Памёр беларускі мовазнаўца Генадзь Цыхун

18 кастрычніка памёр вядомы беларускі мовазнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар Генадзь Цыхун. Яму было 87 гадоў. Пра яго смерць паведаміла дачка Алеся Літвіноўская.


Генадзь Цыхун нарадзіўся 30 кастрычніка 1936 года ў вёсцы Кунцаўшчына Гродзенскага раёна. Ён быў сынам пісьменніка і краязнаўцы Апанаса Цыхуна.

Hienadź Cychun, fota TBM
Генадзь Цыхун, фота ТБМ

У 1958 годзе Цыхун скончыў Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Філолаг. Выкладчык балгарскай мовы і літаратуры» і стаў навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР. Навучаўся ў аспірантуры на кафедры славянскай філалогіі Ленінградскага ўніверсітэта і стажыраваўся ў Сафійскім універсітэце.

З 1966 года пачаў выкладаць у Беларускім дзяржаўным універсітэце дыялекталогію, арэальную лінгвістыку, балканістыку, балгарскую і македонскую мовы. У 1968 годзе стаў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. У 1982 годзе ў Мінску абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Тыпалагічная праблема балкана-славянскага моўнага арэалу».

У 1991-1993 гадах быў старшынём Камісіі па ўдасканаленні правапісу Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, у якую ўваходзілі мовазнаўцы Вінцук Вячорка і Зміцер Санько. У 1993-1994 гадах працаваў у Дзяржаўнай камісіі па ўдакладненні правапісу беларускай мовы. З 1995 года быў старшынём Тэрміналагічнай камісіі пры Міністэрстве адукацыі Беларусі.

З 1992 года Генадзь Цыхун быў старшынёй Таварыства «Беларусь-Балгарыя» і намеснікам старшыні Беларускага камітэта славістаў.

Сярод яго навуковых інтарэсаў былі этымалогія, балканістыка, арэальная лінгвістыка, гісторыя славістыкі. Цыхун актыўна займаўся даследаваннем беларускай мовы і з’яўляўся сааўтарам «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы».

Генадзь Цыхун апублікаваў больш за 300 прац па тыпалогіі славянскіх моў і іх сувязях, гаворках Палесся, праблемах праславянскай мовы, беларускай этымалогіі і дыялекталогіі, а таксама гісторыі беларускай славістыкі.