За пару дзесяцігоддзяў жыцця ў незалежнай дзяржаве ў беларусаў з’явілася шмат новых культурных і грамадскіх рытуалаў. Самы непрыемны, але непазбежны з іх усіх – медыйны напамін цывілізаванаму свету аб нашым існаванні, які абавязкова суправаджаюць шматтысячныя палітычныя пратэсты.
Сцэнар іх добра знаёмы кожнаму з нас. Раз на пяць гадоў праходзяць чарговыя прэзідэнцкія ці парламенцкія выбары, у адназначныя вынікі якіх ніхто не можа паверыць і прыняць. Абураныя хлуснёй людзі выходзяць на вуліцы, каб выказаць нязгоду з абвешчанымі вынікамі – і іх жорстка разганяюць праўладныя сілавікі. Нічога новага за 26 гадоў – толькі традыцыйны гвалт па коле.
Паступова прызвычаіліся да нашага «рытуалу» і жыхары з іншых краін, успрымаючы ўсё, што адбываецца ў Беларусі, праз фільтр журналісцкага клішэ the last dictatorship in Europe. Сутнасць яго – дэманстрацыя рэпрэсій і забаронаў аўтарытарнга рэжыму, узначальваюць які нязменны Аляксандр Лукашэнка і яго паплечнікі. То бок яшчэ адна порцыя жахаў з усходняй узбочыны Еўропы, у якой часта ў фокус ўвагі трапляе абязлічаная краіна, яе гвалтаўнікі і найбольш актыўныя пратэстанты. Пра звычайных людзей, якія зрабіліся закладнікамі сітуацыі, ніхто нават не ўспамінае.
Гэты фармальны падыход не аднойчы спрабавалі абвяргаць беларускія рэжысёры. Апошняя ўдалая спроба распавесці іншаземным гледачам пра Беларусь с чалавечым абліччам гэтай вясной атрымалася ў аўтараў дакументальнага цыкла «Невядомая Беларусь», на творчых планах якіх паставіла крыж жудасная аўтакатастрофа ў траўні. Другая спроба адбылася ў кастрычніку дзякуючы аддзелу дакументальных праектаў брытанскага выдання The Guardian. Яны выпусцілі альманах з трох гісторый, знятых сумесна аўтарамі з тэлеканала «Б*лс*т»: Максімам Шведам, Кацярынай Маркавец і Андрэем Куцілам.
Нягледзячы на гарачую інфармацыйную і палітычную падаплёку, у аўтараў атрымаўся не палітычны рэпартаж, а кінематаграфічная рэфлексія – спроба зразумець, што гэтым разам здарылася з беларусамі летам і восенню.
Аповед пачынаецца з эпізоду Максіма, які ў форме эсэ ці персанальнага дзённіка распавядае гісторыю свайго затрымання. Рэжысёра арыштавалі падчас здымак іншага фільма «Маршрут перастроены», у першыя дні пратэсту, збілі і пафарбавалі валасы ў Кастрычніцкім РУУС і адвезлі адбываць пакаранне ў жодзінскі СІЗА. Пасля вызвалення аўтар дзівіцца змяненню горада, на вуліцы якога выйшла шмат гараджан з бел-чырвона-белымі сцягамі. Грамадства канчаткова змянілася, але да перамогі яшчэ вельмі далёка.
Другая гісторыя, знятая Кацярынай, засяроджваецца на працы валанцёра-псіхолага, які размаўляе з ахвярамі гвалту і іх сваякамі. Псіхалагічная дапамога ў пэўны момант ператвараецца ў шчырую размову пра тое, чаму людзі выйшлі на вуліцы і чаму гвалт з боку ўладаў проста немагчыма больш цярпець і моўчкі праглынуць. Душэўнага болю людзей не вытрымлівае і сам псіхолаг, якому пасля сеанса патрэбная эмацыйная падтрымка.
Замыкае стужку эпізод Андрэя, які зрабіў павольны партрэт мужнай жанчыны – журналісткі з дзяржаўных СМІ, якая жорстка пацярпела ад амапаўцаў падчас мітынгу. Сумленне для гераіні аказалася даражэйшым за працоўнае месца – і яна з цяжкай траўмай апынаецца спачатку ў шпіталі, а потым дома, разам з мужам, з якім яны п’юць гарбату і сходзяцца на тым, што ўсё будзе добра.
Зробленая аўтарамі сутнасная і эмацыйная мазаіка служыць своеасаблівым пунктам уваходу ў сённяшнюю беларускую рэчаіснасць, дазваляе зразумець матывы і ўнутраны стан людзей, якія выйшлі і працягваюць выходзіць на мірныя акцыі пратэсту, – перш за ўсё замежнікам. Беларускаму гледачу, больш заглыбленаму ў мясцовыя рэаліі, «Асабістыя гісторыі» могуць падацца вельмі павярхоўнымі і недасканалымі. Праблема тут у звышдэмакратычным хронаметражы стужкі – за дваццаць хвілін распавесці тры паўнавартасныя гісторыі амаль немагчыма. Гэта зрабілі па жаданні брытанскіх прадзюсараў, якія вельмі хваляваліся, што на юцьюбе ніхто не захоча паўгадзіны глядзець, як у 2020 годзе ў Еўропе пакутуюць людзі. Але есць шанец, што рэжысёры выпусцяць свае працы ва ўласным хронаметражы – і мы пабачым сапраўды глыбокія гісторыі.
Тарас Тарналіцкі, budzma.by