СААЗ заявіла, што сітуацыя з пандэміяй у свеце пагаршаецца

Сітуацыя з распаўсюдам каранавіруса ў Еўропе паляпшаецца, аднак у цэлым у свеце яна пагаршаецца. Пра гэта заявіў у панядзелак на брыфінгу ў Жэневе генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Тэдрас Аданам Гебрэесус, паведамляе «Звязда» са спасылкай на ТАСС.

106463777-1585319919691gettyimages-1208271331.jpeg

«СААЗ атрымала паведамленні аб амаль 7 млн ​​выпадках заражэння каранавірусам у свеце і на амаль 400 тыс. памерлых», — сказаў ён. «Хоць сітуацыя ў Еўропе паляпшаецца, у глабальным маштабе яна пагаршаецца», — канстатаваў кіраўнік СААЗ.

Тэдрас Аданам Гебрэесус нагадаў, што на працягу 9 з апошніх 10 дзён у свеце штодня рэгістравалася больш за 100 тыс. новых хворых. У нядзелю гэты лік перавысіў 136 тыс. за адзін дзень. «Амаль 75% учорашніх выпадкаў належаць 10 дзяржавам, у асноўным у Амерыцы і Паўднёвай Азіі», — адзначыў ён. Тэдрас Аданам Гебрэесус нагадаў, што «большасць краін Афрыкі ўсё яшчэ адчуваюць рост выпадкаў захворвання COVID-19 (выкліканае каранавірусам захворванне)». «Мы бачым таксама рост колькасці выпадкаў COVID-19 у раёнах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі», — сказаў кіраўнік СААЗ.

Паводле яго слоў, галоўнай пагрозай у гэтых дзяржавах з’яўляецца «самазаспакоенасць». «Мы працягваем заклікаць да актыўнага назірання», — сказаў ён, падкрэсліўшы, што неабходна не дапусціць пашырэння распаўсюджвання інфекцыі, «асабліва падчас масавых сходаў рознага роду, якія пачынаюць аднаўляцца ў многіх краінах».

Гендырэктар таксама паведаміў, што СААЗ склікае 9 чэрвеня анлайн-нараду па пытанні адсочвання кантактаў каранавірусных людзей са здаровымі. «Пачынаючы з заўтрашняга дня СААЗ склікае анлайн-кансультацыі па адсочванні кантактаў па захворванні COVID-19, каб падзяліцца тэхнічным і аперацыйным вопытам, уключаючы інавацыі ў лічбавай тэхналогіі», — сказаў ён.

Кіраўнік СААЗ падкрэсліў, што адсочванне кантактаў «застаецца асноўным элементам рэагавання» на пандэмію. Разам з тым лічбавыя інструменты кантролю «могуць быць праблематычнымі для прыватнага жыцця». «Патрабуецца больш сведчанняў адносна эфектыўнасці гэтых інструментаў для адсочвання кантактаў», — сказаў Тэдрас Аданам Гебрэеесус.