«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповяд пойдзе пра Васіля Цяпінскага.
Васіль Цяпінскі (1530-я гг. — 1599 або 1600 г.) Васіль Цяпінскі — мысліцель, пісьменнік-публіцыст, гуманіст-асветнік, кнігавыдавец, заснавальнік адной з першых кнігадрукарняў у Беларусі, перакладчык Евангелля на беларускую мову, пачынальнік біблейскай выдавецкай традыцыі на роднай мове, дзеяч радыкальнага крыла рэфармацыйнага руху — адзін з нешматлікіх прыхільнікаў антытрынітарызму (сацыніянства) сярод полацкай шляхты.
Чытайце таксама: Іх гістарычны след. Еўфрасіння Полацкая
В.Цяпінскі нарадзіўся ў в.Цяпіна (каля Лепеля) Полацкага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (цяпер Чашніцкі раён Віцебскай вобласці). Часам ужываў падвойнае прозвішча — Амельяновіч-Цяпінскі, з якога першае паходзіць ад імя пачынальніка роду Амельяна, другое — ад назвы месца нараджэння. Жыхар Вялікага Княства Літоўскага, пасля 1569 г. — Рэчы Паспалітай. Лічыў сябе русінам, як у XIV–XVIII стагоддзях называлі жыхароў усходніх раёнаў сучаснай Беларусі. Атрымаў універсітэцкую адукацыю, але дзе — не вядома. Мабыць, не вучыўся ў замежных універсітэтах, але пераклады Свяшчэннага Пісання былі пад сілу толькі людзям вельмі адукаваным, таленавітым, маючым значныя гістарычныя, лінгвістычныя, тэалагічныя, літаратурныя веды.
Чытайце таксама: Іх гістарычны след. Кірыла Тураўскі
Гістарычныя звесткі аб жыццёвым шляху В.Цяпінскага вельмі сціплыя. Нават год нараджэння і смерці вызначаны толькі ўскосным шляхам. У 1565 годзе ён служыў дворнаму літоўскаму маршалку — чалавеку, набліжанаму да двара вялікага князя, і меў акрамя родавага маёнтка дробныя спадчынныя і набытыя ўладанні ў Мінскім, Лідскім і Віленскім паветах Вялікага Княства Літоўскага. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558–1583 гадоў. Лёс зводзіў яго з рознымі знакамітымі асобамі. У 1567 годзе В.Цяпінскі — малодшы афіцэр коннай роты аршанскага старосты Філона Кміты, вядомага сваімі ваеннымі, адміністрацыйнымі, прыроджанымі літаратурнымі здольнасцямі. Некаторы час служыў у вядомага дзяржаўнага дзеяча, падканцлера Вялікага Княства Літоўскага, аднаго з рэдактараў Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года Астафія Валовіча.
Сябрам В.Цяпінскага з 1560-х гадоў быў Сымон Будны — ураджэнец Польшчы (населены пункт Буда, Мазовія), выпускнік Кракаўскага ўніверсітэта, выдатны культурны і рэфармацыйны дзеяч, гуманіст-асветнік, кнігавыдавец, пісьменнік, перакладчык, які з сярэдзіны 1550-х гадоў па запрашэнні ўплывовага магната Мікалая Радзівіла Чорнага пасяліўся ў Вялікім Княстве Літоўскім (жыў у Вільні, потым Клецку, Нясвіжы). В.Цяпінскі падзяляў сацыяльныя і канфесійныя погляды С.Буднага, якія адпавядалі інтарэсам шляхецкага крыла пратэстанцкага руху. Разам з ім удзельнічаў у адкрытых дыспутах на сінодах з польскімі і літоўскімі антытрынітарыямі (прадстаўнікамі радыкальнага сектанцкага адгалінавання еўрапейскага хрысціянства, якое адмаўляла адзін з яго галоўных дагматаў — аб Святой Тройцы): у 1569, 1574, 1578 гадах. Сінод 1574 года адбыўся ў Цяпіне ў доме В.Цяпінскага. На сінодзе 1578 года ён адстойваў права ўласнасці на маёнткі, удзелу ў справядлівых войнах, змагання супраць тыраніі — сцвярджаў, што гэта не грэх і не супярэчыць Бібліі.
У канцы 1560-х гадоў В.Цяпінскі распачаў літаратурна-перакладчыцкую працу. Заснаваў невялікую прыватную друкарню (звычайна лічаць, што ў Цяпіне, але больш верагодна, што ў яго маёнтку Вярсоцкім Лідскага павета або ў маёнтку Свіраны Віленскага павета) і там каля 1580 года выдаў перакладзенае ім на беларускую мову Евангелле з уласнай узнёслай прадмовай, якая стала адным з лепшых узораў беларускай патрыятычнай публіцыстыкі. Гэта было першае ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе выданне на беларускай і царкоўнаславянскай мовах самай знакамітай кнігі Новага Завета. Але абмежаваныя матэрыяльныя магчымасці, складаныя ўмовы ваенных часоў і супрацьдзеянне кансерватыўных колаў не спрыялі працягу яго літаратурна-перакладчыцкай, гуманістычна-асветніцкай, выдавецкай дзейнасці.
Асветніцкая праграма В.Цяпінскага разлічана на ўздым нацыянальнай культуры, умацаванне грамадскіх пазіцый беларускай мовы, абуджэнне гістарычнай і нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Яго дзейнасць спрыяла зараджэнню, уздыму і кансалідацыі шырокага нацыянальна-культурнага і патрыятычнага руху ў Беларусі напрыканцы XVI — на пачатку XVII стагоддзя. У той жа час для яго характэрна канфесійная талерантнасць, паважлівае стаўленне да іншых народаў.
Чытайце таксама: Іх гістарычны след. Францыск Скарына
Да нашага часу захаваліся два экзэмпляры Евангелля В.Цяпінскага 1580 года (у Санкт-Пецярбургу і Архангельску) і рукапісная прадмова да яго.