Памёр выдавец Віктар Хурсік

Сёння пасля працяглай хваробы пайшоў з жыцця беларускі выдавец Віктар Хурсік. Пра гэта паведаміла яго сям’я на ягонай старонцы ў фэйсбуку.


photo_2023-01-06_19-34-44.jpg

«Сёння пасля працяглай хваробы перастала біцца сэрца дарагога, блізкага нам чалавека, мужа, бацькі, дзядулі. Пайшоў з жыцця Віктар Хурсік. Хай у сэрцах тых, хто яго знаў, назаўсёды застанецца яго светлае справа як кнігавыдаўца і грамадскага дзяяча, яго непахісны аптымізм і вера ў лепшае. Для нас ён заўсёды будзе лепшым дарадцам і каханым чалавекам», — напісалі родныя Віктара Хурсіка.

Віктар Хурсік — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, кнігавыдавец, публіцыст.

Нарадзіўся ў 1953 годзе. Скончыў Мінскі політэхнічны тэхнікум. Мае два вынаходніцтвы ў галіне станкабудавання.

Аўтар дакументальных кніг «Магдалена Радзівіл. Белы лебедзь у промнях славы», «Трагедыя белай гвардыі» (пра час Кастуся Каліноўскага) «Кроў і попел Дражна».

З 2009 года быў прыватным выдаўцом. Выдаў каля 350 кніг, сярод іх кнігі Уладзіміра Някляева, Лідзіі Арабей, Івана Бурсава, Андрэя Каляды, Сяргея Панізніка.