Беларусы ў эміграцыі прыдумалі «самаробны» навукова-папулярны часопіс па-беларуску, выдалі ўжо шэсць нумароў на паперы і ў інтэрнэце, а цяпер задумалі і прэмію для беларускіх навукоўцаў ад супольнасці чытачоў, піша Алесь Наваборскі на belsat.eu.
Часопіс «Pamyłka», № 6, і праект статуэткі прэміі «Бізон Гігс».
Калаж з выяваў: pamylka.zin / bison.higgs / Instagram
Часопіс «Pamyłka» («Памылка» — назву пішуць беларускай лацінкай) пачалі выдаваць у 2023 годзе ў Польшчы. Яго прыдумалі праграміст і фізік Юрый Адамаў і былая выкладчыца БДУ і папулярызатарка фізікі Святлана Волчак, яны ж і сталі першымі галоўнымі рэдактарамі.
«Памылку» выдаюць тройчы на год, ужо выйшла шэсць нумароў, якія можна пачытаць «на паперы», і пяць з іх ужо выклалі ў вольны доступ на GitHub. І «на паперы» — не проста раздрукоўка тэкстаў з інтэрнэту, а сапраўдны часопіс з прафесійным дызайнам, каляровым друкам на шасці дзясятках старонак. Тое, што аматары друкаваных выданняў называюць словам «зін».
Артыкул у часопісе «Pamyłka», № 5. Фота: Белсат
Як робяць часопіс і як плануюць навуковую прэмію, «Белсату» расказаў Міхаіл Волчак, адзін з аўтараў часопісу, які дапамагае арганізоўваць працу часопісу. Ягоная цікаўнасць — устойлівая «зялёная» энергетыка, у № 6 ён напісаў артыкул пра «энергію вады» — гальванічную рэакцыю ў вадзяных батарэях.
У гісторыі Беларусі было нямала самвыдату — хоць тая ж «Мужыцкая праўда» 1860-х. Былі і навукова-папулярныя часопісы па-беларуску, як то «Наша гісторыя» ад рэдакцыі «Нашай нівы». Ды «Pamyłka» шмат у чым унікальная: яе фінансуюць праз краўдфандынг і выдаюць пад свабоднай ліцэнзіяй, а ў аўтары заклікаюць усіх, хто можа цікава расказаць пра навуку і хоча зрабіць гэта па-беларуску.
Волчак перадусім падкрэслівае: гэта не «часопіс беларусаў у эміграцыі», а «часопіс для беларусаў усюды». Ён тлумачыць, што галоўныя прычыны стварэння часопісу — агулам адсутнасць камунікацыі беларускіх навукоўцаў між сабой і ў прыватнасці адсутнасць такой камунікацыі на беларускай мове. З папяровым часопісам прафесійныя навукоўцы, аматары і папулярызатары навукі прасоўваюць свае ідэі, знаёмяцца між сабой і з рэдактарамі, часам супрацоўнічаюць у раскрыцці тэмы, а заадно і ствараюць аповеды пра навуку, зразумелыя не-навукоўцам і напісаныя па-беларуску.
,,
«Можа, такое ўжо ёсць, але раскіданае па Telegram-каналах, — тлумачыць Волчак. — Але навуковыя веды — гэта не плынь, а хутчэй возера, дзе трэба спыніцца на сваім чоўне і падумаць. На мой погляд, часопіс гэта дазваляе рабіць спакойна».
Друкавацца запрашаюць тых, хто сцісла піша пра дакладныя навукі — ад геаграфіі да медыцыны, ад палеанталогіі да матэматычнага аналізу. Навуковых званняў не прапануюць, аўтарам можа стаць нават студэнт ці аматар (а можа і навуковец, які працуе ў вялікіх праектах). Абы артыкул адпавядаў патрабаванням рэдактара. Патрабаванні не надта строгія, у часопісе выходзяць артыкулы розных стыляў, нават рознымі правапісамі (афіцыйным ці класічным) і алфавітамі (кірыліцай ці лацінкай). У тэкстах не забароненыя смайлікі ці QR-коды, у часопісе нават ёсць коміксы, а ў адным з нумароў была рэцэнзія на фільм «Опэнгеймэр».
Не ўсе аўтары пішуць па-беларуску — рэдакцыя дапамагае перакладаць тэксты на беларускую. Волчак называе гэта «нябачным творчым працэсам»: часам даводзіцца шукаць найлепшы адпаведнік замежнаму навуковаму азначэнню, а бывае, навукоўцы ўпершыню сустракаюць пэўную беларускую тэрміналогію толькі ў сваіх жа артыкулах.
Артыкул у часопісе «Pamyłka», № 5. Фота: Белсат
Аўтарам прапануюць зусім сімвалічныя ганарары ў некалькі дзясяткаў еўра — і, як кажа Волчак, ад гэтых ганарараў часта адмаўляюцца. Рэдакцыя існуе на ахвяраванні чытачоў: ужо сабралася супольнасць ахвочых фінансаваць працу аўтараў, ілюстратараў і. Волчак нагадвае, што за публікацыі ў прафесійных навуковых часопісах самі аўтары плацяць немалыя грошы, нярэдка — пры ўмове папярэдняга ўдзелу ў платных канферэнцыях. Навукоўцы звыклі плаціць за тое, каб іх працу пабачыла навуковая супольнасць, «Pamyłka» ж прапануе пахваліцца сваёй працай перад шырокай аўдыторыяй бясплатна ці нават за невялікую ўзнагароду.
Падтрымаць часопіс можна праз сэрвіс «Buy me a coffee»: або проста даць сумы ад 5 еўра, або аформіць рэгулярную падпіску, або купіць друкаваную версію — ці заплаціць за «ранні доступ» да PDF-версіі, калі яна яшчэ не з’явілася ў вольным доступе. Само начынне часопісу пры гэтым бясплатнае: яно распаўсюджваецца паводле ліцэнзіі «Creative Commons» (CC BY-SA) і з’яўляецца на GitHub праз некаторы час па выхадзе друкаванага нумару.
Рэдакцыя часопісу «Pamyłka» анансавала прэмію супольнасці для беларускіх навукоўцаў «Бізон Гігс». Назва прэміі — гульня словаў. Базон Гігса — элементарная часцінка, існаванне якой было прадказаў Пітэр Гігс у 1964 годзе, але пацверджанне існавання якой шукалі аж да 2012 года, у тым ліку на славутым Вялікім гадронным калайдары. Бізон — лацінская назва зубра, сімвала Беларусі.
Намінаваць навукоўца на прэмію можа любы ахвочы. Трэба толькі, каб два чалавекі пацвердзілі датычнасць навукоўца да адкрыцця (будзь то новыя лекі ад раку ці праграма, якая па-новаму выкарыстоўвае тэхнічныя магчымасці смартфона). Заяўкі можна пакідаць тут, іх будуць прымаць у лістападзе і снежні. Галасаванне за пераможцу абяцаюць зрабіць адкрытым і плануюць на студзень-люты 2025 года. Пакуль жа збіраюць прызавы фонд (ахвяраваць можна на сэрвісе Gronka).
Міхаіл Волчак кажа, што прэмія — гэта спроба падтрымаць вольную навуку сіламі грамадства. Навука, кажа ён, гэта не сэрвіс для дзяржаўных інстытуцыяў ці карпарацыяў, а ў Беларусі навука несвабодная, бо пахваліш не таго калегу — могуць і пасадзіць. І навука ў Беларусі «нябачная».
«Я чытаю розныя медыі — і часам пішуць, памёр такі навуковец, памёр гэты, — расказвае Волчак. — Чамусьці мы даведваемся імёны толькі памерлых навукоўцаў. І гэта вялікая праблема: глядзіш — класны чалавек, паклаў жыццё на нейкую хімічную рэакцыю эфектыўнай зрабіць, лічыў гэта важным, але пра гэта грамадства не ведала, а даведалася толькі калі чалавек памёр. Прэмія створаная для таго, каб беларусы пачыналі даведвацца пра тых навукоўцаў, якія жывуць і твораць».
,,
«Гэта і падвышэнне самаацэнкі саміх навукоўцаў, якія ў такой „нябачнай зоне“ знаходзяцца, і падвышэнне разнастайнасці і бачнасці жыцця беларускага грамадства».
Волчак падкрэслівае, што любая навука, нават фундаментальная, робіць унёсак у жыццё людзей — і грамадства мае назваць тых, каму яно ўдзячнае, і падзякаваць ім хаця б сімвалічнай сумай.