Напярэдадні адказнага сольнага канцэрту, які прыпадае на яе 18-годдзе, Паліна Рэспубліка расказала ў вялікім інтэрв’ю пра сваё эстраднае мінулае ды ўзаемаадносіны з Ксюшай Сітнік, згадала як на яе паўплываў гурт N.R.M. ды выказала ўпэўненасць у тым, што беларускі дух не знікне ніколі.
— Паліна, ты толькі на год старэйшая за Ксюшу Сітнік. Прызнайся, радавалася яе перамозе на “Еўрабачанні” ў 2005 годзе?
— Ну так, тады ўсе ганарыліся яе перамогай. Я тады зусім не думала, што яна майго ўзросту. Проста дзяўчынка добра выглядала на сцэне, харызматычна.
— Я невыпадкова згадаў пра Сітнік. Яе апошні сольны альбом завецца “Рэспубліка Ксенія”. Хто ў каго пазычыў ідэю?
— Два гады таму пачула пра выхад гэтага альбома, і стала трохі сумна, бо момант складаны. Я дакладна не пазычала, хоць і Ксюшу папракаць не магу ні ў чым, можа, яна сама такую назву прыдумала. Я пачала падпісвацца УКантакце “Рэспублікай Палінай” даволі даўно, тры-чатыры гады таму. Быў там такі момант, што на сцяне нашай агульнай сяброўкі напісалі і я, і Ксенія. Пайшлі пасля гэтага нейкія плёткі, але я ім не давярала б. А творчы псеўданім я наогул хацела памяняць. Але, як мая маці кажа: здараецца, што імя выбірае. Таму не стала мяняць.
— Сама, дарэчы, не думала паўдзельнічаць у “Еўрабачанні”?
— На дзіцячым — дакладна не. Можа, на дарослым… Але я схлушу, калі скажу: вой, як бы хацелася паехаць на “Еўрабачанне”. Хоць было такое адчуванне, што паўдзельнічаю ў гэтым конкурсе, калі пісала песню “Як ты”. Пісала вельмі доўга і не ведала да канца, якой яна будзе. Але калі дапісала, то адразу зразумела, што на “Еўрабачанне” з ёй не паеду. У астатнім жа адкажу так: калі б была вартая песня – чаму б не паехаць.
— У цябе ў прынцыпе ёсць досвед удзелу ў конкурсах?
— Канечне. Спачатку я займалася ў студыі эстраднай песні “Рапсодыя”. Памятаю, што ўдзельнічала ў “Сузор’і надзей”, у Польшчу ездзілі, дзе ўзялі Гран-пры на фестывалі ў Новай Рудзе.
— Што было тады ў тваім рэпертуары?
— Сваіх песень не было. Цяпер ужо цяжка прыгадаць, якія менавіта. Хіба памятаю першую, з якой выйшла на сцэну – “Дудочка”, руская такая: “Заиграла дудочка, в пляс пустилась уточка, повела вприсядку курочку-хохлатку” (спявае і смяецца). Я наогул рана выйшла на сцэну, гадоў шэсць мне было. Але бацькі да спеваў маіх ставіліся даволі спакойна: спявае і спявае, нічога асаблівага.
— Але што здарылася пасля? Чаму ты кінула займацца эстраднымі спевамі?
— У 12-13 гадоў у мяне пачаліся праблемы са звязкамі. Настаўніца, якая займалася са мной у студыі, параіла не спяваць. Ізноў пачала, калі напісала першую песню. Было гэта ў 2009 годзе. Першую напісала пра Фёдара, майго брата. Адразу ж пасля былі “Розныя людзі” і “Гадзіннік”. Гэта было ў жніўні, а ў верасні я пачала займацца гітарай. Тады ў нашай школе выкладала кампазітар Алена Храброва, нас разам неяк злучылі. Тады я і ўзяла ўдзел у гарадскім бардаўскім конкурсе “Срэбраныя струны”. Першы раз я выконвала са сцэны свой уласны твор, гэта быў “Гадзіннік”. І мы трапілі з ім у другі тур. Перад ім напісалася яшчэ адна песня — “Вейкі”. “Вейкі” і “Гадзіннік” я выканала яшчэ і на “Бардаўскай восені”.
— А калі ты адчула прыгажосць беларускай мовы?
— У мяне нядаўна пыталі, чым я натхняюся. І я тады зразумела, што натхняюся якраз прыгожымі беларускімі словамі. Прыгажосць мовы я адчула на акустычным канцэрце N.R.M. у канцэртнай зале “Мінск”. Мне тады было 13-14, мы былі зусім падлеткі. Такой прыгожай мовы я дагэтуль не чула, і для мяне тады ўсё – оп – і змянілася. Безумоўна, на мяне паўплывала і мая бабуля, якая ведала шмат беларускіх песень.
— Калі да цябе прыйшло ўсведамленне таго, у якой краіне ты жывеш?
— Такое адчуванне прыходзіць увесь час. Па такіх маленькіх кавалачках. Мусіць, было нават не так, што я зацікавілася і асэнсавала, а потым пачала пісаць, а наадварот – гэта мяне песні ўцягнулі ў тое, што я пачала цікавіцца ўсім беларускім. Мне здаецца, існуе нейкі беларускі дух, нейкая свядомасць, якая аніяк не можа знікнуць. Такія містычныя рэчы… У мяне да Беларусі своеасаблівая любоў. Я не магу адказаць, што я люблю дакладна. Гэта нейкі вобраз, я яго адчуваю, і ён мяне натхняе. А вось словамі апісаць не магу.
— Ці хапае табе словаў, каб выказаць свае думкі ў песнях?
— Часам са слоўнікам сядзела. Знайшла слова “вейкі”, напрыклад, і адразу зразумела, што трэба напісаць. Тэма для мяне даволі слізкая, бо не вельмі люблю раказваць, як пішуцца песні. Гэта адбываецца, калі ў цябе такі тонкі душэўны стан, на мяжы шчасця і істэрыкі. Тады яно прыходзіць. А можа выпадкова прыйсці. Наогул жа я стаўлюся да песень як да дзяцей: ёсць перыяд, калі яна нараджаецца, а ёсць перыяд, калі ты не можаш яе спяваць камусьці, яна толькі твая, ты яе гадуеш і песціш. Пасля ўжо можаш яе вынесці і паказаць астатнім.
— Ці лічыш ты свае творы вершамі?
— Як вершы я іх ніколі не выконвала. Усё ж для мяне яны існуюць як спалучэнне музыкі і слова. Яно ўсё ж узаемазвязана.
— Можаш назваць тых творцаў, з якімі ты ў адным рэчышчы?
— Я была вельмі шчаслівая, калі адкрыла для сябе гурт “Дзецідзяцей”, бо голас Ганны Хітрык быў вельмі свой. Што да музыкі ды культуры ў прынцыпе, то мне здаецца, у мяне толькі цяпер фармуецца густ, і я толькі пачынаю разумець, што мне сапраўды падабаецца. Трэба ўсё ж браць у разлік, што мне 17.
— Для цябе самой будучае 18-годдзе шмат значыць?
— Разумею, што гэта пэўная мяжа, праз якую праходзяць людзі. У пэўнай ступені буду пачувацца вальнейшай. Напрыклад, змагу паехаць у іншую краіну самастойна, а не з кімсьці. У прынцыпе, шмат чаго змянілася літаральна за апошнія паўгода дзякуючы якраз песням. Стаўленне бацькоў змянілася, лад жыцця змяніўся. Бо раней я была досыць хатняй дзяўчынкай.
— Як на цябе паўплывала актыўная музычная дзейнасць?
— Раней у мяне было стаўленне да музыкі як да нечага інтымнага, роднага. Ёсць тое, чаму ты сапраўды радуешся, а ёсць такое, чаго ты хацеў, але калі атрымаў, то адчуў, што яно не патрэбна. Калі здараецца шмат канцэртаў, ты разумееш, што фізічна не зможаш атрымаць таго, што ты атрымліваў, калі выступаў раз на месяц. Па-іншаму пачынаеш ставіцца да справаў. Мне вось маці сказала, паслухаўшы запіс з канцэрту, што я гавару не зусім сваім голасам. Але я разумею, што калі быць вельмі-вельмі шчырай, то хто-небудзь плюне табе ў душу.
— Гэта значыць, ты на канцэртах не да канца шчырая?
— Шчырая, але іншая. Гэта пэўны вобраз. Мы ж, мусіць, усе такія: на працы адны, дома іншыя. Калі актор выходзіць на сцэну, ён таксама грае ролю і адрозніваецца ад сябе самога па-за сцэнай. Тое самае і з песнямі: я ж не магу сумную песню выконваць весела. Таму на выступах хочаш не хочаш, але мусіш быць у пэўным стане, у вобразе. Але ў песні я ўкладаю сябе. Калі б гэта было штучна, не мела б ніякага сэнсу іх выконваць.
— Ты вырашыла даць вялікі сольны канцэрт якраз у дзень свайго 18-годдзя. Ці значыць гэта, што ты прызнаеш, што музыка для цябе — справа сур’ёзная?
— Як толькі я пачала пісаць, у мяне была мара даць канцэрт у дзень народзінаў. Хаця б каб падвесці сваю творчасць да пэўнага этапу. Бо я разумею, што далей усё будзе трошкі па-іншаму. Трэба будзе рабіць усё больш прыгожа, сур’ёзна і якасна, даваць ужо не такія сумныя выступы.
— Альбом у 2012 годзе будзеш абяцаць?
— Так, дакладна. Думаю, можа, нават два. Адзін будзе больш лёгкі. А другі, як мне здаецца, запішам мы ўсё ж з Hasta la Fillsta, бо яны гэтага хочуць, можа, больш, чым я. Для мяне гэта патрэбны досвед. Мне падабаецца спрабаваць усё, бо я ў пошуку.
Сольны канцэрт Паліны Рэспублікі адбудзецца ў 19:00 8 красавіка (нядзеля) у мінскім клубе «Графіці» (зав. Калініна, 16). Кошт квітка — 50 000 руб. Набыць квіткі можна ў клубе загадзя з 12:00 да 23:00 штодня, акрамя суботы і нядзелі. Інфалінія: (029) 638-44-44, (033) 638-44-44, skype, google: Diskoteq
Даведка:
Паліна Рэспубліка (Паліна Паланейчык). Нарадзілася 8 красавіка 1994. Скончыла гімназію №15 у Мінску. У 2011 годзе паступіла на рэжысуру ў Акадэмію мастацтваў. Уласныя песні піша з 2009 года. Выступае сольна з гітарай, часам у суправаджэнні кантрабаса, рыхтуе асобную праграму з гуртом Hasta la Fillsta. Пераможца фестывалю “Бардаўская восень-2011”. Прызнаная адкрыццём 2011 года на інтэрнэт-партале Tuzin.FM.
Гутарыў Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч