Пасольства Францыі запрашае беларускіх выдаўцоў дасылаць заяўкі на атрыманне дапамогі ў межах праграмы “Максім Багдановіч” для перакладу і публікацыі твораў сучасных французскіх аўтараў ў сферы літаратуры, мастацтва і навукі.
Як паведамляе прэс-служба дыпмісіі, да разгляду прымаюцца заяўкі выдаўцоў на праекты перакладу на рускую ці беларускую мову.
Заяўка павінна ўключаць кароткі расказ пра выдавецтва і твор, выданы ў Францыі, друкарню, прыкладны разлік кошту друкавання і суму жаданай дапамогі. Выдавец можа падаць некалькі праектаў адначасова, размясціўшы іх у парадку прыярытэтнасці.
Праграма прадугледжвае аплату аўтарскіх правоў. У некаторых выпадках перакладчыкам арганізуюцца стажыроўкі ў Францыі, а ў выключных выпадках беларускаму выдаўцу выдзяляецца грант на публікацыю.
Заяўкі будуць разгледжаны спецыяльнай камісіяй, якая збіраецца штогод у сакавіку. Апошні тэрмін падачы заявак — 28 лютага 2010 года.
Праграма падтрымкі публікацый “Максім Багдановіч” арганізавана Міністэрствам замежных і еўрапейскіх спраў Францыі і пасольствам Францыі ў Беларусі.