25 траўня ў Мінску адбылося развітанне з легендарным беларускім музыкантам Андрэем «Філам» Філатавым.
«Нягледзячы на паважаны ўзрост, Андрэй увесь час удзельнічаў у імпрэзах, канцэртах, прэзентацыях, фестывалях. Не істотна, былі тое разавыя выступы, альбо працяг ранейшай супрацы, Філатаў выконваў тое, што ад яго патрабавалася заўсёды бліскуча – граў на барабанах, вёў канцэрты, спяваў блюз», – піша пра Андрэя Філатава Юрый Несцярэнка і распавядае пра яго зорны творчы шлях.
*пераклад з расейскай
Гэтыя радкі Андрэй Філатаў напісаў для песні «Вясновы дзень» рок-гурта «Сузор’е» амаль паўстагоддзя таму. Простыя і шчырыя словы цалкам магчыма было б зрабіць эпіграфам. А яшчэ можна дадаць, што яны сталі творчым крэда чалавека, які прысвяціў усё сваё жыццё беларускай рок-музыцы.

Андрэй Філатаў
Ва ўзросце дваццаці двух гадоў, у далёкім 1977 годзе Андрэй стаў адным з арганізатараў гурта «Сузор’е», які граў у аднайменным, так званым, камсамольска-моладзевым эксперыментальным кафэ пры Радыё-тэхнічным інстытуце (цяперашні БДУІР). Дзіўна, але мінскія музыканты, якія захапляліся сусветнай рок-музыкай у 1970-я гады, знаходзіліся нібыта ў нейкім спецыфічным становішчы адносна астатніх савецкіх рэспублік, калі ўлады не забаранялі ім граць усё, што яны хацелі. І яны гралі – Deep Purple, Led Zeppelin, Nazareth, Beatles, Black Sabbath ды іншую класіку рока.

«Сузор’е» напрыканцы 1970-х. Злева направа: Андрэй Казлоўскі, Андрэй Філатаў, Валянцін Пучынскі – музыканты, якія сабраліся пад назвай «Сузор’е» і Уладзімір Пучынскі – гукарэжысёр, а пазней прадзюсар калектыву
У хуткім часе Андрэй Філатаў разам са сваімі калегамі па «Сузор’ю» стаў пераможцам міжнароднага фестывалю палітычнай песні «Рыга 1978». Па сутнасці ў той час гэта былі першыя спробы зладзіць маштабныя фестывалі з удзелам рок-гуртоў. У прыбалтыйскіх рэспубліках у сярэдзіне 70-х такія мерапрыемствы праходзілі часцей і з добрай арганізацыяй.

Андрэй Філатаў з калегамі па гурце каля Домскага сабора ў Рызе
Сакавік 1981 года прынёс барабаншчыку Філатаву новы статус – ён афіцыйна быў прыняты на працу ў Белдзяржфілармонію ў складзе «Сузор’я». Касцяк гурта складалі тады браты Казлоўскія – Андрэй (сола-гітара) і Аляксей (бас-гітара, які далучыўся у самым пачатку 1980-х), Валянцін Пучынскі (гітара, вакал, аўтар музыкі). Гукарэжысёрам быў Уладзімір Пучынскі, пры пераходзе ў філармонію, ён стаў прадзюсарам калектыву. На пачатку 1980-х да каманды таксама далучыліся гітарыст Аляксандр Растопчын і клавішнік Аляксандр Несцяровіч. Канцэрты заўсёды былі аншлагавыя, «Сузор’е» рабіла для дзяржаўнай установы такія зборы, што гэтыя сумы дазвалялі трымаць на бюджэце філармоніі Мінскі камерны аркестр.

Вокладка міньона, які выпусціла фірма «Мелодыя». Абавязковая ўмова для любой савецкай пласцінкі – наяўнасць песень аўтарства члена Саюза кампазітараў СССР (у дадзеным выпадку Мікаэл Тарывердзіеў)
Забягаючы наперад, трэба адзначыць, што сузор’еўцы працавалі ў філармоніі да 1991 года, гэта значыць, да канца СССР. Але ўжо ў 1983 годзе ў гурта пачаліся праблемы з кіраўніцтвам філармоніі, звязаныя з агульнай «андропаўскай» палітыкай у адносінах да рок-музыкі (не прымаючы да ўвагі нават той факт, што на Усесаюзнай фірме «Мелодыя» у тым жа годзе выйшаў сінгл гурта з трыма песнямі). Карацей, не гледзячы на ўсе заслугі, «Сузор’е» загадам звыш было расфармавана.
Цяжка ўявіць, колькі трэба было зрабіць высілкаў, каб нейкім цудам аднавіць гурт. Пра назву не магло быць і размовы, таму цяпер калектыў называўся «ансамбль пад кіраўніцтвам Аляксандра Несцяровіча» (клавішнік «Сузор’я» быў адзіны, хто меў вышэйшую музычную адукацыю, што дазваляла не парушаць бюракратычныя нормы). Гурт у поўным складзе працягваў працаваць у філармоніі, выконваючы розныя «службовыя» місіі, але стараючыся не губляць свой твар. Напрыклад, загадам кіраўніцтва быў прызначаны як акампануючы ансамбль Святланы Кульпы пад назвай «Каляндар» (на афішах тады мікраскапічным шрыфтам у самым нізе пісалася (экс-Сузор’е).

Удзельнікі забароненага гурта «Сузор’е» на канцэртах у Таліне з Надзеяй Мікуліч
Даводзілася працаваць у якасці акампаніятараў з Надзеяй Мікуліч (экс- Чараўніцы, экс-Верасы), што, дарэчы, дапамагло музыкантам засвоіць новыя для іх народныя інструменты. З прыходам да ўлады Міхаіла Гарбачова, які абвясціў эпоху Перабудовы, скончыліся пакуты «no name» бэнда, і ў 1986 годзе гурт афіцыйна зноў стаў «Сузор’ем».

«Сузор’е» з вакалісткай Нэлі Дзянісавай
Андрэй Філатаў іграў у калектыве ад самага пачатку існавання гурта да яго фактычнага фінала.
Касцяк заставаўся нязменным, пры тым што «Сузор’е» актыўна прыцягвала да працы вельмі цікавых і таленавітых беларускіх музыкантаў.

Злева вакаліст Павел Харэвіч, Андрэй Філатаў у цэнтры, справа Аляксей Казлоўскі, унізе гітарыст Аркадзь Юшын
Калі ў маладой незалежнай рэспубліцы на пачатку 1990-х адкрыліся перспектывы працаваць на заходні рынак, музыканты вырашылі скарыстаць увесь свой багаты патэнцыял у гэтым кірунку. Новыя часы патрабавалі іншых падыходаў да творчасці.
Аляксандр Несцяровіч, які не так даўно пакінуў калектыў, ужо актыўна працаваў у Германіі з гуртом «Інспектар». Аляксандр Растопчын пасля «Сузор’я» некалькі гадоў граў у «Песнярах», а калі прыняў рашэнне сысці, запісаў уласнага аўтарства праграму «Blasted» з англамоўнымі песнямі, якія выканаў песняроўскі вакаліст Валерый Дайнэка. Гэта быў развітальны акорд Растопчына для Беларусі і адначасова візітоўка для ЗША, куды ён накіроўваўся.
Праз колькі гадоў і Аляксей Казлоўскі адправіцца за Растопчыным ў Нью-Ёрк (дзе яны разам час ад часу выступаюць з гуртом Rastop Power Trio пры ўдзеле барабаншчыка Джона Макалуза). Дарэчы, Валеры Пучынскі прыкладна ў той час таксама эміграваў на амерыканскі кантынент, дзе, на жаль, памёр у 2003 годзе і пахаваны ў Чыкага.
Але ж, вяртаючыся крыху назад, у пачатак 1990-х, Аляксей Казлоўскі разам з калегамі падрыхтаваў праграму на ангельскай мове, якая стылістычна моцна адрознівалася ад таго, што грала раней «Сузор’е». Не абышлося без непаразуменняў. Андрэй Казлоўскі сышоў з калектыву, налажыўшы вета на выкарыстанне старой назвы.
Так Андрэй Філатаў у 1992 годзе стаў барабаншчыкам новага калектыву пад назвай «Zindan». Гэта быў той жа склад класічнага «Сузор’я» з вакалісткай Нэлі Дзянісавай, толькі замест Андрэя Казлоўскага на гітары граў Серж Вядмедзь, а замест Аляксандра Несцяровіча на клавішных – Сяргей Гірута.

«Zindan» як працяг «Сузор’я» на новым узроўні
Творчыя пошукі былых «сузор’еўцаў» прывялі да заканчэння працы з «Зінданам» (Нэлі Дзянісава выбрала духоўны шлях, звязаны з праваслаўным храмам і пачала спяваць у царкоўным хоры). Мужчынская частка па-брацку аб’ядналася і ўзняла сцяг новай каманды пад назвай «Bros. In Blues».
Андрэй Філатаў зноў быў на чале праекта з братамі Казлоўскімі (Андрэй – гітара, Аляксей – бас), таксама з былым удзельнікам «Сузор’я» – Аркадзем Юшыным і з запрошаным слайд-гітарыстам Юрыем Міхайлавым.

Выступ «Bros. In Blues» ў Віцебску (Фота з музычнай газеты «Няміга»)
Паколькі «Bros. In Blues» практычна не займаліся ўласным прамоўшэнам і папулярызацыяй сваёй творчасці (граючы па прынцыпе «дзе бог пашле»), то дзейнасць іх з часам прыпынілася.
На змену ім, як не складана здагадацца, паўстала новае моцнае трыа са спяваючым басістам Аляксеем Казлоўскім і сола-гітарыстам Іллёй Шэўчыкам, які дзеля гэтага праекта сышоў з «Крамы». На барабанах першапачаткова быў Сяргей Кныш (таксама з «Крамы»), але ў хуткім часе месца за ўдарнымі надзейна заняў Андрэй Філатаў, дзе граў літаральна да сваіх апошніх дзён. Новы праект называўся «Mojo Blues». Гісторыя гэтага калектыву дастаткова пакручастая і мела некалькі перыядаў, калі склад гурта істотна змяняўся.

Андрэй Філатаў у складзе «Mojo Blues» у 1998 годзе, калі гурт выступаў разам з вакальным дуэтам «LiN»
Аляксей Казлоўскі ўрэшце рэшт з’ехаў у Амерыку. Замяніць яго было дастаткова складана, але выручыў басіст-вакаліст Алег Вінакураў з гурта «Флэт», які граў з Іллём Шэўчыкам і Андрэем Філатавым на працягу 2002 года.
Аднак Вінакураву цяжка было разрывацца на два гурты, таму на бас-гітары стаў граць Дзмітрый Андросік, а на вакал прыйшла таленавітая спявачка з Гомеля Юлія Петрушкевіч. Таксама з гуртом пэўны час супрацоўнічаў легендарны харпер, клавішнік і шоўмен Святаслаў «Свет» Хадановіч.
У хуткім часе «Mojo Blues» паехалі па кантракце ў Кітай амаль што на паўгады. Але назад вярталіся ужо без Юлі, якая падчас гастроляў выйшла замуж і засталася на абшарах паўднёва-ўсходняй Азіі.
Яшчэ адной спробай да аднаўлення дзейнасці «Mojo Blues» было прыцягненне да супрацы ў 2005 годзе Ігара Варашкевіча, лідара гурта «Крама», які на пэўны час стаў вакалістам і харперам у калектыве Іллі Шэўчыка і Андрэя Філатава.
Аднак, увогуле ў гурта справы ішлі не так добра, як раней і Ілля Шэўчык вырашыў з’ехаць у Кітай з намерам застацца там калі не назаўсёды, то на доўгія гады. Так яно і атрымалася.
Варта нагадаць, што Андрэя Філатава можна пачуць на трох альбомах «Mojo Blues»: «Love Across The Ocean» (1998), «I Gotta Move» (1999) i «Against The Destiny» (2004).
Андрэй Філатаў супрацоўнічаў з «Крамай» каля дзесяці гадоў, пачынаючы з пачатку 2000-х, паралельна з удзелам ў іншых праектах. Запісаў з легендарным гуртом альбомы «Хавайся ў бульбу» (2001) і «Усё жыццё – дзіўны сон» (2007). Адыграў з камандай Ігара Варашкевіча вялікую колькасць канцэртаў па ўсёй Беларусі, удзельнічаў у шматлікіх айчынных і міжнародных фестывалях.

Андрэй Філатаў у складзе «Крамы»
Асобны інтэрнацыянальны музычны праект, звязаны з «Крамай» называўся «Blues Barbarians». Па сутнасці, гэта «Крама» у поўным складзе плюс Леанід Вярэніч – знакаміты беларускі блюзавы гітарыст. Аднак самая разынка – гэта ўдзел у праекце легендарнага Мікалая Аруцюнава з «Лігі Блюза», які, акрамя ангельскамоўных блюзавых хітоў і ўласных рускамоўных, спяваў некалькі крамаўскіх песень на беларускай мове: «Выпі са мной да дна», «Падае дождж», «Бяжы, бяжы, хлопец».
Сама назва музычнай супольнасці не ставіла мэтай нікога палохаць – гэта была не адсылка да якіх-небудзь варвараў, якія граюць блюз, як умеюць. Гэта былі зашыфраваныя кавалкі ад абрэвіятур дзьвух прозвішчаў ВАРашкевіч і АРуцюнаў.

Сяброўскі шарж на «Варвараў Блюза» аўтарства Ігара Варашкевіча
Трэба адзначыць, што Андрэй Філатаў быў чалавекам адкрытым і шчырым. Шмат каму дапамагаў, і адзін з многіх гуртоў, з якім Андрэй сябраваў, быў Spoonfull Арцёма Крычэўскага. Напрыканцы 1990-х Крычэўскі шукаў магчымасць запісаць дэбютны альбом і Андрэй Філатаў дапамог яму ў гэтым пытанні.
Андрэй Філатаў быў гукарэжысёрам і вядоўцам на мерапрыемствах Star-Club Генадзя Старыкава – там яны пазнаёміліся з Крычэўскім і час ад часу супрацоўнічалі ў розных праектах. Калі ўзнікла нагода падрыхтаваць альбом, то, акрамя арганізацыйных момантаў, Андрэй яшчэ запісаў партыі ўдарных для Spoonfull. З тых часоў паміж музыкамі завязалася моцнае сяброўства, якое не раз мела працяг у сумесных выступах.

Філатаў на 20-годдзі Spoonfull
У сакавіку 2017 года адзначалася спунфулаўскае 20-годдзе. Філ быў не проста запрошаным госцем, ён быў зоркай і бесперапынна знаходзіўся ў цэнтры ўвагі. Акрамя таго, што Андрэй заўсёды выдатна вёў канцэрты, у апошнія гады, стаў усё часцей выходзіць з-за барабанаў і вельмі актыўна выконваць сольныя нумары. Гэта было сапраўднае шоу!

Юбіляр Арцём Крычэўскі падмяняе галоўнага шоўмена за ўдарнай устаноўкай
Каронным нумарам феерычных філаўскіх выступаў была кампазіцыя «Every day I Have The Blues»
Нягледзячы на паважаны ўзрост, Андрэй увесь час удзельнічаў у імпрэзах, канцэртах, прэзентацыях, фестывалях. Не істотна, былі тое разавыя выступы, альбо працяг ранейшай супрацы, Філатаў выконваў тое, што ад яго патрабавалася заўсёды бліскуча – граў на барабанах, вёў канцэрты, спяваў блюз.

Юрый Несцярэнка і Андрэй Філатаў на фестывалі «Канатоп» памяці легендарнага гітарыста 60-х гадоў Яўгена Канавалава ў дворыку музея Азгура
У памяці тых, хто ведаў яго, Андрэй застанецца шчырым, абаяльным, інтэлігентным і эрудзіраваным чалавекам, знаўцам музыкі і таленавітым выканаўцам, з якім заўсёды было прыемна сустрэцца, пагаварыць, ад якога нібыта ішлі цеплыня і святло.
Неабходна дадаць, што творчыя праекты, з якімі было звязана жыццё Андрэя Філатава працягваліся літаральна да апошніх дзён цікавага і неардынарнага музыканта. У 2020 годзе вярнуўся на Радзіму Ілля Шэўчык.

Mojo Blues у Гомелі 9 траўня 2026 года
Калісьці на блюзавым фестывалі ў польскіх Тыхах Андрэй Філатаў атрымаў галоўны прыз – камплект барабанаў «ТАМА». Няхай там, у лепшым свеце, у цябе, Андрэй, будзе колькі заўгодна самых розных інструментаў і найлепшая музыка.
Юры Несцярэнка, Budzma.org
Фота з асабістага архіва аўтара