Кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Адханам Гебрэйесус заявіў, што 2022-ы можа стаць апошнім годам пандэміі каранавіруса, але толькі пры ўмове, калі краінам свету ўдасца скончыць з несправядлівасцю і няроўнасцю пры размеркаванні вакцын.
У сваім навагоднім звароце Гебрэйесус назваў прычынай з'яўлення новага варыянту ковіда "амікрон" "вузкі нацыяналізм і стварэнне празмерных запасаў вакцын некаторымі краінамі". СААЗ неаднаразова крытыкавала багатыя дзяржавы свету, якія ў апошні час прапануюць сваім грамадзянам рабіць трэція прышчэпкі-бустэры, у той час як у многіх рэгіёнах значная частка насельніцтва не атрымала і першую дозу вакцыны.
На думку кіраўніка СААЗ, такі падыход стварыў "ідэальныя ўмовы для з'яўлення "амікрона". "І чым даўжэй будзе парушацца прынцып справядлівасці, тым вышэй рызыка далейшых змяненняў гэтага віруса, якія мы не можам ні прадухіліць, ні прадказаць", – сказаў Гебрейесус.
На думку экспертаў, новыя мутацыі віруса ўзнікаюць ва ўмовах яго актыўнага распаўсюджвання, калі заражаецца ўсё больш людзей у розных краінах свету. Ўспышка "амікрона" прывяла да рэзкага скачка захворвання ў свеце, але па папярэдніх дадзеных, гэты варыянт прыводзіць да менш цяжкай плыні хваробы і інфікаваныя значна радзей аказваюцца ў бальніцах.
Тым не менш, улады краін свету паведамляюць, што з-за вялікай колькасці хворых і вымушаных самаізалявацца супрацоўнікаў парушаецца праца розных дзяржаўных і прыватных службаў, у тым ліку авіятранспарту, аховы здароўя, паліцыі і пажарных. У апошнія дні з-за "амікрона" былі адмененыя тысячы авіярэйсаў па ўсім свеце.
Гебрэйесус адзначыў, што за тры гады пандэміі свет распрацаваў мноства інструментаў супраць ковіда, у тым ліку зроблена больш за 8,5 млрд прышчэпак, што дапамагло выратаваць мільёны жыццяў. "Цяпер, калі мы ўступаем у трэці год гэтай пандэміі, я ўпэўнены, што гэта будзе год, у якім мы скончым з ёй, але толькі калі мы зробім гэта разам, – заявіў кіраўнік СААЗ. – Калі мы скончым з несправядлівасцю, мы зможам пакласці канец пандэміі".
Раней СААЗ паставіла задачу вакцынаваць прынамсі 40% насельніцтва ва ўсіх краінах свету, аднак у большай частцы краін Афрыкі гэтая мэта не выкананая. Цяпер арганізацыя лічыць, што для заканчэння пандэміі неабходна да ліпеня 2022 года вакцынаваць 70% жыхароў планеты.
Паводле звестак Універсітэта Джонса Хопкінса, у свеце зарэгістравана ўжо 288,3 млн выпадкаў ковіда, 5,4 млн чалавек памерлі.