Апошні кароль і вялікі князь. Гістарычны след Станіслава Аўгуста Панятоўскага

03.12.2021 Гісторыя

«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповяд пойдзе пра Станіслава Аўгуста Панятоўскага.


С.Панятоўскі нарадзіўся ў мястэчку Воўчын Брэсцкага павета (цяпер Камянецкі раён Брэсцкай вобласці). Паходзіў з магнацкага роду Панятоўскіх, параднёнага з магнатамі Чартарыйскімі. Сын Станіслава, уплывовага палітыка і кракаўскага кашталяна, і Канстанцыі з Чартарыйскіх. Атрымаў выдатнае хатняе выхаванне, а потым і добрую адукацыю. Скончыў калегіум каталіцкага ордэна тэатынаў у Варшаве. Рос у асяроддзі, звязаным з вышэйшымі коламі ўлады Рэчы Паспалітай. З маладосці быў звязаны з групоўкай Чартарыйскіх, якая мела значны ўплыў у Рэчы Паспалітай. У маладосці шмат вандраваў, быў у Англіі, Галандыі, Францыі, Германіі. Знаходзіўся пад моцным уплывам еўрапейскага Асветніцтва.

000.jpg

У 1755–1764 гадах займаў ганаровую пасаду стольніка ВКЛ. У 1755–1756 і 1757–1758 гадах знаходзіўся ў Санкт-Пецярбургу, дзе выконваў абавязкі сакратара англійскага пасольства, пазней быў паслом ад Саксоніі і Рэчы Паспалітай. У гэты час ён зблізіўся з вялікай княжной (пазней царыцай) Кацярынай Аляксееўнай, быў у ліку яе фаварытаў і меў ад яе дачку. Ад уплыву гэтай незвычайнай жанчыны Панятоўскі не пазбавіўся на працягу ўсяго жыцця.

Пасля смерці ў 1763 годзе караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста III Чартарыйскія і Кацярына II выставілі кандыдатуру С.Панятоўскага на трон Рэчы Паспалітай. Стаўка на яго кандыдатуру не мела нічога агульнага з апекаваннем каханка. Тым больш што раман даўно закончыўся. Гэта быў халодны разлік, падтрыманы веданнем асобы будучага манарха. Размова ішла аб тым, каб паставіць на чале дзяржавы паслухмянага чалавека. Расійская імператрыца разлічвала на падпарадкаванне сабе новага караля і на яго падтрымку ў заўладанні ўсходняй Беларуссю і ўсходняй Латвіяй. Пры падтрымцы расійскіх войскаў на элекцыйным (выбарчым) сойме 6 верасня 1764 года С.Панятоўскі быў абраны каралём. Пасля элекцыі ўзяў імя Аўгуст і не меў намеру быць чыёйсьці бязвольнай марыянеткай. Ён лічыў, што павінен узяць на сябе місію рэфарматара Рэчы Паспалітай, і імкнуўся пераканаць у мэтазгоднасці сваіх планаў магутную пратэктарку.

Першыя гады яго праўлення прайшлі даволі спакойна. Склалася нават думка, што пачалося адраджэнне Рэчы Паспалітай. Разам са сваімі сваякамі Чартарыйскімі С.Панятоўскі праводзіў палітыку рэформ, узмацняў дзяржаўную ўладу, абмежаваў «ліберум вета», спрабаваў пазбавіцца залежнасці ад Расіі. Дбаў пра развіццё гарадоў.

001.jpg

С.Панятоўскі быў мецэнатам навукі і мастацтва. Аказваў маральную і матэрыяльную падтрымку дзейнасці вучоных і літаратараў, развіццю асветы. Заснаваў у Варшаве кадэцкі корпус, у Вільні — корпус інжынераў Вялікага Княства Літоўскага. Стварыў Адукацыйную камісію і садзейнічаў яе дзейнасці. Пачаўся росквіт тэатра. У архітэктуры аформілася плынь, вядомая пад назвай «стыль Станіслава».

За часы праўлення С.Панятоўскі значна папоўніў бібліятэку, калекцыю мастацкіх твораў, нумізматычную калекцыю, якія пачаў збіраць яшчэ да ўзыходжання на трон. Прыдворная бібліятэка налічвала да 20 тысяч тамоў кніг і рукапісаў. Значная частка яго бібліятэкі і нумізматычнай калекцыі ў 1805 годзе была набыта для Камянецкага ліцэя (ва Украіне), пасля закрыцця якога трапіла ў Кіеўскі ўніверсітэт. Зараз яна захоўваецца ў бібліятэцы Акадэміі навук Расіі.

Рэформы Станіслава Аўгуста ўзмацнілі дзяржаву, але ўстрывожылі Расію і Прусію. А непаслядоўнасць і нерашучасць С.Панятоўскага змянілі настроі грамадства ад захаплення да варожасці да караля, чыя ўлада апынулася пад кантролем Расіі. У 1768 годзе Кацярына II навязала Рэчы Паспалітай дагавор аб нязменнасці яе дзяржаўнага ладу. У адказ шырокія колы шляхты стварылі Барскую канфедэрацыю — узброены саюз, які выступіў за незалежнасць краіны, а адначасова — супраць караля і яго апякункі. Расійскія войскі нанеслі канфедэратам паражэнне, што падрыхтавала першы падзел Рэчы Паспалітай (1772). С.Панятоўскі, які ў другі раз быў абавязаны сваёй уладай расійскім штыкам, пратэставаў супраць падзелу, звяртаўся да еўрапейскіх двароў, але ніводная дзяржава на дапамогу не прыйшла. Перад пагрозай магнацкай апазіцыі абапіраўся на падтрымку расійскага пасла Антона Штакельберга, у згодзе з якім хацеў умацаваць сваю ўладу і правесці патрэбныя рэформы.

На хвалі нацыянальнага ўздыму народаў Рэчы Паспалітай пад пагрозай страты дзяржаўнасці Станіслаў Аўгуст паступова ўзмацніў сваю ўладу. Была створана пастаянная Рада — цэнтральны орган выканаўчай улады на чале з каралём; абмежавана ўлада гетманаў, і каралю было падпарадкавана войска. Прыняты рашэнні, накіраваныя на развіццё прамысловасці і гандлю, паляпшэнне прававога становішча мяшчан. У час Чатырохгадовага сойма (1788–1792) далучыўся да патрыятычнага лагера, падтрымаў рэфарматараў і садзейнічаў радыкальнай змене дзяржаўнага ладу. Сойм правёў шматлікія і грунтоўныя рэформы, вынікам якіх стала Канстытуцыя 3 мая 1791 года. З’яўляўся яе сааўтарам.

Супраць Канстытуцыі выступілі многія магнаты. Яны стварылі ў 1792 годзе Таргавіцкую канфедэрацыю, якая прывяла да акупацыі краіны расійскімі войскамі. Рэформы былі скасаваны. Кароль далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі. Капітулянцкая пазіцыя С.Панятоўскага, у тым ліку на Гродзенскім сойме 1793 года, дзе ён пагадзіўся на другі падзел Рэчы Паспалітай, кінула цень на ўсё яго 30-гадовае праўленне.

Паўстанне 1794 года Тадэвуша Касцюшкі напалохала С.Панятоўскага. Ён баяўся за свой лёс, і толькі ўпэўненасць у рыцарскім характары Касцюшкі давала яму надзею на спрыяльны зыход. Быў адхілены ад улады, хоць фармальна захаваў трон. З пачаткам паўстання яго ўплыў на публічныя справы сышоў на мінімум. Пасля разгрому паўстання па загадзе Кацярыны II выехаў у Гродна, дзе даведаўся пра трэці падзел Рэчы Паспалітай. Быў вымушаны пад ціскам Кацярыны II 25 лістапада 1795 года, пасля непрацяглага торгу (галоўным чынам адносна выплаты каралеўскіх даўгоў), адрачыся ад трона на яе карысць. Гэты акт афіцыйна спыніў існаванне Рэчы Паспалітай. Пазбаўлены ўлады, спачатку жыў пад наглядам у Гродне, у Новым замку, у становішчы ганаровага вязня. У 1796 годзе быў выкліканы Паўлам I у Пецярбург, дзе ўтрымліваўся на пенсіі, выдзеленай Кацярынай II. Пражыў апошнія гады ў раскошы ў расійскай сталіцы. Пакінуў пасля сябе вялікія даўгі і мемуары. Мемуары выдадзены ў 1914–1916 гадах Расійскай акадэміяй навук.

Памёр у Пецярбургу, пахаваны ў касцёле Святой Кацярыны. У 1938 годзе астанкі С.Панятоўскага былі перададзены польскім уладам. Іх перазахавалі на яго радзіме — у Траецкім касцёле мястэчка Воўчын, а 14 лютага 1995 года перазахавалі ў Варшаве, у кафедральным саборы Святога Яна, а не на кракаўскім Вавелі — месцы пахавання польскіх каралёў.