Беларускія ўлады пастаянна мяняюць правілы паступлення ва ўстановы адукацыі і бягучы год не стаў выключэннем. У навацыях пры паступленні разбіраўся Sputnik.
Цяпер усе ўступныя выпрабаванні праходзяць у адзін час, а значыць, у школьнікаў будзе толькі адна спроба стаць ліцэістам, патлумачыла адну са змен дырэктарка Ліцэя БДУ Ганна Чубарава.
Паводле яе слоў, гэта адно з прынцыповых змяненняў, якое зроблена ў правілах паступлення ў ліцэі. У Ліцэй БДУ, напрыклад, раней можна было паступаць у траўні, а ў іншыя ліцэі ў чэрвені-ліпені.
«І атрымлівалася, што той, хто не прайшоў па конкурсе да нас, мог пазней паспрабаваць сілы ў іншых», — дадала дырэктар Ліцэя БДУ.
Цяпер так зрабіць не атрымаецца з-за адначасовых экзаменаў ва ўсе ліцэі, але застанецца шанец трапіць у ліцэй у выпадку аб’явы дадатковага набору. Ганна Чабарава адзначыла, што пры паступленні ў Ліцэй БДУ зменіцца і спецыфіка экзаменаў.
«Школьнікі, паступаючы да нас, здавалі два пісьмовых экзамены ў залежнасці ад профілю. Іх 11. Заданні складаў БДУ. Гэта маглі быць тэсты, задачы, адкрытыя пытанні», — сказала яна.
Цяпер прынята рашэнне, што гэтыя заданні будзе рыхтаваць Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, таму абсалютна незразумела, што чакае будучых ліцэістаў на іспытах.
«Спецыфікацыі да іх няма. У РІКВ нам паведамілі: заданні плануюцца падобнымі з ЦТ і алімпіяднымі. Паабяцалі, што ўся інфармацыя з’явіцца ў пачатку сакавіка», — распавяла дырэктар.
Таксама трэба здаваць экзамены на адзнаку не ніжэй за 6 балаў, інакш да наступнага этапу праверкі ведаў школьніка ужо не дапусцяць.
Раней можна было паступіць, набраўшы неабходную агульную суму балаў, нейкі экзамен здаць лепш, а нейкі горш. Цяпер так зрабіць не атрымаецца.
«Тым, хто не прайшоў адбор у нас, мы будзем выдаваць выпіску з пратакола пасяджэння прыёмнай камісіі. З гэтым дакументам хлопцы змогуць паўдзельнічаць у магчымым дадатковым наборы ў іншыя ліцэі», — цытуе Ганну Чабараву агенцтва «Мінск-Навіны».
Дарэчы, без экзаменаў ліцэістам сёлета можа стаць любы школьнік трэба ўсяго атрымаць дыплом рэспубліканскай алімпіяды на завяршальным этапе.