Дзень роднага языка

20.02.2026 Культура

Напярэдадні Дня роднай мовы ў аўтарскай рубрыцы «Казкі жыцця» Яна Вольская распавядае дасціпную гісторыю пра супрацоўніцу беларускага ЗАГСу, якая прынцыпова хацела працаваць па правілах і лічыла некаторыя беларускія імёны «навамоднымі вычварэннямі».

Jana-Volskaia-by-Darja-Kaliada.png
Яна Вольская. Фота Дар'і Каляды

Напярэдадні Дня роднай мовы ў аўтарскай рубрыцы «Казкі жыцця» Яна Вольская распавядае дасціпную гісторыю пра супрацоўніцу беларускага ЗАГСу, якая прынцыпова хацела працаваць па правілах і лічыла некаторыя беларускія імёны «навамоднымі вычварэннямі».

— Я вам паўтараю, — раздражнёна працадзіла скрозь зубы супрацоўніца ЗАГСу Савецкага раёну Коктыш П.Л.

Яна стрымлівалася з апошніх сілаў. Твар быў пунсовы, сьпіна ўзмакрэла, а наведнік ужо паўгадзіны гугнявіў адное і тое ж. Па пятым разе яны зайшлі на чарговае кола, хаця Коктыш ужо пасьля другога запар тлумачэньня была гатовая ад злосьці ўзьляцець разам з крэслам са сваёй рэгістрацыйна-адміністрацыйнай паласы.

— Не магу я запісаць яго так, разумееце? Не магу! — яна пастаралася ўкласьці ў інтанацыю як мага больш пераканаўчай мяккасьці. Так, нібы размаўляла з дзіцём-небаракам, які ўпарта не разумее элемэнтарных рэчаў.

— У мяне сын, — з гонарам ужо ў пяты раз паведаміў гэты шчасьлівы бацька з выглядам дзіцяці-небаракі з лупатымі вачыма і даўгімі пасмамі валасоў.

— Ну віншую! — у пяты раз паўтарыла супрацоўніца ЗАГСу.

— Дзякую, — ён нязьменна расплываўся ў нейкай летуценнай усьмешцы, чым цалкам пераконваў Коктыш у тым, што размаўляць зь ім — усё роўна што размаўляць з замежнікам.

Словы нібы да яго далятаюць, але сэнс губляецца па дарозе. Ды з замежнікам бы ёй было б нават прасьцей! Адразу з ганку адправіла б у цэнтр рэгістрацыі віду на жыхарства ці па яшчэ якой фармальнай падставе і ня мела б клопату. Замежнікі — вельмі памяркоўныя стварэньні. У адрозненьне ад гэтага лупатага, які мусіў бы быць памяркоўны ды мірны, а зараз упарта перашкаджае ёй працаваць.

— Дык і чаму вы ня можаце яго запісаць Янкам? — зноў завёў ён сваё нуднае бубненьне.

— Бо няма такога афіцыйнага імя, няма! — ужо пачынала зрывацца Коктыш.

— А Янка Купала, наш народны клясык? — парыраваў лупаты. — А Янка Брыль? Янка Маўр? Мы ж у школе па іхніх творах вучыліся, у падручніках іхнія імёны, помнікі і шыльды ім па ўсім горадзе. А вы кажаце, няма!

Коктыш на момант задыхнулася ад абурэньня, але праз хвіліну прыйшла ў сябе і кампэтэнтна, як і належыць упаўнаважанай асобе на пасадзе, заявіла:

— Таму што гэта ўсё — творчыя псэўданімы, зразумела вам? Купала — Іван Луцэвіч, Брыль — Іван Брыль, Маўр — Іван Фёдараў.
Коктыш з асалодай вылучыла: Іван Фёдараў. Нармальныя, зразумелыя ўсім і кожнаму імя і прозьвішча. Бяз усіх гэтых навамодных вычварэньняў: Янкі, Вітаўты, Конаны, Гэральды. Наглядзяцца сваіх сэрыялаў, начытаюцца кніжак і потым дураць галаву супрацоўнікам дзяржаўных ворганаў, перашкаджаюць працаваць.

— Вы дома можаце як хочаце называць, хоць Янкам, хоць абаранкам, а ў аддзеле рэгістрацыі ў нас усё строга, усё па правілах. Па правілах запісвайце свайго сына Іванам. Даць вам бланк заявы?

— У беларускай мове ёсьць імя Янка, і вы ня можаце мне адмовіць запісаць сына так, як я хачу, — працягваў упарціцца наведнік.

— А ў расейскай мове няма такога імя, запісвайце Іванам і ідзіце ўжо да сына, да сям’і, — Коктыш зрабіла апошнюю спробу дамовіцца з неўгаворным бацькам.

— Гэта нечувана! — узмацніўшы дэцыбэлы, не адступаўся той. — Гэта ўсё роўна, што вось вас, напрыклад, бацькі назвалі б Паўлінай, прыгожым беларускім імем, а ў ЗАГСе вам гэтак жа сказалі б і запісалі Павлиной! Як, дарэчы, вас завуць?

paulina.jpgПаўліна Леанідаўна. Малюнак Лявона Вольскага

 Коктыш выскачыла з кабінэта. Увушшу ў яе гулі галасы школьных дражнілак:

— Павлина без хвоста!

— Смотрите, Павлина сегодня с хвостом!

— Павлина, чего ты без павлина?

Яна Вольская, Budzma.org