Павел Баркоўскі: «Pradmova» можа пашырыць геаграфію, фэст будзе грунтавацца на якасці, а не на палітычнай кан’юнктуры

Каардынатар фэсту, філосаф Павел Баркоўскі ў інтэрв’ю Budzma.org распавядае пра новы конкурс ад «Pradmova», уласна сам сёлетні фэст з улікам леташніх скандалаў, а таксама пра новую арганізацыю — Інстытут беларускай кнігі.


485.jpg
Фота са старонкі ў Фэйсбук

— Зусім нядаўна «Pradmova» анансавала конкурс рукапісаў «Шуфлядка». Што гэта за ход ад арганізатараў фэсту, дзе ўдзельнічаюць у асноўным знаныя беларускія і замежныя літаратары?

— Сам конкурс «Шуфлядка» задуманы перадусім як стымуляцыя творчасці аўтараў на беларускай мове, прычым акцэнт зроблены менавіта на кнізе масавых жанраў, на тым, чаго, на наш погляд, зараз вельмі бракуе ў беларускай літаратуры. Нягледзячы на тое, што тут ёсць пэўны парадокс, што фэст інтэлектуальнай кнігі робіць конкурс з нібыта нізкімі жанрамі. Тым не менш тут гаворка ідзе пра тое, што нават у папулярных жанрах можа быць якасная літаратура.

Усе мы калісьці, мабыць, зачытваліся якаснымі дэтэктывамі Конан Дойля ці Агаты Крысці, і мала каму хацелася сказаць пра іх, што гэта нейкія зусім не інтэлектуальныя, зусім папсовыя кнігі.

І людзі пачнуць больш чытаць, і будуць з’яўляцца новыя аўтары, імёны, бо зноў-такі прайсці праз масавыя жанры ў літаратуру дзесьці прасцей і лягчэй, чым праз нейкія высокаінтэлектуальныя ці эстэцкія прадукты. То-бок адначасова гэта і падтрымка кніг, падтрымка мовы, але і падтрымка новых імёнаў. Конкурс разлічаны на тое, каб туды маглі падаваць творы самыя розныя аўтары: і пачаткоўцы, і тыя, хто даўно пішуць, усе кнігі будуць разглядацца цалкам ананімна, то-бок журы нават не будзе ведаць, каму належыць той ці іншы рукапіс. Таму мы спадзяёмся, што гэта дасць роўныя магчымасці для кожнага аўтара, каб яго твор быў разгледжаны непрадузята, каб яго цанілі перадусім па яго мастацкіх вартасцях і па цікавасці для публікі.

— Толькі рукапісы?

— Так, конкурс адмыслова для рукапісаў. Выдадзеныя кнігі не ўдзельнічаюць. Рукапісы мусяць быць альбо напісаныя па-беларуску, альбо ў аўтарскай версіі перакладу на беларускую мову, калі арыгінал напісаны па-руску ці на нейкай іншай мове. Тут кожны аўтар атрымлівае магчымасць упершыню пабачыць сваю кнігу выдадзенай па-беларуску.

— Хто ў журы?

— Мы падбіраем журы індывідуальна, хочам, каб там былі вядомыя асобы ў беларускай літаратуры, вядомыя літаратурныя крытыкі альбо знаўцы беларускай кнігі, то-бок тыя людзі, якія могуць ацаніць тэкст з розных якасцяў, з розных падыходаў. Не толькі як чытачы альбо калегі-літаратары, але каб маглі ацаніць, што аўтар робіць новага ў гэтай літаратуры, як ён выкарыстоўвае вядомыя стылі і прыёмы, наколькі перспектыўнай можна лічыць аўтарскую прозу. Таму мы спадзяёмся, што меркаванне журы будзе дастаткова экспертным для таго, каб яму можна было давяраць. Ну а рашэнне будзе прымацца большасцю галасоў.

— Летась «Pradmova» ўпершыню прайшла ў некалькіх замежных гарадах, па-за Беларуссю. І, мабыць, упершыню таксама фэст патрапіў у скандал — украінскія літаратары адмаўляліся ад удзелу з-за запрашэння на фэст расійскіх творцаў, нехта з беларусаў стаў на бок украінцаў, нехта тлумачыў, што не варта ўсіх расійцаў раўняць з ваеннымі агрэсарамі. Гэты досвед улічаны? Як увогуле плануеце сёлетні фэст?

489.jpg

— Сапраўды, у мінулым годзе ў нас былі не толькі яркія праграмныя моманты, былі і спадарожныя медыяпадзеі, скандалы і г. д.

Тады гэта сапраўды было выклікана канфліктам паміж рускімі і ўкраінскімі дзеячамі культуры, перадусім з украінскага боку быў канфлікт. І, канечне, арганізатары разумелі сутнасць прэтэнзій украінскіх аўтараў, але ўсё ж такі лічылі, што ў дадзеным выпадку можна адрозніваць творчасць людзей не толькі па пашпарце, іх грамадзянскай прыналежнасці, а перадусім па іх уласнай грамадзянскай, маральнай пазіцыі, і таму мы ад самага пачатку запрашалі толькі тых людзей, якія асуджалі агрэсію ў вайне і ніякім чынам не падтрымлівалі гэтыя непаўнамоцныя дзеянні расійскай улады. То-бок гэтага, на нашу думку, было дастаткова для гарантыі адсутнасці прамых канфліктаў.

Так. Мы памыліліся ў гэтым пытанні. Але падзеі, якія адбываюцца далей і з якімі беларусы самі сёння сутыкаюцца час ад часу, я тут пра спробы ўжо ўвогуле адмяняць дзесьці і ўдзел беларусаў у гістарычных падзеях (гаворка пра прамову Уладзіміра Зяленскага да гадавіны Студзеньскага паўстання без узгадкі Беларусі і беларусаў — рэд.) таксама з нагоды таго, што мы краіна-суагрэсар, паказваюць, што ўсё ж такі ў гэтым пытанні трэба займаць узважаную пазіцыю. Узважаную, а не такую чорна-белую, дзе з аднаго боку ўсё светлае і добрае, а з іншага нібыта ўсё чорнае.

Таму ў гэтым годзе, думаю, калі ўсё ў нас будзе нармальна і мы выйдзем на фестывальныя рэйкі, то мы таксама будзем перадусім зыходзіць з якасці нашых падзей, імпрэз, з таго, каб забяспечваць наведвальнікам фестывалю найбольш цікавых і яркіх персон, найбольш цікавыя і важныя кніжныя падзеі. Ну а ўжо палітычныя моманты, спадзяюся, не будуць нам гэтак замінаць, як гэта адбылося ў мінулым годзе.

— Дзе будзе адбывацца «Pradmova» ў 2023 годзе?

— Што датычыцца фестывальных гарадоў, яны пакуль яшчэ не былі канчаткова вызначаныя, але хачу сказаць, што ў параўнанні нават з мінулым годам у нас нашмат больш цяпер заявак ад розных гарадоў, хто б хацеў прыняць гэты фестываль. То-бок мы ўжо тут вымушаныя думаць, куды нам лепей выбірацца ў гэтым годзе, бо прапаноў больш, чым нашых магчымасцей. Ад экзатычнага Ізраіля да чэшскай Прагі могуць быць варыянты, куды паехаць фестывалю. Але будзем глядзець.

Канечне, мы арыентаваныя перадусім на моцныя беларускія дыяспары, каб дагадзіць як мага большай колькасці беларусаў за мяжой. На наш вялікі жаль, мы не можам забяспечыць правядзенне фестывалю ў самой Беларусі праз тыя палітычныя абставіны, праз рэпрэсіі, якія не дазваляюць многім аўтарам быць на радзіме, ну і арганізатарам таксама не дазваляюць адчуваць сябе ў бяспецы.

Мы хаця б неяк паспрабуем кампенсаваць пашыранай анлайн-праграмай. Калі раней мы рабілі акцэнт толькі на жывой прысутнасці і амаль не выкладалі нічога ў YouTube ці сацсеткі, то цяпер вымушаныя гэта рабіць, каб хаця б такім чынам далучаць беларусаў у Беларусі да правядзення кніжнага фестывалю, бо зараз яны вельмі многіх культурных магчымасцей аказаліся пазбаўленыя разам з сыходам творцаў з Беларусі.

— Каго ўбачым сярод гасцей фэсту?

— Пакуль мы на самым старце сезона. І яшчэ не маем такіх дакладных і канкрэтных адказаў, дзе будуць галоўныя падзеі фэсту, хто будзе канкрэтна нашымі гасцямі, то-бок у нас ёсць варыянты, безумоўна, у нас ёсць папярэднія нейкія дамоўленасці, але гэта яшчэ не тыя дамоўленасці, якія дазваляюць цвёрда і канчаткова сказаць, што вось, чакайце менавіта гэтых аўтараў. Безумоўна, наша публіка можа разлічваць на лепшых беларускіх аўтараў, асабліва на тых, хто выдаваў новыя кнігі, хаця, канечне, кнігі сталі выходзіць радзей з-за палітыкі ўладаў, якія, фактычна, скасавалі беларускае кнігавыдавецтва. Выдаць кнігу ў Беларусі стала вялікім выпрабаваннем.

Тым не менш з большасцю любімых аўтараў беларусы змогуць сустрэцца на нашым фэсце. А хто будзе з замежных гасцей — няхай гэта пакуль застанецца таемным сюрпрызам фестывалю.

— Тыдзень таму абвешчана пра стварэнне Інстытута беларускай кнігі. Што ён будзе рабіць, як і дзеля чаго?

490.jpg

— Інстытут беларускай кнігі — гэта грамадскі праект. Ён арыентаваны якраз на сістэмную падтрымку выдання беларускіх кніг. І мае задачы як унутраныя, так і знешнія. Бо, з аднаго боку, трэба працаваць з беларускімі чытачамі, трэба прышчэпліваць цікавасць да беларускай кнігі, ствараць попыт на беларускае слова, дапамагаць выходзіць па-беларуску кнігам папулярным і вядомым, каб людзі больш і больш заахвочваліся чытаць на роднай мове — гэта таксама місія інстытута.

Па-другое, гэта, канечне, прасоўванне кніг на міжнароднай арэне, бо часта так бывае, што мы пачынаем чытаць сваё толькі тады, калі гэта высока ацанілі чужыя людзі.

Замежныя ўзнагароды звяртаюць увагу беларусаў на сваіх пісьменнікаў чамусьці больш, чым штосьці іншае. Таму адной з задач ІБК таксама мусіць стаць прамоцыя беларускай кнігі за мяжой, пераклад беларускіх аўтараў на замежныя мовы, прысутнасць беларускай кнігі на буйных міжнародных кніжных падзеях, напрыклад, на Франкфурцкім кніжным кірмашы, каб там былі не панылыя дзяржаўныя стэнды, а каб там была прадстаўленая сучасная беларуская культура ў яе разнастайнасці.

Ну і натуральна, ёсць дадатковыя пытанні, напрыклад, праблема аўтарскіх правоў. Бо сёння, напрыклад, многія выдавецтвы сутыкаюцца з такімі праблемамі — адмаўляюць у аўтарскіх правах, бо зноў-такі ёсць забарона ў многіх краінах на ўзаемадзеянне з беларускімі арганізацыямі ўслед за расійскімі. Таму нават атрымаць правы на пераклад нейкай кнігі для беларускага выдавецтва часта робіцца праблемай.

Агулам ідзе гаворка пра з’яўленне яшчэ аднаго гульца на полі беларускай кнігі, які не з боку выдаўцоў, не з боку пісьменнікаў, а будзе стаяць побач з імі, разам з імі, дапамагаць і тым, і другім прасоўваць беларускую кнігу, быць не ангажаваным, але вельмі зацікаўленым удзельнікам беларускага кніжнага рынку.

Чытайце яшчэ: «Гэта фундаментальна»: у Варшаве ствараецца Інстытут беларускай кнігі

Рыгор Сапежынскі, budzma.org