«Папялушка» на VOKA: відэасэрвіс выпусціў новую версію знакамітай казкі ў беларускай агучцы

02.11.2021 Кіно

Спецыяльна да школьных канікул VOKA выпусціў у беларускім дубляжы сямейны фільм — «Папялушку» Disney з Лілі Джэймс і Кейт Бланшэт у галоўных ролях.


VOKA_Папялушка_1280x720px.jpg

«Папялушка» Кенета Браны (рэжысёра «Тора», «Шпіка» і «Забойства ва Усходнім экспрэсе») выйшла ў 2015 годзе і з’яўляецца рэмейкам аднайменнага мультфільма Disney 1950 года. Гэта ўсё тая ж чароўная казка пра добрую дзяўчыну, яе прыдзірлівую мачыху, зайздрослівых сясцёр і прыгожага прынца — але ўжо з сучаснымі спецэфектамі. Фільм здымалі ў раскошных дэкарацыях, а касцюмы герояў прынеслі яму намінацыю на «Оскар».

Экранізацыя стала паспяховай у тым ліку і дзякуючы зорнаму складу: акрамя Лілі Джэймс і Кейт Бланшэт, у фільме зняліся Рычард Мэдэн, Хелена Бонем Картэр, Стэлан Скарсгард і іншыя.

У беларускай версіі галоўныя ролі агучылі Вераніка Пляшкевіч (Папялушка), Крысціна Дробыш (Мачыха) і Сяргей Жбанкоў (Прынц). Новы афіцыйны дубляж фільма падрыхтаваны студыяй «Кінаконг» спецыяльна для відэасэрвісу VOKA.

Прагляд мультфільма «Папялушка» даступны па падпісцы «Усё ўключана». Знайсці яго можна ў раздзеле відэасэрвісу «CINEVOKA — Кіно па-беларуску», дзе таксама ёсць мультфільмы Disney у беларускім дубляжы — «Наперад», «Душа», «Уверх», «Галаваломка» і іншыя. Акрамя анімацыйнага і мастацкага кіно, у раздзеле «CINEVOKA — Серыялы па-беларуску» прадстаўлены яшчэ і серыялы з беларускай агучкай.