Жанчына адышла ў іншы сьвет пасьля працяглай і цяжкай хваробы. Пра сьмерць Тацяны Навасельскай паведамілі яе сябры ў сацыяльных сетках, піша Радыё Свабода.
Тацяна Навасельская была ўнучкай беларускага паэта Сяргея Знаёмага, якога ў 1930-я гады напаткаў тыповы лёс беларускага інтэлігента тых гадоў — рэпрэсіі. Яго арыштавалі, і ён загінуў у ГУЛАГу.
Унучка доўга зьбірала інфармацыю пра свайго дзеда, наведвала архівы, перачытала шмат успамінаў, зьвязаных зь дзеячамі таго пакаленьня, пераглядала дакумэнты тае эпохі.
А таксама Тацяна Навасельская брала чынны ўдзел у доглядзе за Вайсковымі могілкамі ў Менску. Пры гэтым яна ня ведала, дзе магіла дзеда, а толькі спадзявалася, што нехта будзе глядзець яе так, як яна даглядае чыесьці пахаваньні. На могілках яна аднаўляла многія помнікі і агароджы, перадухіляючы зьнішчэньне магілаў камунальнымі службамі, якое аднойчы актыўна пачалося ў рамках «мадэрнізацыі» Вайсковых могілак.
У прыватнасьці, яна дапамагала ў доглядзе магілы Зубкоўскіх, дзеда й бабкі славутага беларускага дасьледніка Вітаўта Кіпеля.
Дасьледніца за свае грошы паставіла помнік на магіле акторкі і сьпявачкі Алесі Александровіч, якой Міхась Чарот прысьвяціў сваю драму «На Купальле» зь легендарнай песьняй «Купалінка», і яе мужа Міхася Мароза, першага паўнамоцнага прадстаўніка БССР пры ўрадзе РСФСР. У архівах Навасельская вычытала, што Александровіч хацела на надмагільлі надпіс са згадкай мужа, які загінуў у час рэпрэсій і месца ягонага пахаваньня не было вядомым. І тады Тацяна зрабіла такі надпіс на помніку.
Акрамя таго, Тацяна Навасельская дапамагала беспрытульным жывёлам.