Як адзначыць Дзень роднай мовы. Расклад мерапрыемстваў

21 лютага — адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Зрабілі для вас падборку беларускіх мерапрыемстваў, якія будуць праходзіць у розных гарадах свету з нагоды Дня роднай мовы, каб вы маглі годна адзначыць гэтае свята.


budzma.jpg

Сёлета шмат мерапрыемтсваў праходзяць анлайн і далучыцца да іх можна з любой кропкі свету. Больш за тое, можна казаць не пра дзень роднай мовы, а пра цэлы тыдзень — некаторыя мерапрыемствы ўжо пачаліся, а іншыя працягнуцца і пасля 21 лютага. Так што, калі раптам абставіны не дазваляюць адзначыць дзень роднай мовы непасрэдна 21 лютага, можна зрабіць гэта і ў іншы дзень. Ёсць з чаго выбраць.

А ад рэдакцыі «Будзьма» дадамо: самае лепшае ўшанаванне роднай мовы — размаўляць на ёй кожны дзень.

А вось і абяцаная падборка.

Дыктоўкі да Дня роднай мовы:

12.png


Дыктоўка да Дня роднай мовы ў Гродне

20 лютага ў у 11:00 у Новым замку ў Гродне адбудзецца дыктоўка да Дня роднай мовы. Запісвайцеся па нумарах 71-86-88, +375 (29) 776-65-88.

Беларуская дыктоўка ў Мінску

20 лютага Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі ладзіць беларускую дыктоўку да Дня роднай мовы. 

Напісаць дыктоўку можна афлайн у Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Коласа НАН Беларусі. Пачатак - 13:00.

Таксама можна далучыцца да анлайн-трансляцыі на сайце «Культура» Беларускага радыё www.radiokultura.by альбо на хвалі радыё 102.9 FM. 

Беларуская дыктоўка ў Варшаве

У суботу, 21 лютага, у Варшаве адбудзецца беларуская дыктоўка да Дня роднай мовы. Пачатак у 16:00.

Тэкст дыктоўкі чытае Зянон Пазняк.

Беларуская дыктоўка ў Беластоку

У суботу, 21 лютага, у Беластоку адбудзецца беларуская дыктоўка да Дня роднай мовы. Пачатак а 16:30.

Дыктоўка будзе паводле эсэ Уладзіміра Арлова "Незалежнасць - гэта...", якое перакладзена больш чым на двадцать пяць моваў свету. Дыктуе аўтар! 

Дыктоўка з Хадановічам (і дэгустацыяй) ва Уроцлаве

У суботу, 21 лютага, ва Уроцлаве адбудзецца новая сустрэча "Мовы нанова" да Дня роднай мовы. Пісаць штогод у Дзень роднае мовы дыктоўку - традыцыя! Не дзеля адзнак, а па любові.

Сёлета дыктоўку правядзе Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык, літаратуразнаўца і выкладчык. Пітны мёд - таксама беларуская традыцыя! Таму далей святкаванне адбудзецца ў дэгустацыйным фармаце. Вас чакае крыху гісторыі і дэгустацыя пітнога мёду з Уладзімірам Шымбарэвічам - знаўцам тэмы і, галоўнае, практыкам, які стварыў больш за 50 гатункаў! З сабой вазьміце, калі ласка, кілішкі для гэтае справы.

Будзе салодка, інтэлектуальна, утульна і па-беларуску.

Уваход - данаты на пакрыццё выдаткаў. Рэгіструйцеся па спасылцы.

Беларуская дыктоўка ў Варшаве

У нядзелю, 22 лютага, беларусы-каталікі Варшавы ладзяць беларускую дыктоўку да Дня роднай мовы. Прапануюць пад дыктоўку напісаць урывак з прамовы арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды 80-годдзя пастыра. Ён будзе блізкі кожнаму беларусу незалежна ад рэлігійнасці, канфесіі ці поглядаў.

Акрамя дыктоўкі вас чакаюць: беларускія спевы, квіз па біяграфіі Тадэвуша Кандрусевіча, супольная гарбата і пачастункі. Для пераможцаў падрыхтавалі цудоўныя прызы. Уваход вольны. Рэгіструйцеся па спасылцы.

12.png

Святкаванні:

Дзень роднай мовы ў Філадэльфіі

Прапануюць напісаць традыцыйны дыктант, які праходзіць штогод і аб’ядноўвае ўсіх аматараў роднага слова. А пасля будзе ўтульная гарбатная сустрэча: пап’яце гарбаты са смачнасцямі, якія вы можаце прынесці з сабой і падзяліцца з іншымі.

Беларуская віктарына ў Вільні

У пятніцу, 20 лютага, у Карчме 1863 адбудзецца беларуская віктарына да Дня роднай мовы. Гісторыя, геаграфія, мова, культура, спорт, феномены, асобы... Хочаце выйграць добры прыз - прыходзьце з сябрамі. Уваход вольны.

Квіз да Дня роднай мовы ў Кракаве

У пятніцу, 20 лютага, у кракаўскай Прасторы ладзяць імпрэзу да Дня роднай мовы. Плануецца віктарына пра мовы і культуры свету. Каманды будуць збірацца на месцы, таму прыходзіць можна і паасобку. Удзел - вольны данат. Рэгіструйцеся па спасылцы.

"Мова Нанова" да Дня роднай мовы ў Рызе

У суботу, 21 лютага, рыжская "Мова Нанова" кліча на новую сустрэчу. Па старой традыцыі да Дня роднай мовы напішуць дыктоўку. Але гэтым разам яна будзе трохі незвычайная. Уваход вольны. Рэгістрацыя не патрэбна - проста прыходзьце.

Дзень роднай мовы ў Рызе

У суботу, 21 лютага, таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” ладзіць у Рызе імпрэзу да Дня роднай мовы. Запланаваная дыктоўка на роднай мове. Таксама вас чакаюць беларускія песні, вершы і цудоўная музыка. Прапануюць далучыцца да імпрэзы не толькі ў якасці гледачоў і слухачоў, а стаць актыўнымі ўдзельнікамі свята. Вітаюцца любыя выступы на роднай мове: песні, вершы, гумарэскі і жарты, цікавыя ўспаміны і г.д. Уваход вольны.

Дзень роднай мовы ў Кіеве

У суботу, 21 лютага, беларусы Кіева адзначаюць Дзень роднай мовы сумесна з ГА "Каліноўцы". У праграме - невялікая лекцыя пра шлях станаўлення сучаснай беларускай мовы і яе адметнасці, агульная дыктоўка і квіз. Уваход вольны.

Дзень роднай мовы ў Бостане

У суботу, 21 лютага, беларусы Бостана адзначаюць Дзень роднай мовы. Гасцей чакае адмысловы госць - зорка беларускай музыкі! Уваход - прапанаваны данат у 45 даляраў для дарослых, 20 даляраў для дзяцей ад 6 гадоў. Рэгіструйцеся па спасылцы.

Дзень роднай мовы ў Лондане

У суботу, 21 лютага, у Скарынаўскай бібліятэцы адзначаюць Дзень роднай мовы з пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам і паэткай Юляй Цімафеевай. Уваход вольны, вітаюцца ахвяраванні Англа-беларускаму таварыству. 

Дзень роднай мовы ў Празе

У суботу, 21 лютага, суполка «Скарына» запрашае на Дзень роднай мовы. У праграме — гульні і практыкаванні, смачная гарбатка і, вядома, традыцыйная дыктоўка з прызамі для найлепшых.  Пасля дыктоўкі адбудзецца канцэрт Андрэя Лугіна (znaxtop). Уваход вольны. 

Квіз да Дня роднай мовы ў Мінску

21 лютага ў музеі Максіма Багдановіча адбудзецца кніжны квіз да Дня роднай мовы.

Вас чакае:
- Слоўны крос
- Загадкі паводле вершаказаў Разанава і спроба самастойнага напісання сваіх
- Фразеалагічны Кракадзіл
- «Апазнанкі» пісьменнікаў па фота і апісанні
- Рыфмаванкі і літаратурныя пераўвасабленні
- Пытанні для грамацеяў
- Літаратурныя «пярэваратні»

Каб атрымаць кнігу ў падарунак ад незнаёмага сябра, прыносьце сваю (не абавязкова новую, але на беларускай мове). Абгарніце яе, калі ласка, у паперу альбо пакладзіце ў пакуначак.

Удзел - 10 рублёў. Рэгіструйцеся па спасылцы альбо па тэлефоне +37517 355 22 95.

Дзень роднай мовы ў Шчэціне

У суботу, 21 лютага, у Шчэціне адзначаюць Дзень роднай мовы.

План такі:
18:00–19:00 - глядзяць фільм або мультфільм
19:00–19:45 - пішуць дыктоўку
19:45–20:45 - літаратурная гадзіна: чытанні вершаў ды прозы
20:45–22:00 - настольныя гульні і караоке

Удзел - данат на арэнду ад 20 злотых. Дзецям, студэнтам і тым, хто зараз не працуе, - уваход вольны.

Дзень роднай мовы ў Вільні

У суботу, 21 лютага, у Вільні адзначаюць Дзень роднай мовы.

У праграме:
Музычная частка: Юры Несцярэнка, капэля "Ойра" і спецыяльныя госці
Паэзія і культурніцкі актывізм: Павел Севярынец, Сяржук Сыс, Ванда Марцінш, Ігар Случак, Ілля Міронаў

Уваход вольны, данаты вітаюцца.

Дыктоўка да Дня роднай мовы ў Лодзі

У суботу, 21 лютага, Таварыства беларускай мовы ў Лодзі ладзіць беларускую дыктоўку да Дня роднай мовы. Пісьмовыя прылады браць неабавязкова: усё неабходнае дадуць. Уваход вольны.

Фінал Дэкламатарскага конкурсу да Дня роднай мовы ў Беластоку

У аўторак, 24 лютага, у Беластоку адбудзецца фінал V Дэкламатарскага конкурсу да Дня роднай мовы. Сёлета арганізатары атрымалі каля сотні заявак з Польшчы, Беларусі, Літвы, ЗША, Ізраіля і Іспаніі.

Фіналісты ўжо вызначыліся.

Апроч уласна спаборніцтва дэкламатараў у праграме - лялечны спектакль "Брыдкае качаня" ў выкананні Тэатра Czrevo: гэта кранальная падляшская версія казкі Х. К. Андэрсэна, расказаная з пункту гледжання маці. Уваход вольны. 

Будзе таксама анлайн-трансляцыя на ютуб-канале фонду Тутака: далучайцеся па спасылцы.


Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!


А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.