Сьвята, якое заўжды з табой (Не служыў — не мужык)

Лявон Вольскі прыгадвае святкаванне 23 лютага ў СССР, сваю службу ў савецкім войску і разважае пра тое, што змянілася ў сённяшняй РБ. Ці змянілася?

by Darya Kaliada 02.JPG
Лявон Вольскі. Фота: Darya Kaliada 

Вялікі дзень і сур’ёзнае сьвята

23 лютага. Дзень савецкай арміі і ваенна-марскога флёту. Памятаю, у школе мы любілі гэтае мужчынскае сьвята. Ну, ня так аддана, як 8 сакавіка. Бо Дзень міжнароднае салідарнасьці жанчынаў быў выходны. А 23 лютага — не. Затое былі падарункі. Дзяўчаты дарылі розную непатрэбную дробязь хлопчыкам. Настаўнікі тлумачылі, які гэта вялікі дзень і якое гэта сур’ёзнае сьвята — нехта там недзе (насамрэч ініцыятарам быў Ленін, а непасрэдным арганізатарам і стваральнікам — Троцкі) пасьля рэвалюцыі стварыў у Расеі Чырвонае войска, і вось мы цяпер сьвяткуем чарговую гадавіну гэтае векапомнае падзеі.

Хлопчыкам дарылі падарункі, бо кожны зь іх — патэнцыйны жаўнер. Кожны пойдзе служыць у савецкую армію — аддасьць радзіме свой грамадзянскі абавязак. А калі давядзецца абараняць айчыну ад ворагаў, дык ня толькі абавязак, а і жыцьцё сваё мусіць аддаць без аніякіх роздумаў.

А калі вораг нападзе да дасягненьня намі паўналецьця, дык вунь — на калідоры вісяць стэнды пра подзьвігі піянэраў-герояў. Пеця Клыпа, Зіна Партнова... Мусім быць як яны — гераічнымі ды нязломнымі.

Савецкае войска ўвачавідкі

Потым мне давялося пабачыць увачавідкі гэтае Савецкае войска. Так-так, праз тую самую аддачу грамадзянскага абавязку. Два гады (яны маглі быць самымі плённымі — 18-20 гадоў) я цягаўся ў цяжкіх вайсковых ботах (што на ўсё жыцьцё адбілася на маіх ступаках), заступаў у нарад начальнікам каравулу ці то дзяжурным па роце, маляваў агітацыйныя плякаты тыпу «На варце міру і прагрэсу», ці велізарныя стэнды-інструкцыі «рэглямэнтацыйнае тэхнічнае абслугоўваньне вайсковай аўтатэхнікі», роў разам з усёй ротай шараговую песьню па дарозе ў сталоўку — гэтае выкананьне варта было б запісаць для фільму жахаў — адзін суцэльны роў, бо трэба было грамчэй! Гучней!! Яшчэ гучней!!! — якая ўжо розьніца, якая там мэлёдыя?

Я пераканаўся, што бяз крыку і мату ў гэтым войску не аддаюцца ніякія загады, бо лічыцца, што «па-іншаму не зразумеюць», што шмат загадаў аддаецца проста, каб чымсьці заняць жаўнераў, і яны ня маюць ніякага сэнсу, і гэта лічыцца ў парадку рэчаў. Як і ў парадку рэчаў прыцягнуць жаўнераў на рамонт кватэры камбата ці іншых старэйшых афіцэраў, красьці тонамі бэнзын, салярку і фарбу і жыць па няпісаных законах «дзяржавы ў дзяржаве».

23-feuralia.jpg
З 23 феўраля. Паштоўка Лявона Вольскага

Мяне дагэтуль перасьледуе кашмар пра службу ў войску

Мне яшчэ выпала вельмі добрае мейсца службы — маленькая рамонтная частка ў Слуцку, якая належала вайскова-паветраным сілам, дзе амаль не было дзядухі, і людзі пісалі просьбы накіраваць іх на выкананьне інтэрнацыянальнага абавязку ў Аўганістан. На мае пытаньні, навошта, яны адказвалі: «Такая тут нудота, што цяжка вытрымліваць. Лепей загінуць там у баі, чым тут — з нуды». Так, я згодны, яны былі вельмі маладыя й ня надта разумныя. Ясна, што іхныя просьбы нікуды далей за канцылярыю слуцкае часткі не даходзілі.

Пасьля гэтае «службы» мяне дагэтуль перасьледуе кашмар пра тое, што мяне зноў пагалілі, апранулі ў абы-што і прывезьлі ў вайсковую частку, і я ўжо ніякі не сэржант, і на мяне пагрозьліва пакрыквае «стараслужачы»...

23 лютага ў дзяржаве, якая паставіла знак роўнасьці паміж сабой і Айчынай

Цяпер гэта называецца «Дзень абаронцаў айчыны». Ні дата, ні сэнс не зьмяніліся. У дзень, калі Троцкі пачаў фармаваньне рабоча-сялянскай чырвонай арміі, у школах дзяўчаткі дораць хлопчыкам розныя дробязі і віншуюць іх. Яны дакладна ня ведаюць, з чым. А я ведаю.

23-feuralia-01.jpgУ школах дзяўчаткі віншуюць хлопчыкаў. Яны дакладна ня ведаюць, з чым. Малюнак Лявона Вольскага

З тым, што, калі хлопчыкі вырастуць, яны зробяцца жаўнерамі, прымуць прысягу і будуць выконваць розныя загады. Абсурдовыя ці злачынныя — гэта неістотна.

Паводле дадзенай прысягі ты мусіш выканаць загад. Любы загад начальніка. І забіць. І аддаць жыцьцё. За РБ. За дзяржаву, якая прызвычаілася дурыць сваіх грамадзянаў і паставіла знак роўнасьці паміж сабой і Айчынай. 

Хаця для велізарнае колькасьці людзей гэта зусім розныя рэчы.

Лявон Вольскі, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org