Былы выкладчык БДУ — пра змены у законе «Аб мовах», паводле якіх нельга вучыцца на мовах нацыянальных меншасцяў, здымаецца патрабаванне для кіраўнікоў сістэмы адукацыі валодаць беларускай мовай, а таксама прыбіраецца абзац, які рэгламэнтуе механізм выбару мовы навучання ў пэўнай установе адукацыі.
Закон апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Змены набываюць моц пасля афіцыйнага апублікавання.
— Агулам, калі казаць пра мае ўражанні ад гэтага дакументу, па факце мы бачым, па-першае, узаконьванне дэ-юрэ таго, што існавала дэ-факта, то бок фактычна нераўнапраўнага становішча беларускай мовы ў беларускай дзяржаве, — адзначае ў інтэрв’ю «Салідарнасці» Павел Баркоўскі, філосаф, намеснік прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па пытаннях адукацыі, спікер кампаніі «Рэфармуем сістэму адукацыі разам», былы выкладчык факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, які звольніўся ў 2020 годзе. — Калі па законе людзі нібыта мелі права на навучанне на роднай мове і на вядзенне справаводства ці судаводства на беларускай мове, але на самай справе ім у гэтым адмаўлялася пы тых ці іншых прычынах.
Павел Баркоўскі. Фота: "Салідарнасць"
Калі раней адмаўлялі «па паняццях», як звыкла казалі «Вы ж усё самі панімаеце», то цяпер гэта будзе рабіцца паводле закону з улікам таго, што насамрэч сённяшняя ўлада не мае легітымнага права выдаваць тыя законы.
Адпаведна гэта таксама працяг той тэндэнцыі, якую мы назіраем апошнія пару гадоў. Фактычна гэта тэндэнцыя на поўную здачу суверэнітэту па ўсіх пытаннях ў Беларусі, і пытанне мовы і культуры — гэта, відаць, адно з такіх найбольш прынцыповых.
Бо ўсё, што нас адрознівае ад шасці абласцей Расійскай Федэрацыі — гэта, па сутнасці, невялікая акалічнасць. Мы назіраем, як наша адукацыйная сістема ўсё больш уніфікуецца, і па факце ў нас ужо нават ёсць наёмнае расійскае войска на тэрыторыі краіны, якое дзейнічае незразумела паводле якіх юрыдычных заснаванняў.
У нас па кляўзах прарасійскіх актывістаў звальняюць людзей з працы ці саджаюць за краты толькі за тое, што яны маюць прыналежнасць да нацыянальнай культуры ці мовы. Вось гэта наступны лагічны крок дзеля таго, каб цалкам зачысціць тэрыторыю Беларусі ад усіх праяваў нацыянальнага жыцця.
— Кіраваць установамі адукацыі цяпер могуць людзі, якія не валодаюць беларускай мовай. Як вы гэта ацэньваеце?
— Гэта якраз адзін з відавочных крокаў па здачы суверэнітэту. Калі нашым войскам часам кіруюць этнічныя рускія ці выпускнікі расійскіх вайсковых акадэмій, то цяпер гэтую самую норму спрабуюць перанесці на ўстановы адукцыі.
То бок, калі начальства і раней магло не надта добра ведаць і разумець па-беларуску, дазваляючы сабе адказваць на звароты грамадзян з вялікай колькасцю памылак, што, напэўна, было б недаравальна ў любой іншай сітуацыі, то цяпер іх нават пазбаўляюць гэтага фігавага лістка.
Па сутнасці, цяпер яны могуць «на этом языке» не адказваць. І зразумела, што людзі, якія могуць мець выключна рускую ідэнтычнасць, і ад сваіх падначаленых будуць дабівацца падобных поглядаў на свет. Тым менш шанцаў, што сярод педагогаў будуць дамінаваць тыя, хто яшчэ захоўвае хаця б нейкую любоў і вернасць роднай мове і культуры.
— У артыкуле 22 Закону зняты абзац, які рэгламэнтуе механізм выбару мовы навучання ў пэўнай установе адукацыі: «Асноўная мова навучання і выхавання (беларуская або руская) вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі (арганізацыі, якой у адпаведнасці з заканадаўствам дадзена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць), індывідуальным прадпрымальнікам, якому ў адпаведнасьці з заканадаўствам дадзена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, з улікам пажаданняў навучэнцаў (законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў)».
То бок можа атрымацца: бацькі пішуць заяву, што хочуць, каб дзіця вучылася па-беларуску, а ім адмаўляе кіраўнік установы адукацыі, які не валодае беларускай мовай?
— Ну так, па факце. А як мы назіралі перавод беларускіх школ на рускую мову навучання проста таму, што да Качанавай звярталіся нейкія прарасійскія праваслаўныя актывісты, і гэта праводзілася нават без усялякіх там юрыдычных падстаў, проста таму, што так вырашыў адзін чалавек. І цяпер гэта будзе адбывацца на шырокай аснове.
Хутчэй за ўсё у бліжэйшы час мы пабачым, як большую частку беларускіх школ проста гвалтоўна перавядуць на рускую мову адукацыі, ну і лагічна завершаць той працэс, які яны вядуць апошнія гадоў 30.
— Якія школы закране русіфікацыя — вясковыя ці гарадскія?
— Звярніце ўвагу на статыстыку Белстата, апошнія часы толькі паўтары працэнты беларускіх школьнікаў у горадзе мелі магчымасць навучацца па-беларуску. Астатнія 9 працэнтаў з больш як мільёна школьнікаў навучаліся ў беларускамоўных класах у вёсцы.
Таму я не выключаю, па-першае, татальнай зачысткі беларускіх школ у гарадах, а таксама пераводу большасці вясковых школ на рускую мову ці іх ліквідацыі за кошт аптымізацыі колькасці ўстаноў.
— То-бок могуць знішчыць абсалютна ўсё?
— Яны да гэтага і вядуць — да таго, каб цалкам знішчыць гэтыя школы, можа быць, пакінуць некалькі для таго, каб на іх паказваць пальцам. Матывуючы гэта патрабаваннямі саміх грамадзян, сітуацыяй, што змянілася, яны хутчэй за ўсё будуць імкнуцца цалкам знішчыць беларускую мову і ідэнтычнасць. Так званы закон стварае для гэтага добры падмурак.
— Што тычыцца нацыянальных меншасцяў, цяпер фактычна дэ-юрэ будзе замацавана тое, што яны не змогуць вучыцца на сваіх мовах. Гэта закране найперш палякаў?
— І палякаў, і літоўцаў, і ўкраінцаў. Гэта відавочна удар па нацыянальнай ідэнтычнасці ўсіх тых меншасцяў, якія сёння жывуць на тэрыторыі Беларусі. Калі, як ні дзіўна, да апошняга часу ў нас была досыць талерантная сітуацыя, то бок сапраўды дазваляліся школы з мовай навучання тых меншасцяў, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі, то цяпер, відавочна, вырашылі пазбаўляцца любых ачагоў нейкага супраціву.
Усё, што не адпавядае рускай мове і той палітыцы, якая вядзе з сабой гэтае паняцце рускай мовы, лічыцца падазроным, нацыянальна небяспечным для гэтай улады.
Гэта можа быць не толькі рашэннем лукашэнкаўскага рэжыму, але і палітыкай, якую спускаюць усходнія суседзі, бо для іх гэта вельмі істотна — цалкам гамагенізаваць наш рэгіён і паступова прывесці да вяртання ў частку «вялікай імперыі», аднавіць якую яны хочуць у тым ліку праз вайну і праз іншыя механізмы.
— Ці атрымаецца ва ўладаў гэта здзейсніць?
— Залежыць ад тэрмінаў, бо відавочна, калі людзі ставяць сабе за мэту штосьці зрабіць, яны ўсяго гэтага могуць дамагчыся. Пытанне — колькі часу засталося ў гэтых рэжымаў, каб здзяйсняць усе гэтыя злачынствы супраць людзей і супольнасцяў, супраць культур.
Калі Расія ўсё ж такі прайграе гэтую вайну, то можам чакаць, што гэтыя планы не будуць ажыццяўлены, таму што ўся гэтая палітычна-ваенная канструкцыя рассыпецца — што на расійскім, што на нашым баку.
Але калі ў іх атрымаецца замацавацца на нейкі час ці стварыць новую жалезную заслону, то канешне, прагнозы самыя несуцяшальныя, то бок беларускай мовай карыстацца на Беларусі стане практычна немагчыма, і я нават не выключаю магчымасці таго, што пачнуцца пераследы тых людзей, якія публічна карыстаюцца беларускай мовай у краіне.
Але ёсць і добрыя навіны. Тыя беларусы, якія зараз знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, а часам і тыя, што застаюцца на радзіме, з большага пачынаюць разумець важнасць беларускай мовы для захавання ідэнтычнасці і агулам для існавання нацыі, таму бачна, што больш людзей пачынае карыстацца гэтай мовай у сваёй камунікацыі — як публічнай, так і прыватнай, адчыняюцца новыя адукацыйныя праекты для дзяцей, якія хочуць вучыць беларускую мову.
Напрыклад, адчыняюцца сеткі суботніх беларускіх школ для дзяцей эмігрантаў, якія хочуць, каб іх дзеці захавалі сваю беларускасць. Таму ёсць шанец на тое, што прынамсі калі не ў самой краіне, то, можа, за яе межамі беларусы захаваюць ўласныя культурныя асяродкі, каб культываваць сваю мову, традыцыі і адраджаць іх потым у нашай краіне.