У пілотным выпуску каманда з чатырох комікаў супольнасці «PanStandUp» абмяркоўваюць антыўтопію «Мова» Віктара Марціновіча.
Пілотны выпуск "Пазакласнага чытання"
«Прывітанне! Гэта пілотны выпуск нашага новага шоу «Пазакласнае чытанне», дзе мы загадзя чытаем кнігі беларускіх аўтараў і робім суб’ектыўны агляд прачытанага. Таму ўвага! Будуць спойлеры!» — так анансуюць свой новы прадукт комікі з «PanStandUp».
Агляд ад Мішы Ільіна, Макса Канавала, Антона Дзюбайлы і Андрэя Райна сапраўды суб’ектыўны — на тое гэта і стэндап, канечне. Ад крэпкіх жартаў на мяжы фолу да іроніі, часам з’едлівай.
За два дні выпуск набраў дзве з паловай тысячы праглядаў — някепска для пілота. Магчыма, гэта будзе паспяховы прадукт ад «PanStandUp» — пакуль іхныя рэкорды трымаюцца на 22 тысячах праглядаў відэа, што выйшла 7 месяцаў таму.
У каментарах стваральнікаў шоу падбадзёрваюць ды дзякуюць за спробу распавядаць пра беларускую літаратуру ў забаўляльным фармаце:
«Дзякуй вялікі за такі праект — праўду кажучы, нават не хацела марыць пра забаўляльнае шоу, у якім будуць абмяркоўваць кнігі, бо нішавы кантэнт. А тут такі падарунак»
«Дзякуй. Яшчэ не глядзеў, але адчуваю што гэта шыкоўна. Вельмі не хапала беларускай кніжнай камедыйнай суполкі. Вы адраджаецце літаратуру і камедыю, дзякуй за вашу працу»
«Вялікі дзякуй, хлопцы за гэты фармат. Кантэнт пра кнігі ды яшчэ на беларускай мове — гэта тое, што я даўно хацела бачыць ў юцюбе»
«У вас адчуваецца сапраўдны беларускі вайб»
«Дзякуй вялікі! Чакаю ад вас яшчэ і кінаклуб».
Супольнасць «PanStandUp» створаная ў Варшаве беларускімі комікамі, якія з’ехалі з Беларусі пасля падзей 2020 года з-за меркаванняў бяспекі.
budzma.org