У ноч на 22 чэрвеня ў Брэсце пройдзе традыцыйная ваенна-гістарычная рэканструкцыя «22 чэрвеня Брэсцкая крэпасць». Удзельнікаў з Украіны сёлета па зразумелых прычынах не будзе, але затое будзе больш тэхнікі. Што яшчэ зменіцца ў гэтым годзе чытайце ў артыкуле.
У гэтым годзе рэканструкцыя падзей у Брэсцкай крэпасці будзе больш відовішчнай і пройдзе па новым сцэнарыі, паведамляе карэспандэнт Sputnik.
© Sputnik / Віктар Талочка
Нязменным застаецца месца і час правядзення тэатралізаванага паказу — каля пяці раніцы ў ноч на 22 чэрвеня на Кобрынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці. Як і ў мінулым годзе рэканструкцыю будуць трансліраваць на вялікіх экранах, а агучваць сцэнарый будзе дыктар.
Колькасць удзельнікаў скарацілася
У маштабным ваенна-гістарычным прадстаўленні ўдзельнічаюць рэканструктары з розных краін. У гэтым годзе будзе задзейнічана каля 300 чалавек з Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі, Балгарыі і па адным удзельніку з Кітая і Японіі. Рэканструктары з Кітая і Японіі ўжо бывалі ў Брэсце на 22 чэрвеня, але гэта было больш за 5 гадоў таму. З Еўропы ў гэтым годзе ў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі прымуць удзел каля 40 чалавек. Больш за ўсё ў рэканструкцыі задзейнічана беларусаў.
Звычайна ўдзельнікаў тэатралізаванага паказу значна больш — каля 500. У гэтым годзе колькасць меншая ў сувязі з тым, што шматлікая дэлегацыя з Украіны ўдзельнічаць не будзе. Паколькі ўдзельнікаў менш чым звычайна, арганізатары адмовіліся ад традыцыйнага парада рэканструктараў па вуліцы Гогаля ў бок вуліцы Савецкай.
Ва ўсім астатнім традыцыі захоўваюцца. Як і ў мінулыя гады, да 20 чэрвеня ўдзельнікі рэканструкцыі засяляюцца ў лагер, які размяшчаецца ў раёне крэпасці. І да самага світання 22 чэрвеня ўсе жывуць строга па статуце і акунаюцца ў тое жыццё, якое было ў 1941 годзе: ніякага сучаснага адзення, мінімальнае карыстанне мабільнымі тэлефонамі і іншымі гаджэтамі. Кожную раніцу — ранні ўздым і зарадка.
Нягледзячы на тое, што парада рэканструктараў не будзе, на вуліцы Савецкай усё гэтак жа ў гэтам годзе днём 21 чэрвеня адновяць апошні мірны дзень.
Ад матацыклаў да самалётаў
У гэтам годзе поўнасцю абноўлены сцэнарый рэканструкцыі.
«У аснову ўсё гэтак жа пакладзены паказ першага дня вайны і нападзенне на Брэсцкую крэпасць. У той жа час упершыню будуць узноўлены і іншыя эпізоды ваенных падзей тых часоў. У прыватнасці, упершыню гледачы ўбачаць абарону 62-га ўмацраёна. Спецыяльна для гэтай сцэны з дрэва быў пабудаваны дот на Кобрынскім умацаванні ў крэпасці. Таксама ў гэтым годзе на рэканструкцыі будуць выкарыстаны мяшкі з пяском», — распавядае адзін з арганізатараў, член савета ГА ВГК «Гарнізон» Дзяніс Лучыц.
У гэтым годзе гледачы ўбачаць значна больш рознай ваеннай тэхнікі. Другі раз за ўвесь час правядзення рэканструкцыі ў крэпасці будзе задзейнічаны самалёт Ан-2. Ён будзе адлюстроўваць нямецкага разведчыка, які спачатку праляціць над полем, а затым — нізка над чырвонаармейцамі і скіне лістоўкі з заклікам здацца ў палон.
Акрамя таго, у рэканструкцыі можна будзе ўбачыць нямецкі танк, які прадаставіць «Беларусьфільм», вялікую нямецкую шпітальную машыну, змайстраваную жыхаром Камянца. Таксама на рэканструкцыі будзе савецкая бронемашына і шмат нямецкіх матацыклаў. Яшчэ па сцэнарыі гэтага года ў рэканструкцыі будуць удзельнічаць коні.
Сёлета маштабная ваенна-гістарычная рэканструкцыя пачатку Вялікай Айчыннай вайны пройдзе ўжо адзінаццаты раз.