Нягледзячы на маштаб і значнасць падзей 1812 г. для Беларусі, яны і па сёння застаюцца да канца не асэнсаванымі — ні даследчыкамі, ні грамадствам. Вайна 1812 г. увайшла ў гісторыю Расіі як «Айчынная вайна», а ў еўрапейскую — як «Руская кампанія» Напалеона. Вайна змяніла лёсы еўрапейскіх народаў, даравала і адабрала надзею ў тых, хто звязваў з Напалеонам планы на аднаўленне Рэчы Паспалітай — у тым ліку і спадзевы падданых былога Вялікага Княства Літоўскага.
Летам-восенню 1812 г. Мінск — «лепшы пасля Вільні горад у беларуска-літоўскім краі», як выказаўся пра яго Родыгер фон Бомсдорф, прускі брыгадны маёр французскай арміі, — выконваў ролю важнага ваенна-стратэгічнага цэнтра: за горад спрачаліся Баграціён і маршал Даву. З ліпеня па лістапад 1812 г. праз Мінск прайшло больш за 80 тысяч жаўнераў Вялікай арміі, якую месцічы сустракалі кветкамі, але горад так і не стаў арэнай буйных бітваў, у адрозненне ад Барысава, Віцебска, Магілёва. Як можна разумець па мемуарах і ліставаннях французскіх генералаў, Напалеон недаацаніў стратэгічную значнасць Мінска як тылавога горада, пра што шкадаваў пры адступленні.
Мінск і ягонае наваколле на фрагменце копіі расійскай мапы заходніх губерняў, створанай спецыяльна для Напалеона, 1812 г. Крыніца: karty. by
Сёння мы запрашаем прагуляцца па «напалеонаўскіх» Мінску і Міншчыне. Наш шпацыр мы прысвяцім не апісанню батальных падзей ці характарыстыкам армій праціўнікаў. Запрашаем паглядзець на постаці тых, хто імкнуўся вырашыць лёс краю, паспрабуем перагледзець некаторыя міфы аб 1812 годзе, «паслухаем» іншаземцаў, што пабачылі Мінск на ўласныя вочы. А таксама даведаемся шэраг цікавостак: колькі французскіх генералаў спынялася ў Мінску, ці рабавалі французы Мінск, што тут рабіў пісьменнік Стэндаль, хто стаўся прататыпам брыгадзіра Жэрара з навелаў Конан Дойля.
Напярэдадні. «План Агінскага» і Мінскі з’езд 1811 года
На пачатку XIX ст. паміж Францыяй з аднаго боку, Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй — з другога, ішла барацьба за панаванне ў Еўропе. Французскі імператар Напалеон падпарадкоўваў сабе еўрапейскія народы. У вайне 1805−1807 гг. Банапарт атрымаў перамогу і стварыў на польскіх землях, якія па ганебных перадзелах Рэчы Паспалітай адышлі да Прусіі, падуладнае яму Вялікае Варшаўскае герцагства (пратэктарат). Расія рыхтавалася да рэваншу: імператар Аляксандр I стаў на чале антыфранцузскай кааліцыі. У найбольш аддаленых заходніх губернях шляхта на працягу 1806−1809 гг. збірала грошы ў дапамогу напалеонаўскім часткам, складзеным з добраахвотнікаў-суайчыннікаў.
(а) Пячатка з гербам Варшаўскага герцагства, утворанага пад пратэктаратам Францыі; (б) Пячатка Генеральнай Канфедэрацыі Каралеўства Польскага, у якую фармальна ўваходзіў Часовы Урад ВКЛ у 1812 г.
Ідэя стварэння з заходніх губерняў Расійскай імперыі асаблівай правінцыі была выказана сенатарам Міхалам Клеафасам Агінскім (1765−1833) у красавіку 1811 года. Меркавалася стварыць з Віленскай, Віцебскай, Валынскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Мінскай, Магілёўскай, Падольскай губерняў, Беластоцкай і Тарнопальскай абласцей асобную правінцыю пад назвай Вялікае Княства Літоўскае з цэнтрам у Вільні і на чале з намеснікам расійскага імператара. Прадугледжвалася стварэнне асобных органаў кіравання (Літоўскай канцылярыі ў Пецярбургу, Адміністрацыйнага савета і Вярхоўнага трыбунала ў Вільні). Заканадаўчым кодэксам павінен быў стаць Статут ВКЛ 1588 года, а польская — мовай справаводства. Усе дзяржаўныя пасады планавалася замяшчаць толькі выхадцамі Княства.
Карта ВКЛ Яна Няпрэцкага і Тобіяса Маера (фрагмент). 1812, другі варыянт. Захоўваецца ў Віленскай універсітэцкай бібліятэцы. Крыніца: imago. by
У канцы 1811 г. у Мінску адбыўся скліканы князем Агінскім з’езд найбольш уплывовых дваран літоўска-беларускіх губерняў Расійскай імперыі. Мэтай збору была спроба схіліць і прыцягнуць мясцовую арыстакратыю да супрацоўніцтва з Расіяй супраць Напалеона, які нядаўна стварыў Герцагства Варшаўскае (1807−1815). Большасць удзельнікаў з’езда, аднак, выказалася супраць ідэі разрыву даўняй уніі паміж ВКЛ і Польшчай. Прагучалі патрабаванні, каб расійскі імператар Аляксандр I абвясціў сябе не толькі вялікім князем літоўскім, але і каралём польскім. Адзіным станоўчым вынікам гэтай сустрэчы стала прымірэнне былых удзельнікаў Таргавіцкай канфедэрацыі з былымі прыхільнікамі Канстытуцыі 3 мая 1791 года.
Прапанова Агінскага не знайшла падтрымкі і ў імператара Аляксандра I. Праект стварэння аўтаномнага ВКЛ быў толькі часткай абарончага стратэгічнага плана вайны, па якім заходнія памежныя рэгіёны павінны былі ператварыцца ў асноўны матэрыяльны і людскі рэсурс. Да таго ж тут былі сканцэнтраваныя царскія арміі М. Барклая дэ Толі і П. Баграціёна агульнай колькасцю 157 тысяч салдат і афіцэраў.
Паштоўка з савецкага набору «Руская армія. 1812 г.» (1987).
Напярэдадні вайны ў Мінскай губерні, пераведзенай у ваеннае становішча, ішло фармаванне расійскіх вайсковых частак: так, у студзені 1811 г. з Бабруйскага гарнізоннага батальёна быў сфармаваны Мінскі ўнутрыгубернскі батальён, а былы мушкецёрскі 54-ты полк у лютым 1811 г. быў пераведзены ў Мінск і пачаў называцца «Мінскім» палком. Цікавая акалічнасць: у традыцыях мундуровых строяў Польшчы і ВКЛ чырвоны і зялёны — колеры толькі татарскіх частак (якія таксама змагаліся і на баку Напалеона).
З улікам, што камплектаванне і рэкрутаванне расійскіх вайсковых адзінак вялося не столькі з «прыбышоў», колькі з мясцовых сялян і мяшчанаў, а на баку Напалеона ў замежных легіёнах служыла да 12 тыс. чал. з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, руска-фрацузская вайна фактычна набыла характар грамадзянскай.
Часовы ўрад ВКЛ — што гэта такое?
Па меры прасоўвання па тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага французская адміністрацыя замяняла расійскую. Для кіравання тэрыторыямі Беластоцкай вобласці, Віленскай, Гарадзенскай, Мінскай правінцый (пазней дэпартаменты), у Вільні 1 ліпеня 1812 г. напалеонаўскай адміністрацыяй створаны Часавы ўрад ВКЛ — Камісія часовага кіравання Вялікага Княства Літоўскага, якому падпарадкоўваліся цэнтральныя, рэгіянальныя і мясцовыя органы краіны. Дэпартаменты падзяляліся на дыстрыкты (акругі) на чале з падпрэфектамі. Урад ВКЛ разам з напалеонаўскім пратэктаратам, Вялікім герцагствам Варшаўскім, фармальна ўтваралі Генеральную Канфедэрацыю Каралеўства Польскага, аднак віленскі Урад фактычна дзейнічаў самастойна.
Адміністрацыйная арганізацыя тэрыторыі, падкантрольнай Часоваму ўраду ВКЛ: Віленскі дэпартамент (жоўтым), Беластоцкі дэпартамент (зялёным), Гродзенскі дэпартамент (аранжавым), Мінскі дэпартамент (чырвоным). Уверсе — пячатка асобнага Магілёўскага дэпартамента. Мінскі дэпартамент падзяляўся на дыстрыкты/паветы: (1) Дзісненскі, (2) Вілейскі, (3) Барысаўскі, (4) Мінскі, (5) Ігуменскі, (6) Слуцкі, (7) Бабруйскі, (8) Пінскі. Рэчыцкі (9) і Мазырскі (10) дыстрыкты не падпарадковаліся Часоваму ўраду. Крыніца: Litwa i Napoleon w 1812 roku (Dariusz Nawrot, 2008)
У кожным з іх, а пазней у Віцебскім і Магілёўскім дэпартаментах (падпарадкаваных асобнаму вайсковаму губернатару), была арганізавана адміністрацыйная камісія з 3 чальцоў, прызначаных ці зацверджаных Напалеонам, пад старшынствам французскага інтэнданта.
Дзірк ван Гогендорп. Пасля скаргаў Гогендорпа на бяздзейнасць грамадзянскіх органаў Напалеон вырашыў сумясціць іх з ваенным кіраваннем краю. Таксама ад’ютант імператара пакінуў цікавыя мемуары аб сваёй дзейнасці ў нашым краі, выдадзеныя па-французску пасля ягонай смерці, у 1887 г.
Дзірк ван Гогендорп (Dirk van Hogendorp; 1761−1822) — галандскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, удзельнік Напалеонаўскіх войн. У 1784−1802 гг. займаўся справамі Галандскай Ост-Індскай кампаніі, потым быў французскім паслом у розныя краіны. З 1810 г. быў генерал-ад'ютантам Напалеона і генерал-губернатарам Кёнігсберга, з 1811 г. — дывізіённы генерал. У кампаніі 1812 г. прызначаны 8 ліпеня Віленскім генерал-губернатарам і генерал-губернатарам літоўскіх дэпартаментаў, пасля адыходу французаў атрымаў такую ж пасаду ў Гамбургу (1813 г.)
Па прыкладзе Вільні арганізоўвалася структура муніцыпальнага (гарадскога) самакіравання. Адначасова была створана сістэма вайскова-адміністрацыйнага кіравання краем. Органы напалеонаўскай адміністрацыі пераважна займаліся арганізацыяй узброеных фармаванняў, забеспячэннем войскаў, зборам грашовых сродкаў. На арганізаваных тэрыторыях прыгоннага права для сялян не скасавалі, але паабяцалі 6-гадовыя рэкруцкія наборы (замест расійскіх 25-гадовых).
7 (19) ліпеня ў доме мінскага губернатара быў падпісаны акт аб далучэнні Мінскага дэпартамента да Генеральнай канфедэрацыі, у якую фармальна ўваходзіў і Часовы ўрад ВКЛ.
Жарсці вакол Мінска
Напярэдадні баявых дзеянняў, у красавіку 1812 г. Мінск і Мінская губерня былі далучаны да 1-й ваеннай акругі ў сферы дзеянняў 1-й Заходняй рускай арміі пад кіраўніцтвам М. Барклая дэ Толі. На поўдзень месцілася 2-я Заходняя руская армія на чале з П. Баграціёнам.
Расійскім губернатарам Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Валынскай, Падольскай, Кіеўскай губерняў і Беластоцкай вобласці загадвалася ўсталяваць строгі кантроль над жыхарамі сваіх губерняў і даставіць імператару спіс ненадзейных асобаў па дзвюх частках — сумніўных і падазроных. Сітуацыя склалася такая, што расійская адміністрацыя не наважылася арганізоўваць у гэтых губернях аддзелы міліцыі для аховы правапарадку.
Верхні горад на пачатку ХІХ ст. Малюнак Віктара Сташчанюка, 1980 г.
Пасля ўступлення Вялікай арміі на тэрыторыю Расійскай імперыі ў канцы чэрвеня рускія войскі пачалі адступаць на ўсход. Баграціён накіраваўся на Мінск, спадзеючыся на злучэнне з арміяй Барклая дэ Толі. Напалеон таксама накіраваў маршала Л. Даву на Мінск з мэтай заняць горад раней за суперніка.
У адпаведнасці з прынятай расійскім камандаваннем «скіфскай тактыкай» (па аналогіі з антычнымі скіфамі, якія перад наступам персідскага цара Дарыя палілі свае землі), грамадзянскай і ваеннай адміністрацыі губерняў было загадана вывозіць з сабою ўсё, што можа быць каштоўным для праціўніка, а тое, што немагчыма вывезці — знішчаць.
Пётр Іванавіч Баграціён
Пётр Іванавіч Баграціён (1765−1812) — расійскі генерал ад інфантэрыі, князь з «царэвічаў» Картлі, душыў паўстанні ў Чачні (1780я) і Рэчы Паспалітай (1792−4), удзельнік вайны 1812 г. У пачатку вайны 1812 г. 2-я Заходняя армія пад Гроднам аказалася адрэзанай ад 1-й арміі наступаючымі французскімі карпусамі, але князь здолеў злучыцца з астатнімі сіламі. Пасля здачы Смаленска настойваў, што генералы-замежнікі загубяць Расію, а ваеннага міністра М. Барклая дэ Толі называў здраднікам. Меў вялікую папулярнасць сярод расійскіх афіцэраў.
Падчас наступу напалеонаўскай арміі 24 чэрвеня (6 ліпеня) Баграціён, вучань А. Суворава (а пра таго заходняя прэса пісала не йнакш як пра «бесчалавечнага барбара»), загадаў мінскаму губернатару вывезці запасы і ўсю казённую маёмасць у Бабруйск, а на выпадак, калі ён не паспее зрабіць гэтага, мець «верных чыноўнікаў, якія б у некалькіх месцах запалілі тыя магазіны, каб патушыць іх не засталося магчымасці, роўна як і амуніцыю і іншыя рэчы казённыя… загадайце паліць». Сёння дзейнасці Баграціёна прысвечаны цэлы музей у Ваўкавыску
Пакідаючы Мінск, губернатар Павел Дабрынскі вывез толькі частку казны і транспарту, загадаўшы камісіянеру Рэйфельду спаліць магазіны, у якіх заставалася 4−5 тыс. чвэрцяў мукі, круп і аўса і 15−17 тыс. пудоў сена, «але той камісіянер гэтага не ўчыніў і нічога не спаліў, ды за адсутнасцю фурманак не маглі вывезці меднай казны каля 20 000 рублёў грошай». Падчас французскага панавання ў Мінску губернатар з чыноўнікамі адседжваўся ў Рэчыцы. Менавіта прафранцузскі настрой заходніх губерняў выратаваў іх ад той жудаснай карціны, якую ўяўлялі рэгіёны па дарозе на Маскву.
Маршал Даву на землях Літвы. Малюнак Часлава Манюшкі да ўласнай паэмы «Рок 1812»
Калі ўжо Мінск быў пад кантролем напалеонаўскай арміі, 8 ліпеня маршал Даву даносіў, што нейкі рускі афіцэр прыязджаў сюды з загадам Баграціёна спаліць магазіны, але дзякуючы месцічам і подкупу імі чыноўнікаў, іх удалося выратаваць. Французам у горадзе дасталася, акром мукі і аўса, з дзясятак куфаў гарэлкі і каля 1500 фунтаў пораху.
Ці рабавалі французы Мінск?
Зразумела, адказаць са 100%-й дакладнасцю ва ўмовах вайны і зменлівай стратэгічнай сітуацыі немагчыма. Аднак аб’ектыўным фактам застаецца тое, што калі французы і рабавалі Мінск, то рабілі гэта не так, як расійскія казакі: маршал Даву ў сваім корпусе трымаў сталёвую дысцыпліну. Яскравым прыкладам таго можа быць загад маршала на расстрэл трынаццаці французскіх кірасіраў, якія паспрабавалі разрабаваць суконную краму каля ратушы.
У кабінеце губернатара. Вобраз з выставы «Вайна 1812 года ў гісторыі Мінска», 2012 г.
Больш за тое, дамы ў межах горада аддаваліся генералітэту і штабам, у той час як астатняя армія квартавала па прадмесцях і ваколіцах — і тут ужо гаворка пра ўзорную дысцыпліну немагчымая. Да таго ж Мінск тройчы пазбег пажараў — і пры расійскай адміністрацыі, і пры французскай. А вось што маглі нарабіць мясцовыя марадзёры — пра гэта можа ўскосна сведчыць прыклад справы аб крадзяжах у Архірэйскім доме (не захаваўся), якая цягнулася ажно чвэрць стагоддзя. Да аб’ектыўнасці гэтай гісторыі трэба ставіцца асцярожна, бо яна распаведзена вуснамі прадстаўніка расійскай царквы і запісана расійскай адміністрацыяй. Як вядома, на пачатку вайны Свяцейшы Сінод загадаў праваслаўным святарам забіраць каштоўную маёмасць і рухацца ўслед за грамадзянскай адміністрацыяй.
Якуб Дадэрка. Як мінскі біскуп адзначыўся тым, што аднавіў Кафедральны сабор і рызніцу, а кляштар дамініканаў зрабіў рэзідэнцыяй. Таксама падтрымаў культ св. Феліцыяна як каталіцкага патрона горада
Якуб Ігнацы Дадэрка (1753−1829) — рыма-каталіцкі дзеяч, першы мінскі біскуп (1798−1816). У 1810 г. заклаў у Мінску Таварыства дабрачыннасці для бяздомных, сіротаў, жабракоў і невылечна хворых. У вайну 1812 г. падтрымаў Напалеона і 19 ліпеня абвесціў з амбона катэдры «Мінскую канфедэрацыю». Абвінавачваўся ў разрабаванні архірэйскага дома. У 1816 г. высланы ў Алыку (цяпер мястэчка ў Ківерцаўскім раёне Валынскай вобласці Украіны), дзе застаўся да самай смерці.
Архірэйскае падвор’е, царква і фальварак апынуліся ў руках «польскага ўрада», як пра тое даносілі сведкі. Мінскі рыма-каталіцкі біскуп заняў архірэйскі дом і пачаў наводзіць свае парадкі. Хутка да яго далучыліся знаёмыя «польскія памешчыкі», якія нібыта пачалі выносіць скарбы і рэчы — рэестр зніклага складаўся некалькі гадоў. Амаль анекдатычным аказалася заканчэнне той справы: адміністрацыйныя органы ўлады, стомленыя зацяганым працэсам (ды й не надта зацікаўленыя ў ім), урэшце ў 1828 г. «павесілі» адказнасць на губернатара-паляка Бранікоўскага (які на той час быў за мяжой і да таго ж — французскім падданым), вызвалілі частку асобаў ад адказнасці згодна з імператарскімі маніфестамі 1812 і 1814 гг. «о прощении» і ў дадатак (1837) напісалі, што вызначыць дакладны аб’ём і спіс скрадзеных рэчаў немагчыма. Застаецца дадаць, што па ўсёй Беларусі моцна пацярпелі толькі дзейныя на той момант праваслаўныя (або забраныя пад праваслаўныя) храмы. Так, у Мінску Кафедральны сабор меў варты жалю выгляд.
Працяг будзе
Змітро Пілецкі, budzma.org
Асноўныя крыніцы тэкстаў (біяграфій, дакументаў) і выяваў:
Wikimedia, alamy.com, niab. by, napoleon.org.pl, genealogia.okiem.pl
Iwaszkiewicz Janusz. Litwa w roku 1812. Monografie w Zakresie Dziejów Nowożytnych. Tom IX. 1912.
Nawrot Dariusz. Litwa i Napoleon w 1812 roku. Wydawnictwo Uniwersytetu Śląskiego, 2008.
Краснянский
Несцярчук Л. Беларусь у вайне 1812 г. Паміж Напалеонам і Аляксандрам. Мінск, 2012.
Лютых
Часовая Мінская Газета. Мінск, 2008.
Швед