатывы ў межах краіны. Таму «Будзьма» працягвае адмысловы гайд па палацах. Гэтым разам — пра палацы Гродзенскай вобласці.
Палац Святаполк-Чацвярцінскіх
Палац Святаполк-Чацвярцінскіх у Жалудку. Фота: belarus-travel.by
Жалудок. Надзвычай прыгожы палац быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя князем Людвігам Святаполк-Чацвярцінскім, род якога вёў сваё паходжанне яшчэ ад Рурыка. На сёння акрамя самога палаца ў добрым стане захаваліся кузня, флігель і некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Святаполк-Чацвярцінскія валодалі палацам да 1939 года, але ў 1941 годзе сам Людвіг загінуў у канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц. Палац прываблівае не толькі турыстаў, але і рэжысёраў. Так, Андрэй Кудзіненка зняў тут першы беларускі хорар — стужку «Масакра», вяліся здымкі «Кіндэрвілейскага прывіду», а таксама шэрагу кліпаў і іншых фільмаў.
Палац Валовічаў
Палац Валовічаў у Свяцку. Фота: drive2.ru
Свяцк. Не менш шыкоўна сёння выглядае і палац у Свяцку, будаўніцтва якога пачалося яшчэ ў XVIII стагоддзі. Аўтарам праекта стаў вядомы італьянскі архітэктар Джузэры Сака, які распрацаваў яго на замову гродзенскага маршалка Юрыя Валовіча. Цікава, што, згодна з легендай, Валовіч нібыта загадаў замураваць жыўцом у адну з калон палаца цяжарную дачку за тое, што тая закахалася ў конюха. У канцы XIX стагоддзя адзін з прадстаўнікоў роду прайграў палац у більярд. Пазней тут размяшчаліся наркалагічны санаторый Міністэрства аховы здароўя Польшчы і савецкі санаторый «Свяцк» для хворых на сухоты.
Палац Сегеняў
Палац Сегеняў. Фота: belvisit.com
Краскі. Сядзіба ў вёсцы Краскі адносіцца да XIX стагоддзя і спачатку належала Булгарыным, а пазней перайшла ва ўладанне да роду Сегеняў, якія валодалі ёй да 1939 года. Акрамя палаца захаваўся вельмі прыгожы флігель і гаспадарчыя пабудовы. У 2010 годзе палац выкупіў (за 100 тысяч даляраў) і пачаў рэстаўраваць расійскі бізнесовец.
Палац Умястоўскіх
Палац Умястоўскіх. Фота: planetabelarus.by
Жамыслаўль. Адметна, што палац Умястоўскіх будаваўся як копія варшаўскай каралеўскай рэзідэнцыі «Лазенкі». У канцы XIX стагоддзя Умястоўскія аддалі палац пад навуковую базу Віленскага ўніверсітэта. Пазней тут размяшчаліся санаторый для параненых жаўнераў кайзераўскага войска, праўленне саўгаса, клуб, бібліятэка і аддзяленне сувязі. Да нашых часоў разам з палацам захаваліся бровар, млын, склеп, свіран і стайня.
Палац Чачотаў і Бохвіцаў
Палац Чачотаў і Бохвіцаў. Фота: wikimedia.org
Падароск. Сядзіба ў Падароску адносіцца да XVIII стагоддзя. Першапачаткова ёй валодалі Чачоты, але ў XIX стагоддзі маёнтак набыў Раман Бохвіц — сын славутага асветніка, філосафа і пісьменніка Фларыяна Бохвіца. За савецкімі часамі ў будынку палаца размяшчалася кіраўніцтва саўгаса і навучальная ўстанова. У 2014 годзе сядзібны комплекс набыў бізнесовец Павел Падкарытаў.
Палац «Альбярцін» Пуслоўскіх
Палац «Альбярцін» Пуслоўскіх. Фота:mtblog.mtbank.by
Слонім. Рэзідэнцыя дэпутата Трыбунала ВКЛ, слонімскага маршалка Войцеха Пуслоўскага адносіцца да XIX стагоддзя. Згодна з легендай, Пуслоўскі назваў маёнтак у гонар свайго сына Альберта. Палац, у якім падчас Першай сусветнай жыў нямецкі камандуючы фронтам, наведвалі нават прынц Аўстрыі Караль і Вільгельм II.
Палац Радзівілаў
Палац Радзівілаў. Фота:fotobel.by
Дзятлава. Палац у Дзятлаве быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі Мікалаем Радзівілам — чашнікам, мечнікам вялікім літоўскім, ваяводам і генерал-лейтэнантам. Пазней належаў Солтанам, але за ўдзел Адама Солтана — апошняга ўладальніка палаца — у паўстанні 1863-га быў канфіскаваны, і пазней тут размяшчаліся шпіталь, кавалерыйская казарма, школа, сіроцкі прытулак і медыцынская ўстанова.
Палац Друцкіх-Любецкіх
Палац Друцкіх-Любецкіх. Фота: planetabelarus.by
Шчучын. Палац (таксама вядомы як палац Сцыпіёнаў) быў пабудаваны на замову князя Уладзіслава Друцкага-Любецкага, праект якога распрацаваў вядомы архітэктар Тадэвуш Раствароўскі. З розных прычын будаўніцтва ішло вельмі марудна, і некаторыя працы так і не былі завершаныя. Род Друцкіх-Любецкіх валодаў палацам да 1939 года.
Палац «Лябёдка» Іваноўскіх
Палац «Лябёдка» Іваноўскіх. Фота:autotravel.ru
Галавічполе. Сядзіба ў Галавічполі, уладальнікам якой быў Леанард Іваноўскі, захавалася ў добрым стане, але з’яўляецца і дастаткова «маладой» у параўнанні з іншымі палацамі гэтага гайда. Да 1939 года гаспадаром маёнтка заставаўся беларуска-польскі дзеяч Станіслаў Іваноўскі. У нашы дні ў сядзібе працяглы час функцыянаваў інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Кірыл Стаселька, budzma.by