Да 161-й гадавіны паўстання, якое пачалося 22 студзеня 1863 года, мы падрыхтавалі вандроўку па мясцінах, звязаных з лёсамі вядомых інсургентаў у Вільні. Вуліцы горада памятаюць гераічныя планы па вызваленні краю, таемныя сустрэчы, канспіратыўныя кватэры, заключэнне і пакаранне смерцю шматлікіх удзельнікаў гэтай гістарычнай падзеі. Прапануем прайсціся па Вільні і наведаць некаторыя будынкі, помнікі, магілы ды належным чынам ушанаваць памяць годных беларусаў і беларусак.
Могілкі Росы, у капліцы. Фота: madeinvilnius.lt
Будынак літоўска правінцыйнага камітэту (Dominikonų g., 14)
Пачнем з будынка, дзе ў кастрычніку 1862 года быў створаны Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК) -- цэнтральны орган падрыхтоўкі паўстання на тэрыторыі Літвы і Беларусі, які ўзначаліў Кастусь Каліноўскі.
Кастусь узначальваў «чырвоны» напрамак вызваленчага руху, які прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай, у адрозненне ад «белых», што бачылі галоўнай мэтай паўстання толькі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.
Напрыканцы студзеня, калі прыйшла навіна пра пачатак паўстання ў Польшчы, ЛПК не быў да канца падрыхтаваны да вайсковых дзеянняў. Тым не менш камітэт неўзабаве далучыўся і быў ператвораны ў Часовы правінцыйны ўрад на тэрыторыі Літвы і Беларусі.
Дамініканская, 14, Вільня. Фота: vilnius21.lt
Віленскі шляхецкі інстытут (Dominikonų g., 3)
На месцы дадзенага будынка па вуліцы Дамініканскай месціўся Віленскі шляхецкі інстытут, дзе навучаліся шматлікія юнакі і дзяўчаты, якія ў 1863–1864 гг. далучыліся да паўстання. Адным з такіх навучэнцаў быў Юзаф Каліноўскі, сын дырэктара інстытута з 1853 па 1857 гг., прафесара філасофіі Анджэя Каліноўскага. Тут жа, на Дамініканскай, у бацькоўскай кватэры і жыў будучы беатыфікаваны Святы Рафал Каліноўскі, які паводле некаторых даследчыкаў з’яўляўся далёкім сваяком правадыра інсургентаў.
Вуліца Дамініканская і інстытут шляхецкі ў Вільні, 1850 г. Фота: vilnius21.lt
Юзаф Каліноўскі далучыўся да паўстання ў чэрвені 1863 года, на той час ён падтрымліваў кантакты са шматлікімі кіраўнікамі рэвалюцыйнага руху і ўвайшоў у склад Нацыянальнага ўрада. Як былому вайскоўцу яму ў чэрвенi 1863 г. даручылi ўзначалiць вайсковую секцыю Выканаўчага аддзела Літвы.
У сакавіку 1864 Юзаф Каліноўскі быў арыштаваны, але расстрэлу яму атрымалася пазбегнуць і замяніць пакаранне на высылку ва Усолле Іркуцкай губерніі. Пасля ссылкі ў 1877 годзе Каліноўскі далучыўся да кармелітаў босых і атрымаў манаскае імя Рафал. Рафал Каліноўскі быў кананізаваны Янам Паўлам ІІ у 1991 годзе і лічыцца апекуном афіцэраў і вайскоўцаў, заступнікам у цяжкіх і безнадзейных сітуацыях.
Юзаф Каліноўскі. Фота: niedziela.pl
Віленскі шляхецкі інстытут быў створаны на месцы колішняга піярскага калегіума новымі ўладамі з мэтай перавыхавання моладзі ў прыхільным да Расійскай імперыі рэчышчы. Але такія прафесары як Анджэй Каліноўскі, Аляксандр Здановіч, кс. Макрыцкі і іншыя пад выглядам лаяльнасці да расійскага ўрада выхоўвалі патрыётаў. Таму, вядома, пасля Студзеньскага паўстання Віленскі Шляхецкі інстытут расійскія ўлады зачынілі і стварылі ў тым жа будынку колішняга палаца Сапегаў XVII стагоддзя Марыінскі дзявочы інстытут ужо з расійскімі выкладчыкамі і яшчэ больш пільным наглядам.
Пасля Першай сусветнай вайны ў колішнім інстытуце месцілася гімназія імя Адама Міцкевіча. Будынак не быў моцна пашкоджаны, але ў 1960-я савецкімі ўладамі было прынята рашэнне яго знесці і пабудаваць на яго месцы нічым не прыкметны жылы дом.
Рафал Каліноўскі Фота: domrekolekcyjny.pl
Дамініканскія муры (Šv. Ignoto, 11)
Збочыўшы ад Дамініканскага касцёла праваруч, пабачым мемарыяльную шыльду на будынку вязніцы, дзе Кастусь Каліноўскі правёў свае апошнія паўтара месяцы жыцця. У 1812 годзе расійскія ўлады перарабілі частку дамініканскага кляштара ў турму. Тут жа трымалі палонных філарэтаў, удзельнікаў Лістападаўскага паўстання, такі ж лёс напаткаў і Каліноўскага з вялікай колькасцю паплечнікаў.
Дамініканскія муры. Фота: wikipedia.org
Кастусь Каліноўскі ў дамініканскіх мурах напісаў свой палітычны запавет «Лісты з-пад шыбеніцы» і некалькі лістоў ды верш да сваёй нарачонай Марыі Ямант, якую расійскія ўлады на той час трымалі ў той жа вязніцы. Дзякуючы Ядвізе Макрыцкай, цётцы Марыі Ямант, лісты патрапілі да адрасаткі, а «Лісты з-пад шыбеніцы» былі надрукаваныя Агатонам Гілерам, адным з лідараў паўстання на тэрыторыі Польшчы, у 1867 годзе як «Да люду беларускага. Ліст з-пад шыбеніцы Канстанціна Каліноўскага».
Дамініканскія муры. Фота: budzma.org
Чытайце яшчэ: Выяўленыя дакументы пацвярджаюць, што Лісты з-пад шыбеніцы Каліноўскі напісаў за кратамі
Пахаванне сям’і Ямантаў, могілкі Росы (Rasų g., 32)
Сям’я Марыі Ямант, бацька Мацей, маці Схаластыка з Макрыцкіх, чатыры сястры і чацвёра братоў была дастаткова заможнай і вядомай на ўсю Вільню. Мацей Ямант на момант знаёмства з Каліноўскім меў юрыдычную адукацыю, быў адстаўным надворным дарадцам і меў іншыя высокія чыны. Сама Марыя таксама ведала замежныя мовы, цікавілася гісторыяй, шмат чытала. Яна скончыла прыватны пансіён, дзе выкладаў прафесар Віленскага шляхецкага інстытута Аляксандр Здановіч, сын якога Ігнат быў паплечнікам Кастуся Каліноўскага.
У кватэры Ямантаў на вуліцы Вялікай у доме Шышкіна (Didžioji g.), паводле іншых звесткаў пры вуліцы Нямецкай (Vokiečių g.), разгарнуўся сапраўдны паўстанцкі штаб з нелегальнай друкарняй, дзе сакратаром быў бліжэйшы паплечнік Каліноўскага, Юзаф Ямант, брат Марыі.
Сям’я Ямантаў: маці Схаластыка, дочкі Марыя і Алена, бацька Мацей
Марыя і яе сястра Людвіка па шлюбе Радзевіч уваходзілі ў віленскі нелегальны жаночы камітэт салідарнасці. Камітэт захоўваў і пашыраў нелегальную літаратуру, дапамагаў сем’ям паўстанцаў, клапаціўся пра вязняў. Удзельніцы збіралі ахвяраванні, разносілі пошту, усялякімі шляхамі перадавалі ў турэмныя камеры лісты, прадукты, свежую бялізну. Такія камітэты дзейнічалі і ў іншых губернскіх гарадах.
Людвіка Радзевіч
За ўдзел у паўстанні разам з бацькамі і сястрой Марыю выслалі на дзесяць гадоў у сібірскі Табольск. Увесь гэты тэрмін яна насіла жалобу па пакараным смерцю на Лукішскім пляцы Кастусю Каліноўскім. Сама Марыя Ямант пахаваная ў Варшаве, але пахаванні яе сям’і можна наведаць на могілках Росы на шляху да капліцы, дзе перапахаваныя парэшткі 20 паўстанцаў 1863–1864 гг.
Пахаванні Ямантаў, Вільня. Фота: madeinvilnius.lt
Магілы паўстанцаў, капліца на могілках Росы (Rasų g., 32)
Доўгі час сярод месцічаў Вільні існавала меркаванне, што парэшткі Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў, пакараных смерцю на Лукішскім пляцы ў Вільні, расійскія карнікі таемна пахавалі, засыпаўшы вапнаю, на гары Гедыміна, дзе на той час стаяў расійскі вайсковы гарнізон, каб пазбегнуць магчымага паломніцтва з боку мясцовага люду. Але доказаў гэтаму доўгі час не знаходзілася, пакуль з-за некалькіх апоўзняў на гары Гедыміна ў 2016 годзе не пачалі працаваць археолагі. Яны выявілі пахавальную яму з парэшткамі 20 паўстанцаў і самога правадыра інсургентаў.
Месцам апошняга спачыну Каліноўскага сталася капліца на старажытным віленскім некропалі Росы. 22 лістапада 2019 года тут урачыста перапахавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 18 паўстанцаў 1863–1864 гг.
У капліцы, могілкі Росы, Вільня. Фота: madeinvilnius.lt
Магіла Камілы Марцінкевіч, Бернардынскія могілкі (Žvirgždyno g., 3)
На Беранардынскіх могілках Вільні варта наведаць пахаванне яшчэ адной адданай удзельніцы Студзеньскага паўстання, дачкі вядомага беларускага літаратара Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Камілы, па мужу Асіповіч. Каміла з юнацкіх гадоў мела талент да музыкі, выдатна грала на піяніна, пісала ўласныя творы. У Мінску і ў мястэчку Гарадок Каміла стварала школы для дзяцей з незаможных сем’яў і сама навучала іх музыцы ды спевам.
Каміла Марцінкевіч
Калі пачалася падрыхтоўка да паўстання, Каміла не засталася ў баку. У яе кватэры праводзіла сходы мінская арганізацыя Літоўскага камітэта. Каміла Марцінкевіч таксама ўваходзіла ў гэты камітэт. У 1861 годзе за ўдзел у вулічных дэманстрацыях і за публічнае выкананне рэвалюцыйных гімнаў дзяўчыну змясцілі ў вар’ятню.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і яго дачка Каміла ў атачэнні будучых удзельнікаў паўстання
На пачатку 1863-га адбыўся наступны яе арышт праз данос аднога з царскіх жаўнераў, да якога яна звярнулася з прапановай прадаць зброю. Камілу трымалі ў Пішчалаўскім замку, вядомым зараз як Валадарка, і ў былым кляштары бернардынаў. Аб непахіснасці Камілы сведчыць яе ўчынак, калі паўстанца Яна Жмачынскага вялі на расстрэл, яна з вакна камеры кінула яму пад ногі букет кветак. Пазней, на допыце яна дзёрзка абвесціла, што зрабіла б гэта яшчэ раз. Камілу на 25 гадоў выслалі пад паліцэйскі нагляд у паўночны горад Салікамск, адкуль яна змагла вярнуцца на радзіму праз дваццаць гадоў.
Памерла Каміла ў Вільні, пахаваная амаль насупраць капліцы на Бернардынскіх могілках пад прозвішчам мужа Osipowiczowa.
Пахаванне Камілы Марцінкевіч, бернардынскія могілкі, Вільня. Фота: madeinvilnius.lt
Язэп Вараніцкі, budzma.org