Спадчына Наседкіна: кіраўнік НКУС, адказны за расстрэлы ў Курапатах

27.01.2025 Гісторыя
Аляксей Наседкін датычны да масавых забойстваў беларусаў. Народжаны ў Маскве, ён быў прызначаны кіраваць НКУС камуністычнай Беларусі ў 1938 годзе. У гадавіну, калі ягоныя калегі расстралялі самога Наседкіна, узгадаем гэтага ката.

nasiadkin-00.jpg
 НКУС на працы. Фота: Cont.ws

«Стварыць такі рэжым для арыштаваных, які б прымушаў іх прызнавацца ў здзейсненых імі злачынствах», — гэта радок з афіцыйнага загаду Наседкіна, які санкцыянаваў катаванні.

Праца ў Наседкіна была незайздросная, што ні кажы. Да яго прызначэння ў траўні 1938 года ў беларускі НКУС, што сёння мае назву КДБ, на гэтай пасадзе паспелі адзначыцца 13 чалавек. З гэтага чортавага тузіна 12 былі расстраляныя сваімі ж камрадамі, і толькі пра аднаго звестак проста не захавалася.

Калі ў наш час КДБ кіруе генерал-лейтэнант Церцель, у 1938 годзе можна было трапіць на вяршыню і з больш сціплым званнем. Аляксей Наседкін за два дні да прызначэння быў капітанам, а маёрам дзяржбяспекі застаўся да канца свайго жыцця.

Якая адукацыя дазволіла трапіць на пасаду?

02-nasedkin-2.jpg
Аляксей Наседкін. Фота: архіўная асабістая справа, openlist.wiki  

Наседкін не вылучаецца акадэмічнай адукацыяй. Вядома, што яго выключылі за нясплату з Маскоўскай камерцыйнай вучэльні ў 1913 годзе, у 1919 годзе ён быў слухачом «Тамбоўскіх курсаў чырвоных камандзіраў». Камерсантам стаць не далі, а вось вынішчаць камерсантаў навучыўся спраўна.

Пасля гэтага ў 1923-1924 гадах лічыўся навучэнцам у Маскоўскім інстытуце народнай гаспадаркі і электратэхнікуме.

Дакладная запіска маёра Наседкіна сакратару ЦК КП(б)Б П. Панамарэнку ў чэрвені 1938 года:

«Кадры настаўнікаў сярэдняй, няпоўнай сярэдняй і пачатковай школы моцна засмечаныя варожымі асобамі, якія не выклікаюць даверу. Матэрыяламі праверкі ўстаноўлена, што ў якасці настаўнікаў у Мінску і ў цэлым шэрагу гарадоў і раёнаў працуе вялікая колькасць членаў сем’яў рэпрэсаваных асобаў органамі НКУС, эмігрантаў, сябраў антысавецкіх палітпартый, былых афіцэраў і інш.

З 1057 настаўнікаў, якія працуюць у школах Мінска, на 266 чалавек мы маем кампраметуючыя матэрыялы як на людзей антысавецкіх і выхадцаў з сацыяльна чужога асяроддзя. Мінскі педагагічны інстытут, які з’яўляецца асноўным пастаўшчыком настаўніцкіх кадраў для Мінска, у якім навучаецца 1076 студэнтаў, таксама моцна засмечаны. З 83 выкладчыкаў гэтага інстытута на 49 чалавек мы маем кампраметуючыя матэрыялы».

Вярхоўны Савет І склікання

03-nkus.jpg
Знак ганаровага супрацоўніка НКУС, які атрымаў Аляксей Наседкін у 1932 годзе. Фота: nkvd.memo.ru

12 снежня 1937 года Аляксей Наседкін быў абраны ў склад «парламента» краіны чырвонага тэрору — Вярхоўны Савет. Гэта быў самы першы склад, таму людзей, якія былі абраныя на «канкурэнтных» выбарах, правяралі на «чысціню і вернасць».

Наседкін быў абраны ад Смаленскай вобласці РСФСР, дзе ў тыя месяцы ўзначальваў абласны аддзел НКУС. Сярод тых, каго «дэлегавала» Усходняя Беларусь — Сяргей Прытыцкі, Клімент Варашылаў, Панцеляймон Панамарэнка. Кампанія як на падбор.

Курапаты

Паводле беларускага археолага Міколы Крывальцэвіча, які напрыканцы 1980-х удзельнічаў у раскопках у Курапатах, самы інтэнсіўны перыяд расстрэлаў прыпадаў на 1937-1938 гады.

«Вазілі фактычна і днём, і ноччу. Вакол быў пабудаваны высокі трохметровы плот, які ўвесь час ахоўвалі супрацоўнікі НКУС. Ахвяр прывозілі ў „варанках“ з трыма адсекамі: для кіроўцы і пасажыра, варты і прысуджаных. Прывозілі па 15-20 чалавек, хаця норма на машыну была ўсяго 5 чалавек. Ахвяраў прывозілі з завязанымі рукамі. Выводзілі з машыны, ставілі на край яміны, якая была выкапаная напярэдадні, і стралялі ў патыліцу».

Аляксей Наседкін узгадваў пра свайго папярэдніка на чале НКУС Беларусі — Барыса Бермана: «Па суботах Берман ладзіў вытворчыя нарады. Выклікалі на сцэну па падрыхтаваным спісе шэсць чалавек з ліку следчых — тры найлепшыя і тры найгоршыя. Берман пачынаў так: „Вось адзін з найлепшых нашых работнікаў, Іваноў Іван Мікалаевіч. За тыдзень таварыш Іваноў скончыў сто справаў, з іх сорак — на вышэйшую меру, а шэсцьдзесят — на агульны тэрмін тысячу гадоў. Віншую, таварыш Іваноў. Дзякуй! Сталін пра вас ведае і памятае“».

Няма сумневу, што сам таварыш Наседкін стараўся яшчэ лепш.

04-nkus.jpg
Дакумент аб прызначэнні Наседкіна на пасаду ў 1937 годзе. Фота: архіўныя дакументы з сайта openlist.wiki

Аляксей Наседкін пісаў Берыі: «Па пытанні расследавання фактаў парушэння рэвалюцыйнай законнасці з боку апарата НКУС БССР тав. Панамарэнка першапачаткова заняў пазіцыю адхілення ўсіх працаўнікоў, якія прымалі ўдзел у збіцці арыштаваных... Я яму патлумачыў, што калі пайсці па гэтым шляху, то трэба 80 адсоткаў усяго апарата НКУС БССР зняць з працы і аддаць пад суд».

«Праца» ў Беларусі

Былы супрацоўнік НКУС Беларусі Завадскі падчас следчых дзеянняў 19 красавіка 1939 года сказаў:

«Наседкін заахвочваў пагалоўнае збіццё арыштаваных. Асабіста праходзячы па кабінетах, дзе дапытваліся арыштаваныя, і не разбіраючыся ў сутнасці справы, збіваў іх. Для найхутчэйшага „выкрыцця“ арыштаваных была ўсталяваная электрычная машынка, пры дапамозе якой вымагаліся прызнанні».

8 чэрвеня 1938 года Наседкін паведамляе ў Маскву аб «выяўленні» «клерыкальна-шпіёнскай групы» ў Беларусі сярод святароў і вернікаў розных канфесій: усяго па «справе» было арыштавана 2387 чалавек, усе яны былі «аформленыя» як нямецкія, польскія і японскія «шпіёны».

25 чэрвеня 1938 года Наседкін падаў у ЦК КП(б)Б на імя Панамарэнкі запіску «Аб фактах засмечанасці асабовага складу і шкодніцтва ў Беларускай Акадэміі навук»: у адпаведнасці з ёй было арыштавана каля 40 навуковых супрацоўнікаў.

Сярод «актыўных контррэвалюцыянераў» Наседкін назваў Якуба Коласа, але санкцыі на яго арышт не атрымаў. Затое атрымаў яе на арышт дырэктара Інстытута біялогіі Дарожкіна, Інстытута хіміі Казлова і іншых акадэмікаў.

05-nkus.jpg
Адно са злачынстаў Наседкіна, задакументаванае на паперы. Фота: архіўныя дакументы з сайта openlist.wiki

Затым Наседкін «узяўся» за Саюз пісьменнікаў Беларусі. Пасля быў арыштаваны другі сакратар ЦК КП(б)Б Лявіцкі: тут Наседкін выканаў замову Першага сакратара ЦК КП(б)Б Панамарэнкі, якому Лявіцкі быў чымсьці непажаданы.

Наседкін хутка прымусіў Лявіцкага «прызнацца», што ён — «нацыянал-фашыст», чалец «банды Шаранговіча», у дадатак — былы шляхціч. Па «справе» Лявіцкага былі таксама арыштаваныя трэці сакратар ЦК Патапейка, пісьменнік Александровіч і шэраг іншых.

Бясслаўны канец

18 снежня 1938 года арыштоўваюць наркама НКУС БССР Аляксея Наседкіна па артыкуле 58.1б («Здрада і ўзброены мяцеж»).

Беларуская ініцыятыва «Праваабаронцы супраць катаванняў» апісала непасрэдныя акалічнасці, якія прывялі за зрынання злачынцы Наседкіна: «28 лістапада 1938 года ў Мінск прыйшла тэлеграма за подпісам Берыі і Вышынскага, якая прадпісала прыпыніць пакаранні смерцю арыштаваных да правядзення пракурорскай праверкі.

На 28 лістапада 1938 года яшчэ не пакараных налічвалася 2800. Прычым, па словах аднаго з падручных Наседкіна, Стаяноўскага, 1200 з іх трэба было пакараць смерцю таму, што яны падвяргаліся катаванням, і магла быць агалоска.

Па загадзе Наседкіна іх сталі забіваць, афармляючы акты аб пакаранні больш раннімі датамі — да атрымання тэлеграмы. Тых, каго ўсё ж пакідалі ў жывых, прымушалі даваць падпіску аб невыдаванні фактаў выкарыстання да іх катаванняў.

У 1939 годзе да допытах Наседкін заявіў: «Прызнаю, што сапраўды мною праводзілася варожая праца ў органах НКУС, якая выяўлялася ў незаконных метадах вядзення следства, фальсіфікацыі, незаконных арыштах невінаватых людзей і іх расстрэлах...»

25 студзеня 1940 года Наседкін быў прысуджаны да вышэйшай меры пакарання і на наступны дзень расстраляны.

Дакладную колькасць ахвяраў тэрору Аляксея Наседкіна цяжка падлічыць, але лічбы сягаюць далёка за 100 тысячаў чалавек.

Павал Хадзінскі, budzma. org