Прэм’ера ад «J: МОРС» і «Вольных купалаўцаў» — альбом «Зэкамерон»

На лічбавых пляцоўках адбылася прэм’ера супольнага альбома «J: МОРС» і «Вольных купалаўцаў» — «Зэкамерон», які змяшчае песні на вершы палітвязняў, створаныя адмыслова да аднайменнага спектакля, у якім граюць акторы Алег Гарбуз, Сяргей Чуб і лідар гурта Уладзімір Пугач.

«Zekamieron»

«Мая незапланаваная вандроўка ў чароўны сусвет тэатра, якая доўжыцца ўжо два гады, — проста збег абставінаў. Мы трапляем у пэўны час, у пэўнае месца і побач з пэўнымі людзьмі, нічога асабліва не чакаючы. А потым адбываецца цуд — на тваіх вачах нараджаецца спектакль “Зэкамерон”: ад стварэння сцэнара да прэм’еры.

Альбом песень, створаных да гэтага спектакля, для мяне — спосаб захаваць яскравыя і важныя падзеі, часткай якіх я стаў. Ён як каменьчыкі ці ракавінкі, прывезеныя з цудоўнай вандроўкі, альбо як сямейны фотаальбом, які заўсёды побач.

Я даўно вырашыў стварыць гэты праект — вельмі асабісты для мяне, зроблены ад сэрца, часам нават насуперак законам шоу-бізу.

Гэтыя песні — пра стойкасць і моц духу. Праз гумар, праз пакуты, але заўсёды — з верай і надзеяй. Таму менавіта сёння — у Дзень салідарнасці з палітзняволеннымі.

Вялікі дзякуй @kupalaucy і @j_mors за падтрымку і дапамогу здзейсніць маю ідэю», — напісаў Уладзімір Пугач на сваёй старонцы ў Фэйсбук.