14 студзеня памёр вядомы віцебскі мастак Фелікс Гумен. Яму было 84 гады, піша «Наша Ніва».
Фелікс Гумен. Фота з сацсетак
Фелікс Гумен нарадзіўся 28 сакавіка 1941 года ў сяле Кальцова Кумарскага раёна Амурскай вобласці ў сям’і вайскоўца. Ягоныя дзяцінства і юнацтва прайшлі ў частых пераездах па месцы службы бацькі.
Школу Гумен скончыў у Ваўкавыску, а ў 1958 годзе паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Сцвярджаецца, што ён быў першым у СССР маладым мастаком, чыім дыпломным праектам была акварэль.
Півоні. Карціна Фелікса Гумена
З 1965 па 1974 год выкладаў на мастацка-графічным факультэце ў Віцебскім педагагічным інстытуце. З 1967 па 2006 год быў членам Беларускага саюза мастакоў (выйшаў з яго па ўласным жаданні).
Усё жыццё працаваў пераважна ў тэхніцы акварэлі. Асноўныя жанры — пейзаж, нацюрморт, партрэт.
З 1972 года мастак зладзіў больш за 20 персанальных выстаў, у тым ліку за межамі Беларусі.
Адна з работ Фелікса Гумена
Творы Фелікса Гумена знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі (сам майстар падарыў яму больш за дзве тысячы сваіх работ), Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Масленнікава, Полацкай карціннай галерэі, дырэкцыі мастацкіх выстаў Расіі ў Маскве, а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі і замежных краін.