У Беларусі другі год вывучаюць «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму». Гэта факультатыўныя заняткі для вучняў 6-7 класаў (летась — для вучняў 5-х і 6-х). Навучальную праграму факультатыва зацвердзілі толькі нядаўна. Адпаведная пастанова Мінадукацыі ўступіць у сілу з 1 верасня 2022. Паспрабавалі разабрацца, якія задачы факультыва і што будуць вывучаць на занятках.
Фота: wmeste.by
Якія мэты факультатыва?
Праграма факультатыва рахлічана на 35 гадзін. Заняткі маюць на мэце выхаваць любоў да прыроды і жывёл, звярнуць увагу на адрозненне ўнутранай прыгажосці і знешняй, паказаць адказнасць чалавека за сваё здароўе, засцерагчы ад нядобрасумленнай інфармацыі і захопленасці камп’ютарнымі гульнямі. Асобныя ўрокі прысвечаны тэме свята Праабражэння Гасподняга, выражэнню прыгажосці душы ў слове і наступствам зласлоўя, прыгажосці чалавечых адносінаў і сяброўства, евангельскім прыпавесцям як крыніцы мудрасці, прыгажосці творчасці і біблейскім сюжэтам у мастацтве. Запланавана адна экскурсія (наведванне храма, канцэрту, выставы або спектакля).
На якіх прыкладах будуць вучыць?
У якасці асоб, якія могуць быць прыкладам душэўнай святасці, называюцца святая Іуліянія Альшанская (святая Рускай праваслаўнай царквы), блажэнная Валянціна Мінская і Мітрапаліт Філарэт. Яго ў праграме называюць «апосталам Беларусі».
У якасці асоб, якія могуць быць прыкладам гераізму, — святапакутнік Сотнік Лонгін, велікамучанік Георгій Пераможац і князь Аляксандр Неўскі. Таксама называюцца Героі Беларусі — Уладзімір Корват, Мікіта Куканенка і Андрэй Нічыпорчык. Уладзімір Корват загінуў у 1996 годзе падчас навучальна-трэніровачнага палёта, адводзячы самалёт ад вёскі Малае Гацішча. Лётчыкі Мікіта Куканенка і Андрэй Нічыпорчык загінулі ў 2021 годзе пад Баранавічамі — таксама падчас навучальна-трэніровачнага палёта.
Адной з падтэм чатырохгадзінных заняткаў «Прыгажосць учынку. Гонар, доблесць, гераічнасць. Святыя воіны. Героі Беларусі. Грамадзянскі абавязак» з’яўляецца «выхаванне доблесці, мужнасці, гатоўнасці да гераічнага ўчынку ў імя радзімы і народа».