«Узровень бяспекі, супастаўны з мерапрыемствамі НАТА», — з такімі загалоўкамі выходзілі медыя напярэдадні канцэрта беларускага спевака Макса Каржа ў Румыніі. 23 траўня артыст сабраў чарговы стадыён у Еўропе: прэса піша пра «найбуйнейшы паток замежных турыстаў на івэнт у гісторыі Румыніі», які нават ускалыхнуў мясцовы рынак арэнды нерухомасці. Наперадзе — стадыёны ў Турцыі і Германіі. Маштаб сапраўды ўражвае: ужо шмат гадоў колькасць наведвальнікаў на канцэртах Каржа вымяраецца дзясяткамі тысяч чалавек — і іх збірае беларус.
Мікалай Заяц разважае пра тое, чаму нягледзячы на тое, што Макс Корж выконвае свае песні па-расейску, не варта лічыць яго «чужым» ці «прадуктам расійскага рынку».

Мікалай Заяц. Фота з асабістага архіву
Як і ў кожнага вядомага выканаўцы, вакол асобы Каржа заўжды віруе палярызацыя — і часам яна шырэйшая за музычныя прэферэнцыі. Але пакуль нехта піша чарговы папрок у каментарыях, у гэты самы момант на найбуйнейшых арэнах Еўропы беларускі спявак выконвае песні пра беларускія Мінск і Лунінец, а перад шматтысячным шматнацыянальным натоўпам з гонарам кажа: «Я беларус з Лунінца!». Рэдкім, але ж існуючым беларускамоўным устаўкам у трэках у адзін голас падпяваюць дзясяткі тысяч людзей на еўрапейскіх стадыёнах.

Макс Корж падчас канцэрта на PGE Narodowy у Варшаве. Паслухаць спевака прыйшлі дзясяткі тысяч чалавек, а сам Корж выступаў у цішотцы з лагатыпам ФК Лунінец (і гербам беларускага горада)
Менавіта ў такія хвіліны для многіх маладзёнаў з розных краін Беларусь перастае быць «белай плямай» і робіцца зразумелым цэнтрам прыцягнення. Гэта ж і ёсць тая самая «мяккая сіла», пра якую мы шмат гаворым у тэорыі, але рэдка маем магчымасць пабачыць на практыцы.
Ён цалкам мог бы пайсці куды больш лёгкім шляхам — маўчаць, выступаць у Маскве ці Піцеры, збіраць «Лужнікі» і без праблем купацца ў шматмільённых расійскіх ганарарах. Але ягоная пазіцыя па падзеях 2020 года і выхад на Пушкінскую, выказванні супраць вайны на канцэртах і ў трэках — далі вынік у выглядзе вымушанай эміграцыі, адмены канцэртаў у Расіі і немагчымасці выступаць у Беларусі, унясення ў чорныя спісы.
Ён зрабіў свой выбар, і гэты выбар сведчыць пра яго каштоўнасці куды больш пераканаўча, чым любыя, часам нават не самыя выразныя, дэкларацыі.
Вядома, для многіх беларусаў трыгерам для крытыкі застаецца мова выканання. Але нацыянальная ідэнтычнасць — гэта не лабараторная стэрыльнасць, гэта з’ява куды больш складаная і шматслойная за лінгвістычныя межы. Мова з’яўляецца яе важнай часткай, але не адзінай.


Вокладка альбома Макса Каржа. У беларускім традыцыйным строі — Макс Корж з жонкай і дачкой
Макс Корж — беларус і, што вельмі важна, не сцірае сваю ідэнтычнасць, а падкрэслівае.
Ён кажа пра яе гучна і адкрыта. Сёння — узгадваючы Беларусь з еўрапейскіх стадыёнаў, раней — праз свае першыя беларускамоўныя трэкі яшчэ ў складзе гурта LunClan (вось, напрыклад, радкі Каржа з трэку «Тата Лунінец»: «Мы вернемся сюды, перабудуем усё, як мы жадаем: плошчу Леніна ў плошчу Каліноўскага, вуліцу Савецкую ў вуліцу Скарыны, сквер Гусоўскага ў парк Ластоўскага»). У прамежках — дэманструючы прывязку да сваіх каранёў, размяшчаючы беларускі народны строй на вокладцы свайго альбома, наведваючы Дні вышыванкі ў Мінску і ў шмат чым іншым. Сам жа ён не толькі выконваў калісьці трэкі па-беларуску, але і завітваў на канцэрты беларускамоўных выканаўцаў. Напрыклад, прыходзіў на канцэрт да Лявона Вольскага ў Мінску — і разам з усімі таксама падпяваў па-беларуску.
Макс Корж на канцэрце Лявона Вольскага падпявае «Тры чарапахі»
«Іду я па Траецкім, а тут такі сюрпрыз»: відэа з інстаграма Макса Каржа з яшчэ аднаго канцэрта Вольскага ў Мінску. Корж падпявае «Простыя словы»
Нараканні на тое, што Макс Корж сёння выконвае песні па-руску, а значыць — аўтаматычна робіцца «расійскім спеваком», гучаць занадта спрошчана. Калі рупліўцы беларушчыны пачынаюць адкідваць сваіх жа землякоў праз неадпаведнасць ідэальным крытэрам, выглядае гэта як адмаўленне ад тых, хто робіць Беларусь бачнай у свеце.
Дарэчы, у нашай размове ў далёкім 2013 годзе, якая таксама публікавалася на партале «Будзьма беларусамі», Макс Корж расказаў, як рабіў у свой час музыку для беларускамоўных выканаўцаў — Vinsent’а і Zeman’a (у апошняга, дарэчы, нядаўна выйшаў новы беларускамоўны альбом). Тады ж спявак, які на той час ужо быў здольны сабраць Палац спорту ў Мінску, адзначаў, што з беларускамоўнай музыкі нікуды не сыходзіў, а пазней паўдзельнічаў у інтэрнэт-дадатку да складанкі беларускамоўнай музыкі «Жалуды». Таму, хто ведае, магчыма, мы яшчэ пачуем, як на якімсьці еўрапейскім стадыёне будуць падпяваць беларускамоўнаму трэку Каржа.
Зразумела, што мова выканання для Каржа — гэта пытанне камерцыйнай звычкі і аўдыторыі, да якой ён прызвычаіўся. Але мы жывем у эпоху, калі межы размываюцца, а роля артыста выходзіць далёка за межы музыкі. Менавіта таму размова пра беларускамоўны трэк — гэта пра стратэгічны выбар артыста, які быў бы натуральным працягам яго самаідэнтыфікацыі. І ён жа мог бы адкрыць Беларусь мільёнам маладых людзей, што сёння ведаюць пра нас толькі па навінах.
Калі вам не блізкая музыка Каржа, няма нічога больш эфектыўнага, чым проста яе не слухаць. Галоўная перавага нашага часу ў тым, што ён дае права выбару.
Але штучна рабіць беларускага спевака «чужым» ці «прадуктам расійскага рынку» — так сабе задумка. У часы, калі наша грамадства і так раскіданае па свеце, нам жыццёва неабходна шукаць саюзнікаў, а не пладзіць штучных ворагаў з шэрагу «сваіх».
Бо калі мы будзем адкідваць кожнага, хто не адпавядае абсалютнаму эталону, мы застанемся ў вельмі ідэйным, гераічным… але абсалютна пустым пакоі.
Мікалай Заяц, Budzma.org