Палітычны хаўрус Міндоўг — Наваградак і пачатак Вялікага Княства Літоўскага

15.09.2023 Гісторыя

Якія перадумовы стварэння ВКЛ? Як утварыўся хаўрус Міндоўга з Наваградкам і што пра яго сведчыць? Ці ёсць дакладная дата стварэння ВКЛ, і з чым яна звязаная? Распавядаем у артыкуле.


Калі пад канец 30-х гадоў ХІІІ ст. абрынуўся ранейшы сусветны парадак (у маштабах Усходняй Еўропы), алігархі беларускіх гарадоў-дзяржаў Панямоння пачалі хвалявацца наконт уласнай бяспекі. Звесткі прыходзілі пагрозлівыя, прычым з розных бакоў. Найперш рэдкія ўцекачы з поўдня распавядалі пра незлічоныя палкі дзікіх вузкавокіх коннікаў, якія віхурай прамчалі па Украіне, пакінуўшы пасля сябе адно шэрагі забітых людзей і папялішчы разбураных гарадоў.

Manholy ŭ pachodzie
 Манголы ў паходзе

Неўзабаве ў 1241 г. мангола-татарскае войска лавай прайшло на Польшчу і Венгрыю, а ягоная флангавая заслона знішчыла па дарозе паўднёвыя гарады Беларусі. Летапіс занатаваў: каля Берасця галіцка-валынскія князі: «не возмогоста ити в поле, смрада ради множьства избъеных».

У той жа час з недалёкіх Прусаў з’яўляліся ўцекачы з тамтэйшых плямёнаў, якія распавядалі пра грозных ваяроў з чорным крыжам на плашчах, з ног да галавы ў кальчужнай брані, якія прымушалі маліцца іхняму богу Хрысту, а нязгодных вынішчалі ў корань агнём і мечам цэлымі вёскамі.

Kryžackaja zavajova Prusii i Livonii
Крыжацкая заваёва Прусіі і Лівоніі

Дагэтуль жыццё ў Панямонні здавалася спакойным, наколькі магло быць спакойным у тыя неспакойныя часы. Ужо некалькі стагоддзяў як жылі побач, разам і ўперамешку прышлыя славяне і мясцовыя балты: дрыгавічы, валыняне, крывічы, мазаўшане і яцвягі ды літоўцы/аўкштайты. Жылі мірна і ў супрацы. Яцвягі і літоўцы былі аднымі з апошніх язычнікаў Еўропы. Іхнія землі ляжалі найдалей ад галоўных цэнтраў хрысціянства — Рыма і Канстанцінопаля. Яны яшчэ не ведалі пісьмовасці, не мелі гарадоў і мураванай архітэктуры.

Славянскія каланісты заклалі гарады, якія багацелі на абслузе разлеглай вясковай ваколіцы і міжнародным гандлі. Археалагічныя даследаванні паказалі, што рамеснікі тых гарадоў працавалі як на славянскі, так і на балцкі рынак, а на гарадскіх могілках побач ляжаць людзі, пахаваныя як па славянскім, так і па балцкім абрадзе. Сапраўдны этнічны сімбіёз.

Літоўцы і яцвягі якраз увайшлі ў новую стадыю грамадскага развіцця — ваенную дэмакратыю, калі жыццёва важныя для племя рашэнні прымаюць свабодныя асабіста мужчыны, якія большасць жыцця праводзяць у войнах, дакладней, рабаўнічых нападах на чужыя землі. Ужо вылучыліся сярод іх найбольш здольныя і ўдалыя ваенныя правадыры, якія змаглі не толькі выжыць, але і ўзбагаціцца на такім небяспечным занятку і за якімі гатовыя былі пайсці сотні, а то і тысячы ваяроў. Здабычу яны рэалізоўвалі на рынках мясцовых гарадоў.

Сярод тых правадыроў ужо з маладых гадоў пачаў вылучацца кунігас на імя Міндоўг. Некаторыя дэталі ягонай кар’еры ваяра і палітыка сталі вядомымі дзякуючы летапісу з Галіцка-Валынскага княства. Яго аўтар шмат увагі ўдзяляў Панямонню, бо мясцовыя княствы знаходзіліся ў палітычнай залежнасці ад гэтай украінскай дзяржавы, наймацнейшай тады ва ўсёй усходнеславянскай прасторы.

Galitska-Valynskaie kniastva
 Галіцка-Валынскае княства



Але надзея на абарону галіцка-валынскіх князёў была слабая — занадта яны далёка, ды і сваіх праблемаў у іх хапала, з тымі ж манголамі. Наваградскія багацеі прыйшлі да пераканання, што трэба бараніцца самім, а дзеля гэтага найперш неабходна моцнае войска з добрым князем-ваяводам на чале. На гэтую ролю яны абралі Міндоўга, які ўжо давёў сваю спраўнасць не толькі ў далёкіх ваенных паходах, але і ў мясцовых палітычных інтрыгах. Заключылі дамову. Пра яе дэталі летапісец нічога не напісаў, ды і наўрад ці ён іх ведаў, бо пра такія справы на плошчах не крычаць. Затое аўтар летапісу зафіксаваў дзеянні новага хаўрусу і выкліканыя імі наступствы, часам для яго самога нечаканыя.

Міндоўг у 1248 г. раптоўна захапіў уладанні сваіх сваякоў-пляменнікаў у Літоўскай зямлі (летапіснай Літве, што на поўдні межавала з Менскім і Наваградскім княствамі). Тыя кінуліся са скаргай да сюзерэна — галіцка-валынскага князя Данілы Раманавіча. Следам прыбыло пасольства ад Міндоўга, маўляў, не вер гэтым ізгоям, мы ж з табой даўнія партнёры-саюзнікі.

Litva ŭ čas stvarennia VKL
Літва ў час стварэння ВКЛ



Аднак Даніла з братам-суправіцелем Васількам Раманавічам рэальна ацанілі небяспеку страты Панямоння і вырашылі задушыць сепаратызм у самым яго зародку. Не марудзячы скалацілі сур’ёзную ваенную кааліцыю, якая ўдарыла па ворагу з розных кірункаў: Лівонскі ордэн і жамойты з поўначы, галіцка-валынскія дружыны з дапаможным палавецкім атрадам атакавалі з поўдня.

Пры апісанні гэтага нападу летапісец аднатаваў адну важную, можна сказаць, ключавую дэталь усяго працэсу ўзнікнення Вялікага Княства Літоўскага, менавіта засведчыў існаванне саюзу Наваградка з Міндоўгам. Бо войскі варожай кааліцыі выступілі паходам супраць Міндоўга, але на... Наваградак!

І другая важная дэталь: жыхары панямонскіх гарадоў — усходнія славяне і праваслаўныя хрысціяне сустрэлі братоў па крыві і веры валынянаў з галічанамі не радаснымі поклічамі, а стрэламі і дзідамі; не адчынілі перад імі брамы, а цвёрда стаялі пры сваім князі язычніку Міндоўгу — балцкім кунігасе па паходжанні. Палітычны інтарэс вышэй за радство — так заўсёды было і ёсць у чалавечай гісторыі.

Paczatak VKL
Пачатак ВКЛ


З тых ускосных сведчанняў летапісца (не намераных, таму аб’ектыўных) вынікае лагічная выснова: захоп Міндоўгам уладанняў сваякоў у Літоўскай зямлі — першая акцыя палітычнага хаўрусу Міндоўг — Наваградак, а дата яе правядзення — 1248 г. — пачатак Вялікага Княства Літоўскага.

Канстанцін Семяновіч, budzma.org

Глядзіце яшчэ:

Хто і як стварыў ВКЛ? Распавядаем у відэапраекце «Гісторыя за 5 хвілін»