Паміж судом і «Славянскім базарам»: куды і навошта коціцца афіцыйная культура

Сёлета з афіцыйных відовішчаў беларусам засталося толькі два: судовыя пасяджэнні і «Славянскі базар», які піярыцца па тэлеканалах безнадзейным слоганам «Отвечаем за «Базар»». Яшчэ ніколі беларуская культура не агаляла так бессаромна сваю турэмную падгортку, але калісьці гэта павінна было адбыцца — дык чаму б і не зараз?


Пакуль ідэолагі ламаюць галаву, як размеркаваць квіткі на Алену Ваенгу па прадпрыемствах, якія не працуюць, і прытым не сесці, давайце пагутарым пра тое, чаму ад усёй культурнай інфраструктуры нам засталіся толькі суды і «Славянскі базар» і што ж такое яны нам даюць. А яны даюць.

85.jpg

Суд і «Славянскі базар», альбо любое афіцыйнае відовішча— хоць бы вось і дзіўнаватае відовішча пачатку вайны ў Брэсцкай крэпасці — ці не адзіныя цяпер праявы публічнасці.

За два гады публічнасць у Беларусі здзьмулася, намагаючыся быць як мага болей непублічнай, і рассярэдзілася па маленечкіх групіровачках «сваіх» з уваходам з двара. Па ўсёй сферы культуры з нейкім задавальненнем распаўзліся рэплікі кшталту «гэта для вузкага кола».

(Мы маем, дарэчы, унікальны шанц назіраць, якім чынам калісьці ўзнікала тая самая «міжсабойчыкавасць» беларускай культуры, — і назіраць, якую ролю ў гэтым адыгралі не толькі замкнёнасць беларускага культурнага поля ў савецкай прасторы, ягоная падпарадкаванасць бюракратыі, якая распараджаецца адзінай крыніцай рэсурсаў, але ж і легендарная паўсюднасць «таварыша маёра».) Адзінкавыя спробы штосьці зрабіць публічна і застацца па-за ўвагай дзяржавы пакінутыя, відавочна, толькі дзеля таго, каб стварыць ілюзію сякой-такой свабодачкі.

Дзяржава адваявала сваю спрадвечную манаполію на калектыўнасць, якая дасталася ёй у спадчыну ад савецкай культуры. Арганізоўваць наш час, аб’ядноўваць нас у калектывы, распараджацца нашай увагай, складваць нас у шматфігурныя кампазіцыі кшталту «Беларускай вазы» на гэтай тэрыторыі можа толькі дзяржава. Жанр афіцыйнага канцэрта — такога, якім адны бюракраты справаздачваюцца перад вышэйшымі бюракратамі ў тым, што «хорошо в стране советской жить» і як шмат яны для гэтага зрабілі, вось і Алену Ваенгу запрасілі, — роўна для гэтых мэт адшліфаваны дзесяцігоддзямі.

91.jpg

У краіне бясконцай інфляцыі і такога ж паўзучага распаду афіцыйны канцэрт — гэта кропка абапірышча на нязменныя стасункі: разнарадка — план — незадаволенасць разнарадкай і планам — неахвотны ўдзел з пачуццём непазбежнасці і непераможнасці існуючага парадку. Кропка зняцця асабістай адказнасці за бясконцы распад. Кропка калектыўнасці, у якой нават можна адчуць сябе ахвярай і тым ратавацца. Паверце, без такіх кропак мы б зусім з’ехалі (у сэнсе кукухай, але ж і за мяжу таксама). Гэта не робіць іх добрай справай, але іншых нам пакуль не завезлі.

Здаецца, новыя пакаленні маюць куды менш патрэбы ў такіх кропках, чым старэйшыя. Тыя гадаваліся яшчэ ў індустрыяльным грамадстве, ведалі куды меней гарызантальных сувязяў, чым цяперашнія падлеткі. Яны яшчэ добра памятаюць, што такое іерархія (а савецкі строй быў, вядома ж, наскрозь іерархічнай пабудовай, нягледзячы на сацыялістычныя маніфесты). Калектыўнасць для іх — гэта пра тое, як афіцыйна займаць сваё месца ў іерархіі. Нават калі гэта проста месца ў амфітэатры «Славянскага базара».

Тут варта звярнуць увагу вось на што: дзяржава, манапаліст калектыўнасці, надта ўжо патрабуе, каб калектыўнасць гэтая ішла быццам бы знізу. Адчуваючы свой правал, яна хоча, каб бюракратыя стварала шоу нізавога яднання: каб простыя людзі па сваёй волі складваліся ў шматфігурныя кампазіцыі кшталту «Беларускай вазы», самі ехалі ў Брэст адзначаць пачатак вайны а 4-й раніцы, самі хацелі на канцэрт Алены Ваенгі, самі ішлі шэсцем замест парада ў Дзень Перамогі. Парад усё ж такі — імпрэза татальнай падпарадкаванасці, а шэсце і канцэрт з савецкіх часоў разумее пад сабой хітры кансэнсус, яднанне спантанных памкненняў народа і ўпарадкаваных планаў партыі. Залатую сярэдзіну.

92.jpg

Калі прыгледзецца, дык афіцыйны канцэрт мае шмат агульнага з судовым пасяджэннем, якое цяпер стала другім папулярным жанрам афіцыйнай культуры. Абодва пазбаўленыя ўсіх праяў спантаннасці. Гэтыя шоу рэжысаваныя жорстка, амаль як брадвейскія мюзіклы. Усе ўдзельнікі выконваюць прапісаныя загадзя ролі без аніякай імправізацыі — яна ў культуры татальнага парадку і татальнай жа калектыўнасці ўвогуле немагчымая, як праява індывідуальнай свабоды.

У гэтых шоу жорсткі рытуальны таймінг, і нельга пераскокнуць праз асобныя этапы відовішча ці памяняць месцамі следства і спрэчкі бакоў альбо ўступны выступ чыноўніка і фінальную супольную песню ўсіх спевакоў. І галоўнае: гледачы ў гэтых шоу — зусім не гледачы. Ніхто і не апелюе да іх глядацкай цікавасці, не пытае іх глядацкага меркавання і ўвогуле не мае на розуме тых гледачоў, калі плануе шоу. Гледачы — яны проста сведкі таго, як адбываецца тая калектыўнасць. Яна адбылася б і без іх, але з імі калектыўней. Што ж такое важнае адчувае глядач гэтых вось шоу? Што ён не адзін, вядома.

Абодва шоу — і суд, і канцэрт — увасабляюць трыумф бюракратыі, адзінай трывалай у нашай культуры формы калектыўнасці. У вантробах бюракратыі кожны можа адчуць сябе, па-першае, маленькай і абсалютна адасобленай ад гэтай вашай сістэмы, аўтаномнай адзінкай, а па-другое, часткай вялікай нябачнай сілы, якая і нясе адказнасць замест маленькай і аўтаномнай адзінкі. Звонку ж бюракратыі, сутыкаючыся з яе непераможнай сістэмай, адчуваць сябе маленькай адзінкай надзвычай непрыемна, а часам і небяспечна. Адзінкі добра гэта ведаюць.

Што бюракратыя сама па сабе і ёсць бясконцы судовы працэс, а судовы працэс і ёсць бясконцая бюракратыя, вынайшаў для нас Франц Кафка, а Мікалай Гогаль вынайшаў і тое, што яна валодае каласальнай творчай сілай і здольная ствараць пачвар і прывідаў. Наконт жыватворнай сілы бюракратыі нас добранька пераканаў Юры Тынянаў. Карацей, мы ж усё ведалі — і цяпер вось занечым уганараваныя бачыць гэта на ўласныя вочы. Нам засталося толькі дапісаць, што бюракратыя — гэта яшчэ і шоу, адзіная задача якога — працягвацца.

93.jpg

Тыя шоу — вы ж не забыліся яшчэ, што гаворка ідзе пра суд і афіцыйны канцэрт? — яшчэ не развучыліся праз свае зацверджаныя формы даваць нам сякія-такія эмоцыі. Суд якога раёна прызнае экстрэмісцкім чарговае медыя? Які пракурор і колькі гадоў запытае для чарговага «экстрэміста»? Памятаеце, колькі эмоцый мы атрымліваем праз чаканне ды спробы прадказаць гэта? Колькі надзеі і абурэння выпрадукоўваецца ў працэсе? Я б запомніла пакуль тыя эмоцыі — на іх мы, імаверна, пабудуем наступны культурны пласт, як, напрыклад, шасцідзясятнікі пабудавалі свой на эмоцыі шчырасці, а людзі пяцідзясятых — на мужнасці і цярпенні.

Яны такія падобныя — суд і канцэрт, — што дзіўна: чаму суд яшчэ не стаў тым самым відовішчам, на якое размяркоўваюць квіткі. Як, напрыклад, у трыццатых, з якімі карціць, але не будзе надта карэктным параўноўваць цяперашнюю культурную сітуацыю. Можна прапанаваць два адказы (а два ў нашай з вамі татальна ўпарадкаванай сітуацыі — гэта ўжо шмат і адурэць які выбар): альбо час не надышоў і галоўнае шоу яшчэ наперадзе, альбо трыумф бюракратыі дзе-нідзе вельмі нават абмежаваны іншымі культурнымі наладамі.

Што як у трыццатых не будзе — можна чакаць ужо па тым, што нашая маральна састарэлая і стомленая дзяржава не раскручвае культу маладосці, як сталінская культура трыццатых, якая гадавала будаўнікоў будучыні. Нашая гадуе вартаўнікоў мінулага.

У нас ужо не атрымаецца судамі і рэпрэсіямі сціраць з твару зямлі мінулыя пакаленні, бо на тых пакаленнях трымаецца цяперашняя бюракратыя, культ вайны, дзядоў-пераможцаў і, вядома, правадыра татальнай калектыўнасці. Культура герантакратыі, наадварот, сцірае пакаленні новыя. Самы просты спосаб для гэтага — эміграцыя, якая цягнецца паралельна інфляцыі ўсе трыццаць гадоў незалежнасці і суправаджаецца афіцыйнымі заявамі кшталту «маладыя не здолелі знайсці сябе на радзіме» (як вы думаеце, чаму?). Калі не дапамагае — вайна. За няйменнем годнай вайны — турма. Калі і турмы не хопіць, то бюракратыя падключыць іншыя спосабы выцягвання часу з маладосці, адтэрміноўкі свайго сыходу з жыцця, палітычнага, культурнага — ды чаго ўжо, і біялагічнага.

Дарэчы, пра пакаленні. Здаецца мне, бюракратыя выконвае важную культурніцкую функцыю — гэта вычварны механізм яднання раз’яднанага грамадства. Пераадолець раз’яднанне, але так, каб не абмяркоўваць прычыну раз’яднання — вось на што працуе з усяе сілы бюракратыя краіны, якая дзесяцігоддзямі жыве ў схаваным, а цяпер ужо амаль і відавочным грамадзянскім канфлікце. Шкада толькі, што манаполія на адзінства ў бюракратычнай сістэме таксама, як і на калектыўнасць, належыць дзяржаве.

Судамі, канцэртамі, шэсцямі — усім небагатым запасам афіцыёзу, які яшчэ застаўся, бюракратыя спрабуе ўпэўніць нас, што нічога не змянілася і не зменіцца. Не сказаць, што калісьці ў яе быў іншы месадж. Гэта ўвогуле адзінае, што мае бюракратыя, — татальны цяперашні час без будучыні.

Яна цягне і цягне яго, колькі можа, супраціўляючыся пераменам. Памятаеце ж, як за савецкім часам беларуская бюракратыя адбрыквалася ад перабудовы?

Што ж адбудзецца такое страшнае, калі ўзяць і спыніць гэты агромністы механізм выпрадукавання калектыўнасці, яднання і бесчасоўя? О, тады некалькі пакаленняў людзей, звыклых да гэтай мадэлі існавання, адчуюць сябе такімі ж згубленымі, якімі адчувае сябе кожнае новае пакаленне, не прыналежнае да гэтай замкнёнай сістэмы. Махавік нявызначанасці пачне рубаць і іх, і новае пакаленне — яны чакаюць — адпомсціць ім за пазбаўленне будучыні. І можа, яны нават састарэюць і памруць. (Па праўдзе, такое заўсёды і здараецца.)

Падаецца, усведамляючы сваю сапраўдную адказнасць у тым, што адбываецца (а дарослы бюракрат, надрэсіраваны на законы і правілы, выдатна адчувае, калі робіць упоперак закона, юрыдычнага і маральнага), бюракратыя зробіць усё магчымае, каб гэты вось досвед раз’яднання, рэпрэсій, пераследу, гвалту быў як найхутчэй не тое каб забыты, але дастаткова замоўчаны. Каб, набыўшы новенькую калектыўнасць, мы прыкінуліся, што нічога не змянілася і не зменіцца, і можна будзе цягнуць і цягнуць цяперашні час хаця б і знаёмымі рытуаламі судоў і канцэртаў.

Фінал гэтага шоу, па бюракратычным каноне, павінен увасабляць урачыстасць пасрэднасці і адсутнасць выніку. «Перамагло сяброўства», «галоўнае — удзел», «розныя — разам». Будзе вітацца ўсё, што пакіне становішча без відавочных зменаў. Нават абвешчаныя ворагі стануць роднымі і дарагімі, калі дапамогуць бюракратыі аднавіць ілюзію нязменнасці часу (як, напрыклад, зараз прапагандай аблюбаваны Зянон Пазняк).

Шоу гэтае будзе не надта цікавае і, як любы афіцыйны канцэрт ды любы суд, нуднае да ванітаў. Цягнуцца яно будзе таксама не адзін год, але няшчасную нашую культуру ратуе ад празмернага зацягвання толькі тое хіба, што ў кожнага маладога следчага і ў кожнай маладзенькай пракуроркі, чыімі рукамі сталая бюракратыя зберагае сваё становішча, у кожнай сакратаркі адміністрацыі, настаўніцы, ідэолага і нават у наглядчыка СІЗА ў кішэні ляжыць тэлефон з сацыяльнымі сеткамі. І па дарозе на чарговы афіцыйны канцэрт ці на чарговы пастановачны суд яны бавяць час у прасторы хаатычных гарызантальных стасункаў.

Не, яны будуць гэтаксама бессэнсоўна старэць і працаваць на тое, каб бясконцае шоу працягвалася, — такія працэсы да чорта марудныя. Яны вывучацца яшчэ лепей аддзяляць афіцыйнае ад паўсядзённага ды калектыўнае ад асабістага, і культура нашая яшчэ мацней раздваіцца. Яны выкшталцуюць у сабе выратавальнае адчуванне сваёй нязначнасці ды ахвярнасці. Карацей, іх чакае незайздросны, пусты шлях, які ўжо затапталі папярэднія пакаленні. Але ж якія апладысменты сарве той з іх, што ў фінале гэтага шоу, калі калектыўнасць павінна быць усеабдымнай і безвыходнай, раптам возьме ды і ўрубіць «Перамен», як тыя дыджэі. І штосьці мне падказвае, што будучыня ўсё ж такі здарыцца.

budzma.org