Павел Аракелян выдаў «I Got a Devil» — джазавы альбом з палаючай верай у музыку

Былі часы, калі Павел Аракелян прадаваў свае музычныя інструменты, бо не бачыў сэнсу ў музыцы. Цяпер жа беларускі джазмен родам з Баку выпускае міні-альбом «I Got a Devil», у якім упэўнена кажа пра тое, што яго джазавая адысея працягваеццца, піша reform.news.

Paviel ArakielianФота: pavelarakelian.bandcamp.com

У гэтым міні-альбоме выканаўца нібыта са здзіўленнем і кайфам адкрывае знаёмыя воды — і, знаходзячыся ў іх, ужо на персанальным досведзе дэманструе выратавальную сілу джазу і блюзу. Маўляў, так, гэта музыка бывалых, але не зламаных людзей. Як гаворыцца, класіка не старэе, калі ты напаўняеш яе сваім сэрцам і розумам. Калі ў 2020 годзе Павел граў джаз свабоды, то ў 2025-м — ён грае джаз эміграцыі і зноў свабоды, бо яна, як вядома, паняцце шматграннае.

Pavel Arakelian&The Bourbon Brothers запісалі невялікі зборнік з чатырох аўтарскіх кампазіцый — але іх цалкам дастаткова, каб прадэманстраваць уласную форму, эмоцыю, шарм і школу. І са ўсім гэтым у бэнда ў парадку.

У песеннай чацвёрцы вылучым разняволеную і гойдавую Time is Flowing, у прасторы якой столькі капрызу, ігры і надзеі, што застаецца толькі атрымліваць асалоду.

 

У міні-альбоме няма пэўных эксперыментаў, але гэта той выпадак, калі добра сыграны джаз само па сабе — вялікае задавальненне.

Забаўна, калі пытанне пра тое, ці жыве рок пасля рэвалюцыі, цалкам сабе можна зашпульнуць у прастору, то пра джаз і блюз неяк і не прынята пытацца. Так вось джаз таксама жыве ды нават набывае другое дыханне, калі ў яго паверыць.

Павел Аракелян — беларускі музыка родам з Баку. Скончыў у Мінску музычнае вучыліша імя Глінкі па класе саксафона, удзельнік шматлікіх джазавых і блюзавых фестываляў у складзе розных гуртоў: ад Apple Tea — да Svet Boogie Band. Граў разам з амерыканскімі джазавымі выканаўцамі — у прыватнасці, з Дэбарай Браун і Майклам дель Фера. Лідар праекта The Outsiders. У 2020 годзе Павел Аракелян падтрымаў пратэсты супраць сфальсіфікаваных выбараў, выступаў на шматлікіх дваравых канцэртах. Пасля аднога з іх быў затрыманы. З’ехаў з Беларусі ў Літву ў 2022 годзе.

Слухаць альбом на розных музычных пляцоўках можна тут.