Паніхіда за Сяргея Вітушку і развітанне з ім адбудзецца ў Мінску ў сераду 4 ліпеня а 12.00 у грэка-каталіцкім храме ў душпастырскім Цэнтры Святога Язэпа (вул. Арджанікідзэ, д. 6, ст.м. «Аўтазаводская»).
***
Сяржук нарадзіўся ў 1965 годзе ў мястэчку Чысць.
Скончыў гістфак БДУ.
Шмат пісаў на тэмы маладзёвага руху, аховы помнікаў, краязнаўства. З 1991 года жыў у Вільні, працаваў у беларускай школе, на радыё і тэлебачанні. Страціўшы зрок, не спыніў актыўнае дзейнасці, у прыватнасці, арганізоўваў «сляпыя экскурсіі» для беларусаў па старажытнай сталіцы ВКЛ, працягваў шмат пісаць, у тым ліку дзіцячыя казкі і п’есы-батлейкі.
У 2011 годзе выйшла яго кніга «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!». Радыё «Рацыя» зафундавала кампакт-дыск на яе аснове.
Яго прэзентацыя ў Мінску стала апошняй імпрэзай з ягоным удзелам.
Пасля страты нагі яго перавезлі жыць у віленскую кватэру Сяргея Дубаўца, што на першым паверсе. Бо з пятага паверху сваёй кватэры Вітушку цяжка было вазіць на штодзённыя працэдуры ў шпіталь.