«Патэлефанавалі і сказалі ў 5-дзённы тэрмін прынесці дакументы»: бацькоў, чые дзеці вучацца ў гродзенскай прыватнай школе, турбуюць званкамі з дзяржшкол

У рэдакцыю Блога Гродна s13.ru пачалі паступаць паведамленні ад гараджан, чые дзеці наведваюць гродзенскую прыватную школу.


1664884491.jpg

З панядзелка, трэцяга кастрычніка, іх дзеці не могуць наведваць прыватную школу — начальнік аддзела адукацыі прад’явіў установе інфармацыйны ліст з патрабаваннем аб прыпыненні дзейнасці. На фоне масавага закрыцця прыватных школ у краіне гэта не магло не насцярожыць бацькоў.

А сёння ім яшчэ пачалі тэлефанаваць са школ па месцы прапіскі. 

— Патэлефанавалі з раніцы са школы, куды мы адносімся па прапісцы. Ветліва, але настойліва сказалі ў пяцідзённы тэрмін прынесці дакументы дзіцяці. Іначай наш выпадак будзе разглядаць спецыяльная камісія, і дзіця могуць аднесці да «СОП» (сацыяльна небяспечнага становішча — заўвага Budzma), — кажа гродзенка. — Пры гэтым адміністрацыя нашай школы заўсёды з намі «на сувязі» ў агульным чаце і кажа, што «пытанне зараз вырашаецца».

Інфармацыю пракаментавала дырэктар школы «Тэрыторыя поспеху» Таццяна Доўгун:

— Ад каментароў устрымліваюся. Спадзяюся, што разбяруцца з сітуацыяй і дазволяць працаваць школам, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць з улікам патрабаванняў заканадаўства РБ, што прад’яўляюцца да ажыццяўлення адукацыйнага працэсу.

Нагадаем, прыватная школа «Тэрыторыя поспеху» была адкрытая ў Гродне летась. Першы год месцілася ў асабняку на Азёрскай шашы, а сёлета пераехала ў цалкам адрамантаваны будынак па вуліцы Лермантава.

На мінулым тыдні стала вядома, што ў Мінску прыпыняюць працу 14 прыватных школ. Гэта ўстановы, якія не атрымалі сертыфікат гатоўнасці. А на днях сенатары ўхвалілі праект закона «Аб ліцэнзаванні». Цяпер ён адправіцца на подпіс да Аляксандра Лукашэнкі. Пасля таго як закон уступіць у сілу, школам і дашкольным установам адукацыі трэба будзе атрымаць ліцэнзію.