Парафія ў Будславе шукае дапамогу на працяг рэстаўрацыі касьцёла пасьля пажару, у ім няма ацяпленьня

17.02.2026
Сума, патрэбная найбліжэйшым часам, перавышае суму ахвяраваньняў, сабраных дагэтуль, паведамляе «Радыё Свабода».

Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе працягвае маштабныя рамонтна-рэстаўрацыйныя працы, каб захаваць сьвятыню для будучых пакаленьняў, і заклікае працягваць ахвяраваньні на рэстаўрацыю касьцёла пасьля пажару ў траўні 2021 году.

budslau-1.jpgНацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Парафія апублікавала зварот свайго рэлігійнага аб’яднаньня з просьбай аб дапамозе.

Як піша ў лісьце пробашч Аляксей Раманчук, на выкананьне праектна-дасьледчых працаў трэба 1 413 785 рублёў, меншыя сумы — на інжынерна-геалягічныя й іншыя дасьледчыя працы, якія праводзяцца перад рэстаўрацыяй.

На адбудову Будслаўскага касьцёла пасьля пажару ўжо сабралі 1 446 207 беларускіх рублёў.

Як паведаміла суполка «Каталікі Беларусі», у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе няма ацяпленьня.

Пажар у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе здарыўся 11 траўня 2021 году. У выніку абваліўся дах, вада пашкодзіла сьцены, падлогу і мэблю. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсьвяцейшы Сакрамэнт і іншыя каштоўныя рэчы пасьпелі вынесьці. Кіраўніцтва касьцёла неадкладна зьвярнулася па дапамогу ў зборы сродкаў, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.

За першы год пасьля пажару валянтэры разабралі абгарэлыя часткі, прасушылі ўнутранае ўбраньне і арганы, усталявалі чуйнікі вільгаці, ачысьцілі дах ад сьмецьця і вугалю, разабралі падвалы. У пачатку чэрвеня будаўнікі накрылі часовы дах, а таксама наладзілі сыстэму адводу дажджавой вады.

Першую імшу пасьля пажару ў Будславе правялі 31 сьнежня 2021 году.

Аднаўленьне сьвятыні працягваецца.

Касьцёл у Будславе — помнік позьняга барока, яго архітэктура прызнаная ўнікальнай на землях усёй былой Рэчы Паспалітай. Абраз Будслаўскай Божай Маці — адна з самых значных каталіцкіх сьвятыняў, яе шануюць як абаронцу ўсіх беларускіх каталікоў.