Сёння мы запрашаем прагуляцца па «напалеонаўскіх» Мінску і Міншчыне. Як і мінулым разам, наш шпацыр прысвецім не апісанню батальных падзей ці характарыстыкам армій праціўнікаў. Запрашаем паглядзець на постаці тых, хто імкнуўся вырашыць лёс краю, паспрабуем перагледзець некаторыя міфы пра 1812 год, «паслухаем» іншаземцаў, якія пабачылі Мінск на ўласныя вочы. А таксама даведаемся шэраг цікавостак: колькі французскіх генералаў спынялася ў Мінску, што тут рабіў пісьменнік Стэндаль, хто стаўся прататыпам брыгадзіра Жэрара з навелаў Конан Дойля і дзе шукаць Французскую Слепню.
Чытайце па тэме: Паміж Арламі, але з Пагоняй: Мінск і Міншчына ў падзеях 1812 года.Частка 1
Хто ўсе гэтыя людзі? Мінскі дэпартамент ВКЛ
«Руская кампанія» Напалеона дала былым падданым ВКЛ некалькі месяцаў спадзеву, што французская армія адкіне, разаб’е расійскую армію, і ў краіне ўсталюцца «напалеонаўскі мір» (пратэктарат) у межах уласнай дзяржавы... Настроі ў Мінску былі такія, што горад без адзінага стрэла сустрэў французскія войскі.
Давайце зараз прыгледзімся да постацей і біяграфій людзей, звязаных з часовай адміністрацыяй краю, і іх спадзевамі на французскага імператара-«збаўцу».
Калаж па матывах урачыстасцей 1812 г. у гонар Напалеона, апісаных у «Часовай мінскай газеце». У калажы выкарыстаны малюнак В. Сташчанюка і матэрыялы са старонак Нацыянальнага гістарычнага архіва ў сеціве
Згодна з дэкрэтам імператара Напалеона І ад 1 ліпеня 1812 г. аб кіраванні падкантрольнымі тэрыторыямі, быў створаны Мінскі дэпартамент на чале са сваёй адміністрацыяй, падкантрольнай французскай ваеннай адміністрацыі. Урад Мінскага дэпартамента наладзіў выпуск першай мясцовай газеты — «Tymczasowa gazeta Mińska» («Часовая мінская газета») — на сёння найважнейшай крыніцы інфармацыі аб тагачасных падзеях і людзях.
У атачэнні Банапарта часта з’яўляліся асобы, якія выйшлі ў людзі падобна свайму імператару, з неарыстакратычных саслоўяў. Такім быў генерал Жазэф Барбанэгр, ураджэнец невялічкай горнай правінцыі Беарн у Пірэнеях. Баронскі тытул ён атрымаў уласнаруч ад Напалеона за заслугі
Брыгадны генерал Жазэф Барбанэгр быў прызначаны часовым губернатарам, а 4 (16) ліпеня прыбыў пастаянны губернатар — генерал французскай арміі Мікалай Бранікоўскі-Опельн, паляк па паходжанні.
Мікалай Багдан Гаэтан Бранікоўскі-Опельн
У прызначэнні Бранікоўскага, які ў свой час ваяваў пад сцягамі Тадэвуша Касцюшкі, мінская шляхта ўбачыла асаблівы знак — сведчанне сур’ёзнага намеру Банапарта дапамагчы ім здабыць страчаную радзіму.
Па дэкрэце князя Экмюльскага (так звычайна называе французскага маршала Луі-Нікаля Даву «Часовая мінская газета») ад 13 ліпеня (25 ліпеня) 1812 г. утворана Камісія Часовага ўрада Мінскай правінцыі (дэпартамента) для кіравання справамі ў Мінскай губерні.
Луі-Нікаля Даву́ — палкаводзец Напалеонаўскіх войнаў. Меў мянушку Жалезны Маршал, бо не прайграў ніводнай бітвы
«Часовая мінская газета» прыблізна так апісвае ўваход французскай арміі ў Мінск:
Раніцай 26 чэрвеня дэлегацыя мінчан выехала за горад для сустрэчы французскіх войск. Праз дзве вярсты адбылася сустрэча. А яшчэ праз гадзіну на гарадской мяжы каля Ракаўскай заставы французскі картэж з хлебам і соллю сустрэлі начальнік ІІ-га дэпартамента губернскага суда Ян Ходзька, мінскі падкаморый князь Міхаіл Пузына і пан Серакоўскі. Яны заявілі, што ў асобе маршала Даву гараджане вітаюць Напалеона. Французскі палкаводзец добразычліва ўспрыняў прамову і ў сваю чаргу падкрэсліў, што непераможнае войска Напалеона прыйшло не пакараць, а вызваляць жыхароў былога ВКЛ, прыйшло вярнуць ім Айчыну. Пры ўездзе Даву ў горад «народ тоўпіўся вакол яго, a магістрат і цэхі віталі яго, падсцілаючы свае штандары; калі князь са сваім штабам прыбыў на плошчу Высокі рынак, грамадзяне заступілі яму дарогу, абсыпаўшы яе кветкамі».
Склад Камісіі Часовага ўрада Мінскай правінцыі на той момант быў такі. Старшынёй камісіі стаў князь Міхал Крыштаф-Дамінік Пузына. Пасаду сакратара камісіі заняў Раман Іваноўскі.
У Першы (харчовы) аддзел камісіі ўвайшлі Ігнат Манюшка (старшыня аддзела), Антоні Ваньковіч і Міхал Зяновіч (як генеральны камісар пры маршале князе Экмюльскім).
Ігнат (Ігнацы) Манюшка — старэйшы сын суддзі Станіслава Манюшкі і Евы з Вайніловічаў
Антоні Тадэвушавіч Ваньковіч
Міхал Зяновіч гербу ўласнага «Дэшпат», выводзіў радавод ад сербскіх дэспатаў-гаспадароў (хаця насамрэч род паходзіў з Полаччыны). У 1814 г., пасля атрымання «прощения» ад імператара Аляксандра, унёс грашовае ахвяраванне на ўсталяванне помніку цару ў гонар перамогі над Напалеонам
У Другі аддзел (паліцыі) увайшлі Людвік Каменскі (Камінскі) (старшыня), Вінцэнт Валадковіч і граф Ксаверы Ліпскі.
На прыёме ў губернатара Мінскай правінцыі Мікалая Бранікоўскага Людвік Каменскі прамовіў тост: «Няхай падуць ворагі вялікага імператара Напалеона!». На калажы ўверсе злева — памятная дошка роду Каменскіх герба «Роля» ў Даўгінаве, справа — Дом віцэ-губернатара ў Мінску (вул. Рэвалюцыйная, 3)
У Трэці аддзел (фінансавы) увайшлі Ян Ходзька (старшыня), Атанас (Атаназы) Прушынскі і граф Караль Чапскі.
Ян Ходзька-Барэйка — пісьменнік, драматург, грамадскі дзеяч. Дзядзька пісьменніка Ігната Ходзькі
Дом Ходзькі ў Мінску стаў асяродкам культуры, дзе арганізоўваліся канцэрты і тэатральныя пастаноўкі. Сам Ян Юзэфавіч захапіўся праблемамі асветы ў краі — выказаўся за пашырэнне адукацыі ў народзе; ідэю народнай школы і асветы развіў у аповесці «Пан Ян са Свіслачы» (1821); пакінуў цікавыя мемуары і нататкі па гісторыі Міншчыны. У 1812 г. напісаў на злобу дня камедыю: «Вызваленая Літва, або Пераход праз Нёман» («Litwa oswobodzona, czyli przejście Niemna. Komedia oryginalna wierszem w 1 akcie, do szczęśliwego odrodzenia się ojczyzny naszej zastosowana»). Уладзіслаў Сыракомля параўноўваў літаратурны дар Ходзькі з талентам Лафантэна. Да верша «Як хто мяне пакахае» кампазітарам Станіславам Манюшкам напісана музыка.
Адначасова маршал Даву прызначыў з ліку гараджан 24 камісары, адказных за забеспячэнне яго корпуса правіянтам і фуражом. 14 ліпеня камісія апублікавала адозву, у якой заклікала гараджан дапамагаць імператарскім войскам. У занятых французамі паветах (Мінскім, Барысаўскім, Ігуменскім і Вілейскім) пачалі дзейнічаць аналагічныя камісіі па 5 чалавек у кожнай. Паштовую службу мінскага дэпартамента ўзначаліў Ігнат Алёша (Олеша).
8 жніўня (27 ліпеня) 1812 г. Камісія Часовага ўрада Мінскай правінцыі была распушчана французскай уладай (інтэндантам Мінскай правінцыі), аднак усе яе члены былі пакліканы на пасяджэнне ў складзе аддзелаў Адміністрацыі Мінскага дэпартамента ў наступным складзе.
Гаспадарчы аддзел: Юзаф (Іосіф) Валадковіч — чалец Адміністрацыйнай Рады, старшыня аддзела; Ігнат Манюшка (віцэ-старшыня; крыху пазней прызначаны падпрэфектам, і яго змяніў Мельхіёр Валадкевіч); чальцы — Антоні Ваньковіч (крыху пазней заменены графам Янам Серакоўскім) і Вікенцій Гешэвіч.
Юзаф Міхайлавіч Валадковіч — дзяржаўны дзеяч, Кавалер Ордэна Святога Станіслава
У Аддзел паліцыі ўвайшлі: граф Адам Гінтэр, чалец Адміністрацыйнай Рады, старшыня аддзела; Людвіг Каменскі (віцэ-старшыня); чальцы — Вікенцій Валадкевіч і граф Ксаверы Ліпскі.
Адам Гінтэр — дзяржаўны дзеяч, калекцыянер і мецэнат. Найбольшую вядомасць роду Гінтэраў-Гюнтэраў прынес не сам Адам, а ягоная дачка Габрыэля Альбіна (у шлюбе — Пузына) — польскамоўная паэтэса, пісьменніца і мемуарыстка (успаміны «Мая памяць», даведзеныя да 1867 г. і багата ілюстраваныя — каштоўная крыніца па гісторыі краю)
Фінансавы аддзел: Ксаверы Абуховіч, чалец Адміністрацыйнай Рады, старшыня аддзела; Ян Ходзька (віцэ-старшыня); чальцы: Станіслаў Ельскі і Антоній(?) Прушынскі.
Складальнікі біяграфій дзеячаў Літоўскай правінцыі запэўніваюць, што Ксаверы Абуховіч — гэта той самы шэф 20-га ўланскага палка, створанага на загад Напалеона. З лістапада 1812 г. па студзень 1813 г., калі полк адышоў у Варшаву, ягоная колькасць зменшылася з 400 чал. да 155 чал. На малюнку паказана рэканструкцыя строю ўланаў па малюнках і апісаннях напалеонаўскіх афіцэраў
Па загадзе князя Экмюльскага кантралёрамі Мінскага дэпартамента прызначаны: Іосіф Сялява, Стэфан Свіда і Антоній Ратынскі.
Для выбараў прадстаўнікоў на Сойм Генеральнай Канфедэрацыі ў Варшаве Адміністрацыя Мінскага дэпартамента пастанавіла з 11 жніўня адаслаць з гарадоў Слуцк, Нясвіж, Барысаў, Бабруйск, Вілейка, Дзісна і Ігумен па два дэлегаты. Аднак досыць хутка падзеі на фронце перакулілі ўсе надзеі Часовага ўрада...
Расійская кавалерыя ўваходзіць у Мінск. Малюнак Віталя Дударэнкі (Крыніца: dudka.artstation.com)
Нягледзячы на тое, што 4 лістапада армія адмірала Чычагава заняла горад, Напалеон працягваў разглядаць Мінск як аснову ўсёй аперацыйнай лініі супрацьдзеяння рускім, прычым з 13 і да 20 лістапада да горада накіроўваліся буйныя партыі войскаў. Толькі 22 лістапада Напалеон пакінуў задуму вярнуць Мінск — пра зімовыя кватэры ў Мінскай губерні ўжо не было чаго і думаць.
Ужо пад датай 20 лістапада рускі афіцэр Лажэчнікаў у сваіх «Паходных запісках...» занатаваў: «Первый город от самой Калуги, в котором можно засыпать розами наслаждения протечённый путь, усеянный ужасами смерти и беспокойствами жизненными! Здесь имеешь уже способы понежить взоры и вкус, здесь наконец эпикурействуют наши северные герои после нескольких месяцев, проведённых в самых жестоких испытаниях стоической школы».
Мінскія пяхотнікі і жандары
Застаецца распавесці пра стан вайсковых і жандармскіх фармаванняў на мінскай тэрыторыі, падкантрольнай французам і ўраду ВКЛ. Фактычна ўласнай літвінскай арміі не склалася, а тыя вайсковыя адзінкі, што ўдалося сабраць (чатыры ўланскія палкі, пяць пяхотных палкоў і полк віленскіх конных стралкоў) у хуткім часе далучыліся да арміі Герцагства Варшаўскага, атрымаўшы нават агульную з польскімі часткамі нумарацыю.
Стан фінасавання вайсковых літвінскіх адзінак, а таксама хуткасць набору ў іх пакідаюць сумнае ўражанне. Да гэтага дадаваліся і праблемы з пашывам мундзіраў, узбраеннем, правіянтам і інш. Мы нават не ведаем дакладна, як павінны былі выглядаць афіцэры і жаўнеры Мінскага палка. Больш-менш вядома, што на форму нашываліся нумарныя гузікі, а на кукардзе мацавалася побач з арлом Пагоня. Колер жа мундзіраў мог капіяваць строй польскіх легіёнаў падчас іх удзелу ў іншых напалеонаўскіх кампаніях
Падобны лёс напаткаў і 22-гі пяхотны полк Стральцоў Літоўскіх Мінскіх з шэфам палка (і фундатарам) Станіславам Чапскім. Першы бой полк прыняў пад Новым Свержанем 13 лістапада, дзе адразу пацярпеў паразу. Да 25 снежня 1813 г., калі полк склаў зброю пад Варшавай, мінскія пяхотнікі ў асноўным утрымлівалі шляхі для адступлення французскіх частак.
Хаця сам князь Дамінік Радзівіл не браў удзелу ў падзеях на Міншчыне, але як аб самым буйным землеўласніку на абшарах Мінскай губерні (у межах толькі цяперашняга Мінска яму належалі маёнткі і вёскі на землях сённяшніх Першамайскага, Савецкага і Партызанскага раёнаў) варта сказаць некалькі слоў. Падчас ваенных дзеянняў 1812 г. Дамінік Радзівіл зрабіў вельмі сімвалічны для літвінаў учынак: на чале свайго 8-га палка ўланаў першым урачыста ўвайшоў у Вільню — гэта выглядала так, што прадстаўнік аднаго з найстаражытнейшых літоўскіх родаў вызваліў старажытную сталіцу ВКЛ.
Радзівіл Дамінік Геранім (1786–1813) — спадчыннік буйных уладанняў нясвіжскай лініі Радзівілаў (120 тыс. душ), ператварыў Нясвіж у «маленькую Варшаву». У 1804 г. прысягнуў расійскаму імператару. З 1805 па 1811 гг. меў вялікія праблемы па даўгах перад расійскай адміністрацыяй. З 1809 г. на вайсковай службе ў Герцагстве Варшаўскім, у 1811 г. сфармаваў сваім коштам 8-мы ўланскі полк. Як шчыры прыхільнік Напалеона ўдзельнічаў у «рускай кампаніі» 1812 г., пасля адступлення Банапарта да самай смерці прымаў баі на французскім баку. За адмову ад царскай амністыі ў 1813 г. маёнткі былі секвестраваны
Апошняя вайсковая асоба, пра якую варта было б узгадаць, шчыльна звязаная з падзеямі ў Мінску і на Міншчыне, але найперш — з арганізацыяй мінскай жандармерыі як паліцэйскай структуры па ахове правапарадку. У адпаведнасці з загадам Напалеона ад 1 ліпеня 1812 г. аб утварэнні Корпуса Літоўскай жандармерыі, у Мінскім дэпартаменце павінен быў утварыцца эскадрон пад камандай палкоўніка, якому падпарадкоўваліся павятовыя роты на чале з капітанамі і інтэндантамі. На жандармерыю ўскладаліся функцыі паліцыі па вайсковай дапамозе публічнай уладзе, затрыманні валацугаў, марадзёраў і дэзерціраў з любога войска.
Леан (Леў) Францавіч Оштарп — дзяржаўны і ваенны дзеяч шведскага паходжання. З 1 ліпеня 1812 г. узначаліў Корпус жандараў Мінскай правінцыі. Пры адступленні Вялікай Арміі арганізоўваў пераправы праз Бярэзіну. Атрымаў прабачэнне ад расійскага імператара, аднак ужо ў 1818 г. выступіў з прамовай на ўрачыстым ушанаванні Касцюшкі ў Мінскім кафедральным касцёле
Ілюстрацыяй непрыязных адносінаў расійскай адміністрацыі да амніставаных «палякаў» можа служыць іранічная гісторыя пра смерць палкоўніка Оштарпа. Вяртаючыся з Мінска з малодшай дачкой Леакадзіяй у адкрытым экіпажы, ён праязджаў мост цераз Свіслач каля вёскі Пяскі. Калі заехалі на мост, палкоўнік, задаволены сабою, сказаў: «Цяпер тут няма Расіі!», і ў тую ж хвіліну коні, спудзіўшыся немаведама чаго, кінуліся разам з брычкай у ваду. Месца было неглыбокае, усе засталіся жывыя, акрамя Оштарпа...
«Мінская ідылія», або «Усенародная партызанка»?
Пакуль у Мінску ладзіліся балі і салюты для французскага генералітэта, даваліся канцэрты са спектаклямі і збіраліся ахвяраванні для напалеонаўскай арміі, на перыферыі мацнела незадаволенасць дзейснай уладай. Зразумела, аснову незадаволеных складалі сяляне. Па гарадах, у тым ліку і ў Мінску, як адзначаюць аўтары мемуараў, «самымі злымі» на новую ўладу былі габрэі: гандаль паміж юдзеямі і французамі быў забаронены. Уладальнікі сядзібаў і маёнткаў у далечыні ад адміністрацыйных цэнтраў таксама моцна цярпелі ад свавольстваў вайскоўцаў. Было і так, што прадстаўнікі павятовых уладаў адмаўляліся ад сваіх функцый, не маючы рэсурсаў выконваць загады вышэйшай адміністрацыі — такія прыклады вядомы ў Барысаве, Докшыцах.
Рукапіс аднаактнай камедыі Яна Ходзькі «Літва вызваленая, або Пераход праз Нёман», якая ставілася ўва ўсіх мінскіх тэатрах і салонах у 1812 г.
Сялянская незадаволенасць абмяжоўвалася, насамрэч, зрывамі рэкруцкіх набораў, лакальнымі бунтамі супраць свавольства сваіх паноў і забойствамі асобных жаўнераў-марадзёраў.
Тая з’ява, якую ў расійска-савецкую гістарыяграфію ўсунулі пад назвамі «партызаншчына», «партызанскі рух», ніякага дачынення да цывільнага насельніцтва не мае: на той час «партызанамі» называліся асобныя атрады рэгулярнай арміі, якія дзейнічалі ў тылу ворага.
Французскія прозвішчы ў Мінску
Першым французскім палкаводцам, які ўступіў у Мінск, быў брыгадны генерал Пьер-Луі-Эмэ Шастэль, камандзір 3-й дывізіі лёгкай кавалерыі III-га корпуса генерала Грушы. 28 чэрвеня (10 ліпеня) у Мінскім кафедральным касцёле было адслужана падзячнае набажэнства за вызваленне Літвы. На ім прысутнічаў увесь генералітэт кавалерыйскага корпуса са сваімі штабнымі афіцэрамі, у поўнай параднай форме, з маршалам Даву на чале.
Эмануэль Грушы. «Апасля абедні генерал Грушы, пад руку з польскай дамай, збіраў міласціну для бедных» — будзённа занатаваў жыццё французскага вышэйшага камандавання ў Мінску прускі афіцэр фон Брандт у сваіх запісках
Так, дзякуючы вайне, у адзін момант Мінск стаў знакамітым горадам, але не толькі для французскага генералітэта. Безумоўна, успамін ад горада (дый усёй кампаніі на Літве-Беларусі) не мог не адбіцца на творчасці не толькі падданых Францыі, але і прастаўнікоў іншых еўрапейскіх краін.
Напрыклад, з цеплынёй і прыязнасцю пакінуў аб Мінску зацемку ў сваіх мемуарах вюртэмберскі обэр-лейтэнант Генрых фон Фослер («Unter Napoleons Adler im Krieg. Tagebuch (1812–1814) und Erinnerungen (1828–1829) des württembergischen Oberleutnants Heinrich von Vossler»). Працытуем яе і мы: «Горад Мінск — губернскі горад з вялікім насельніцтвам і ўвогуле добра забудаваны. Кафедральны сабор — шэдэўр архітэктуры. Месцаразмяшчэнне [Мінска] не пазбаўлена прыемнасці. Жыхары ў асноўным складаюцца з палякаў, колькасць старарускіх нязначная. Вельмі шмат габрэяў, тут я іх сустрэў асабліва ўзлаванымі на французаў і іх саюзнікаў».
«Мастацтва рухаюць страсці» — так у свой час напісаў знакаміты французскі раманіст Стэндаль. І ён меў рацыю, бо перажыўшы напалеонаўскую кампанію, ад Нёмана да Бярэзіны, малады і малазнаёмы афіцэр Бэйль атрымаў унікальны жыццёвы досвед, моцны эмацыйна-псіхалагічны ўдар, які проста неабходна было перакласці на фармат чарніл і паперы.
Сціплыя радкі пра Мінск вайсковага інтэнданта напалеонаўскай арміі ў горадзе Ворша Мары-Анры Бэйля (будучы пісьменнік, адзін з заснавальнікаў французскага рэалістычнага раману, Стэндаль, 1783–1842). Ва ўрыўку з лістападаўскага ліста 1812 г. да сваякоў і сяброў малады Бэйль (яшчэ не Стэндаль) піша пра добры настрой і жаданне паехаць у Мінск закупіцца, але ўжо ў снежаньскім лісце, па дарозе з Мінска на Вільню, ад аптымізму будучага класіка нічога не застанецца...
Калі ў 1891 г. у Парыжы ўпершыню выйшлі ў свет тры тамы «Мемуараў генерала барона дэ Марбо», яны зрабілі вельмі моцнае ўражанне на тагачасную публіку, прычым не толькі ў Францыі. Так, імі быў скораны англійскі пісьменнік Артур Конан Дойл, які прачытаў мемуары Марбо ў 1892 г. Яны натхнілі знакамітага аўтара твораў пра Шэрлака Холмса на стварэнне двух цыклаў апавяданняў «Подзвігі брыгадзіра Жэрара» і «Прыгоды брыгадзіра Жэрара». Конан Дойл не толькі ўключыў у гэтыя апавяданні некаторыя сюжэты, відавочна навеяныя ўспамінамі Марбо, але і зрабіў іх аўтара асноўным прататыпам галоўнага героя, гусарскага афіцэра Эцьена Жэрара.
Французскі генерал Марселен Марбо (1785–1854, партрэт злева) — адзін з папулярызатараў «напалеонаўскай легенды» і таленавіты пісьменнік, выдаў бліскучыя мемуары — настолькі захапляльныя, што натхніўшыся імі, знакаміты пісьменнік Артур Конан Дойл стварыў свайго знакамітага персанажа «брыгадзіра Эцьена Жэрара», удзельніка «рускай кампаніі 1812», адправіўшы яго ў адной з навелаў у заснежаны Мінск (How The Brigadier Rode To Minsk), дзе пад носам рускіх жаўнераў яму неабходна было здабыць правіянт!
Апошнім высокім французскім госцем, які завітаў у Мінск, быў маршал Віктор, корпус якога таксама з прыемнасцю віталі мінчукі, усхваляваныя навінамі аб поспехах напалеонаўскіх войскаў пад Мажайскам.
Маршал Клод-Віктор Перэн зрабіў бліскучую ваенную кар’еру падобна Напалеону, ад нізоў, пачаўшы яе як сын натарыуса, з простага барабаншчыка ў Грэнадзёрскім палку
Аднак наперадзе былі восень і зіма, і руская кампанія «збаўцы палякаў» абярнулася крахам... На жаль, бліскучая «напалеонаўская эпоха» для былога ВКЛ агулам і для Мінска — у прыватнасці, сціснулася да некалькіх месяцаў...
Фінал Часовага ўрада ВКЛ
Праз месяц пасля Вільні французскі імператар уступіў у Віцебск, дзе тэатральна адшпіліўшы шпагу абвесціў, што кампанія 1812 г. завершаная, але ўжо праз некалькі дзён прыняў фатальнае рашэнне ісці на Маскву. Адступленне былой Вялікай арміі з Масквы ўвосень 1812 г. хутка ператварылася ва ўцёкі. У кастрычніку-лістападзе расійскія войскі авалодалі Полацкам, Віцебскам, Мінскам, Магілёвам, Барысавам.
Адзін з малюнкаў Чэслава Манюшкі да ўласнай паэмы «Рок 1812»
Рашучым контрударам Банапарту ўдалося выбіць генерала Чычагава з Барысава і каля вёскі Студзёнка пераправіць свае войскі цераз Бярэзіну, страціўшы каля 20 тыс. загінулымі і 50 тыс. палоннымі. Адтуль французы бязладна адступалі на Вільню. Пад Смаргонню імператар, пераапрануўшыся ў строй польскага ўлана, пакінуў сваю армію; яе рэшткі ў снежні перайшлі Нёман.
Адзін з малюнкаў Чэслава Манюшкі да ўласнай паэмы «Рок 1812»
Яшчэ да маскоўскай авантуры настроі ў грамадстве літоўскіх дэпартаментаў мяняліся не на карысць Напалеона, што істотна ўплывала на яго далейшае прасоўванне па тэрыторыі. Патрыёты Вялікага Княства перажывалі расчараванне: з Часовага ўрада выйшаў нават заўзяты банапартыст Аляксандр Сапега, які фактычна меў ролю асабістага даручэнца «валадара Еўропы».
Сяляне тым часам баранілі свае надзелы, ствараючы атрады самаабароны («партызанамі» ў тыя часы зваліся асобныя часткі рэгулярнай рміі, якія патаемна дзейнічалі ў тыле ворага). Напрыклад, напярэдадні Барадзінскай бітвы 10 тысяч жаўнераў Вялікай арміі прыйшлі на дапамогу 12-тысячнаму віцебскаму гарнізону, які партызаны фактычна трымалі ў аблозе.
Барадзінская бітва не прынесла перамогі ніводнаму з бакоў, а захоп Масквы меў хутчэй аперацыйнае, чым стратэгічнае значэнне — ужо ў кастрычніку армія Напалеона пачала адступаць.
Станіслаў Перасвет-Солтан. Паколькі ён удзельнічаў у Мінскім з’ездзе 1811 г., мэтай якога было аднавіць ВКЛ пад рукой расійскай імператара, яго імя не аказалася ў спісе шасці арыстакратаў літоўска-беларускіх губерняў, якім напярэдадні вайны з Расіяй было даручана Напалеонам «арганізаваць Літву». Тым не менш заслугі Солтана прывялі да таго, што ён стаў прэзідэнтам Камісіі Часовага ўрада ВКЛ, а таксама старшынёй камітэта харчавання і складоў той Камісіі
Часовы ўрад Вялікага Княства Літоўскага, які даўжэй за ўсіх ачольваў Станіслаў Солтан, яшчэ блізу года працаваў у Варшаве, Кракаве і Дрэздэне, марна спадзеючыся, што Напалеон распачне новую кампанію ў Расеі.
Вынікі вайны. «Французскія» ваколіцы Мінска
Па даных аб колькасці жыхароў у Мінску за 1811 г. (11 200 чал.) і 1813 г. (3480 чал.), часта робіцца выснова, што насельніцтва Мінска «ў час вайны» скарацілася ў 3 разы, пры гэтым наўмысна апускаецца факт, што па выніках зімы 1812–1813 гг., калі ўжо не было баявых дзеянняў, па Мінску і Міншчыне пракацілася эпідэмія, выкліканая колькасцю непрыбраных чалавечых і конскіх трупаў у ваколіцах. Што ёсць сапраўдным фактам — гэта заняпад сельскай гаспадаркі ў рэгіёне на некалькі гадоў, лакальныя разбурэнні ў гарадах і незадаволеныя сельскія жыхары. Нягледзячы на ваенныя бедствы, у 1813–1814 гг. губерня не была вызвалена ад рэкруцкіх набораў і паставак на патрэбы расійскай арміі, амаль не зменшыліся і падаткі. Спадзяванні сялян на адмену прыгоннага права не здзейсніліся.
Малюнак Чэслава Манюшкі да ўспамінаў пад паэмай «Рок 1812», як пад Маладзечнам ці Вілейкай п’яны расійскі жаўнер, пагражаўшы стрэлам у лоб, патрабаваў ад яго грошы, якія той «нарабаваў у Маскве». Нягледзячы на тое, што яшчэ ў пяцігадовым узросце Чэслаў страціў адно вока, ён уступіў у 21-шы полк конных літоўскіх стралкоў Герцагства Варшаўскага, але ў 1813 (ці 1815) г. выйшаў у адстаўку. У 1818 г. асеў у маёнтку Убель на Ігуменшчыне — будучай малой радзіме вялікага айчыннага кампазітара Станіслава Манюшкі
У той жа час мясцовая шляхта, нават скампраметаваная супрацоўніцтвам з Напалеонам, у большасці захавала свае правы і прывілеі. Маніфестам Аляксандра I ад 12 снежня 1812 г. (а затым і ў 1814 г.) абвяшчалася ўселітасцівейшае дараванне і вечнае забыццё мінулага. Пачатыя да маніфеста канфіскацыі былі адменены, памешчыкам былі вернуты іх маёнткі. Больш за тое, некаторыя з мінскіх дваран, як гэта заўважна па прыведзеных біяграфіях, паспяхова працягнулі кар’еру.
Жаўнеры ядуць каніну. Лістапад 1812 г. Акварэль невядомага сведкі падзей. Малюнак з рукапісу ў Вюртэмбергскай бібліятэцы (крыніца)
У Мінскай губерні па стане на 1813 г. знаходзілася 3597 палонных Вялікай арміі, з іх 2 генералы, 7 штаб-афіцэраў, 133 обер-афіцэры і 3455 ніжніх чыноў. Асноўная «здабыча» складалася з параненых: як вядома, Мінск аднаго часу выглядаў на вялізны шпіталь. Значная частка гэтых ваеннапалонных была не з французаў і нават не з «палякаў». Дакументы фіксуюць падданых розных германскіх дзяржутварэнняў, падуладных «напалеонаўскаму міру»: баварцаў, вюртэмбержцаў, саксонцаў, саксон-кобуржцаў, саксон-веймарцаў (яны згадваюцца ў распараджэнні генерала Вязіміцінава да мінскага губернатара Дабрынскага ад 23 лістапада — 3 снежня 1813).
Параненыя жаўнеры Вялікай арміі. Малюнак невядомага мастака ХІХ стагоддзя. Напрыклад, у лістападзе 1812 г. камандзір вюртэмбергскага 7-га лінейнага палка палкоўнік К. Лаланс дэ Маранвіль вымушаны быў з-за адсутнасці транспарту пакінуць у Мінску 100 хворых салдат. У рапарце ён напісаў: «Яшчэ ноччу я падышоў да гарадскога лекара Шміта і настойліва рэкамендаваў гэтаму адважнаму чалавеку маіх падначаленых. Я не магу дастаткова пахваліць, наколькі надзейны быў гэты чалавек... ужо падчас знаходжання палка ў Мінску праявіў сваю любоў да радзімы праз нястомны клопат аб хворых»
У 1814 г. выйшла новае распраджэнне аб рэпатрыяцыі «германцаў», уключна і тых, хто пражываў у Нідэрландах і Францыі, а ў хуткім часе была заключана руска-французская канвенцыя аб вяртанні ваеннапалонных без выкупу і абмену. Фактычна на радзіму вярнуліся генералы, афіцэры і падафіцэры. Як паказваюць тагачасныя мемуары, ніжэйшыя чыны даволі працяглі час пражывалі па губернях, працуючы амаль задарма лёкаямі, гувернёрамі і настаўнікамі ў шляхецкіх дамах і маёнтках. Бывала так, што яны прымалі расійскае падданства і нават ішлі ў шлюбы з мясцовымі красунямі (напрыклад, такі выпадак зафіксаваны пад Радашковічамі).
Як бачна з расійскіх мапаў тагачаснага Мінска і ягонага наваколля, непрацяглы перыяд паміж засценкам Будзілава (сёння — раён навучальных карпусоў БДЭУ) і фальваркам Антонава (прыблізна месца сённяшняга Антонаўскага сквера) месцілася некалькі засценкаў з назвай Слепня, а побач з імі — засценак Французы. Заўважна, што на Плане генеральнага межавання 1800 г. (верхні левы кут) такой назвы яшчэ не існуе, а на нямецкай карце часоў Першай сусветнай — яе ўжо няма. Засценак Французы (або Французская Слепня) фіксуюць толькі расійскія трохвярстоўкі, складзеныя паміж 1840-мі і 1870-мі гг. (даныя да іх збіраліся і ў ранейшыя гады). Дробныя засценкі (засценак — звычайна аднадворнае пасяленне, тыпу заможнага дворышча, блізкі да хутара, але іншай сацыяльнай прыналежнасці — шляхецкай) у гэтай часцы Сляпянскага рэчышча з другой паловы ХІ ст. паглынулі тапонімы Архірэйская Слабада (пасёлак Трактарнага завода) і Тры Карчмы (раён Велазавода). Калаж створаны пры дапамозе рэсурса «Рухомая мапа Беларусі»
Лёс французскіх шарагоўцаў фактычна нічым не адрозніваўся ад стану прыгонных — у гарадах іх прымушалі працаваць на розных будоўлях і ў рамесных майстэрнях, а ў вёсках яны часта заставаліся ў якасці парабкаў па хатах. Кажучы агулам, адносіны і дробных землеўласнікаў і простага насельніцтва да ваеннапалонных ці жаўнераў, якія хаваліся, збольшага былі лаяльнымі, спагадлівымі: маўляў, то не ваша вайна, то жаданне Напалеона. Аднак генерал Барклай дэ Толі настойліва патрабаваў ад мінскага губернатара судзіць ваенным судом «злостных укрывателей» французскіх вайскоўцаў і зброі (такіх судоў за паўгоддзе ў 1813/14 гг. адбылося амаль тры дзясяткі), а генерал Бенкендорф называў дваранства літоўска-беларускіх губерняў «поддонками польскаго дворянства».
Застаецца дадаць, што ў дакументах ХІХ ст. уладальнікамі фальваркаў Бараўляны і Ляскоўка адзначаны асобы з прозвішчам Меттэ, якія знаходзіліся ў сваяцкіх адносінах паміж сабой, былі запісаны лютэранамі і вюртэмбергскімі падданымі (Вюртэмберг — каралеўства (1806–1918) у Паўднёва-Заходняй Нямеччыне, да 1813 г. — фактычна пад пратэктаратам Францыі).
Але падрабязней пра «французаў» і іх нашчадкаў на землях Літвы-Беларусі мы пагаворым у асобным артыкуле.
Змітро Пілецкі, budzma.org
Асноўныя крыніцы тэкстаў (біяграфій, дакументаў) і выяваў:
Wikimedia, alamy.com, niab. by, napoleon.org.pl, genealogia.okiem.pl
Iwaszkiewicz Janusz. Litwa w roku 1812. Monografie w Zakresie Dziejów Nowożytnych. Tom IX. 1912.
Nawrot Dariusz. Litwa i Napoleon w 1812 roku. Wydawnictwo Uniwersytetu Śląskiego, 2008.
Краснянский
Несцярчук Л. Беларусь у вайне 1812 г. Паміж Напалеонам і Аляксандрам. Мінск, 2012.
Лютых
Часовая Мінская Газета. Мінск, 2008.
Швед