Дзякуючы працы Альмы Лапінскене літоўцы ведаюць пра рамантычны партрыятызм Караткевіча, смеласць спалучэння сапраўднасці з белетрыстыкай Алексіевіч, глыбіню словаў і філафофскую пранікнёнасць паэзіі Разанава.
Дзяцінства Альма Лапінскене прайшло ў Сібіры, куды саслалі яе разам з бацькамі. Вывучаць беларускую літаратуру яна пачынала ў супрацы з Адамам Мальдзісам. Пазней Альма 20 гадоў узначальвала Асацыяцыю беларусістаў Літвы. У яе асабістай бібліяграфіі пераклады з беларускай на літоўскую больш дзясятка кніг. Для Telegram-канала «Тётя Ира разрешила» Альма расказала пра шлях да перакладаў і «шлях ў свет праз суседскі двор».
Альма Лапінскене — мовазнаўца, перакладчыца
Знаёмства з беларускай літаратурай пачалося для Альмы Лапінскене на пачатку 1980-х. У той час яна збірала матэрыялы аб літоўска-беларускіх сувязях для сваёй дысертацыі.
«Я даволі часта ездзіла y Мінск, працавала у бібліятэках, удзельнічала у пісьменніцкіх сходах і, вядома ж, пазнаёмілася з многімі тагачаснымі беларускімі творцамі. Асабліва хацелася пазнаёміцца з тымі пісьменнікамі, творчасць якіх мне найбольш спадабалася», — расказае яна пра. У той час Альма пазнаёмілася з прафесарам Адамам Мальдзісам, а праз яго — з Уладзімірам Караткевічам.
«Мы некалькі разоў сустракаліся, гаварылі пра літаратуру, гісторыю нашых народаў, нават спрачаліся наконт трактоўкі некаторых момантаў нашай агульнай гісторыі ў яго творчасці, — расказала Альма пра Караткевічаю — Мяне захапляў рамантычны дух яго творчасці, глыбокі патрыятызм. Можа таму першым творам беларускай літаратуры, які я пераклала, было яго апавяданне «Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў». Перакладаючы я адчула «смак» той працы — і горкі, і прыемны».
«Перакласці мяне падштурхнула выдатны рэдактар, мая сяброўка, аднакурсніца Бронэ Балчэне. — кажа Альма аб працы, што пачалася як спроба, а стала заняткам на цэлае жыццё. — Дзякуючы ёй, я адкрыла для сябе гэтую цікавую і важную сферу творчасці».
Альма пераклала на літоўскую зборнік беларускіх апавяданняў «Langas į žalią sodą» («Акно ў зялёны сад», Vyturys, 1988), у які ўвайшла і навэла Уладзіміра Караткевіча «Кніганошы».
«Гэты зборнік — другая беларуская кніга, якую я пераклала. Першы пераклад — раман Васіля Хомчанкі «Grįžimas į ugnį» («Вяртанне у агонь», Vaga, 1985). Гэта абсалютна савецкі твор сацрэалізму. Як вядома, у савецкія часы кнігі для перакладу адбіраліся выдавецтвам зыходзячы з ідэалягічных патрабаваньняў».
Сітуацыя з творамі для перакладу змянілася пасля 1990-х. Стала магчыма свабодна выбіраць, што перакладаць, а выдавецтвы арыентаваліся на забароненую падчас савецкай улады, у асноўным, заходнюю, літаратуру.
«Суседзі, асабліва постсавецкая прастора, апынуліся ў баку, прынамсі, на некаторы час. Нешта, вядома, перакладалася i друкавалася, але не сістэматычна. Я была рада, калі выйшаў мой пераклад аповесці Уладзіміра Караткевіча «Šiurpioji karaliaus Stacho medžioklė» («Дзікае паляванне караля Стаха», Vyturys, 1994) і раманa Валянціны Коўтун «Gailestingumo kryžius» («Крыж міласэрнасці», Alma littera, 1997).
Вокладка кнігі «Дзікае паляванне караля Стаха», што вышла ў 1994 годзе ў перакладзе Альмы Лапінскене
«Дзякуючы Валянціне Коўтун я пераклала кнігу Святланы Алексіевіч «Černobylio malda» («Чарнобыльская малітва», Alma littera, 1999). У той час я зацікавілася творчасцю Алеся Разанава, пачала публікаваць пераклады яго вершаў ў літоўскім літаратурным друку.
Святлана Алексіевіч і Алесь Разанаў — асноўныя аўтары, якіх я перакладала. У сціплым спісе маіх перакладаў тры кнігі С. Алексіевіч («Černobylio malda» / «Чарнобыльская малітва», Alma littera, 1999, 2015, «Karo veidas nemoteriškas» / «У вайны нежаночае аблічча», Alma littera, 2017, «Paskutinieji liudytojai» / «Апошнія сведкі», Alma littera, 2020) i тры кнігі А. Разанава («Medžioklė rojaus slėnyje» / «Паляванне ў райскай даліне», Homo liber, 2008, «Krikšto motinos dovana» / «Падарунак хроснай маці», Homo liber, 2013 і да 75-годдзя з дня нараджэння паэта «Žodžiai nutilo: tylon beldžiasi širdis» / «Словы аціхлі: у немату стукае сэрца», Hieronymus, 2022).
Вокладкі кніг Святланы Алексіевіч, што вышлі па-літоўску ў перакладзе Альмы Лапінскене
«Больш за ўсё прыцягвае і цікавіць мастацкая выразнасць, арыгінальнасць, значнасць ідэі твора, — апісвае Альма творы беларускіх аўтараў. — Мяне захапляюць рамантызм і патрыятызм У. Караткевіча, працавітасць і смеласць С. Алексіевіч пісаць на нязручныя для савецкай сістэмы тэмы, сугестыйнасць яе кніг, якая вынікае з спалучэння сапраўднасці і белетрыстыкі, любоў А. Разанава да мовы, увага да слова, глыбіня яго паэзіі, яго філасофскія пранікненні»
Менавіта так называлася і яе сумеснае з Адамам Мальдзісам даследванне «Перазовы сяброўскіх галасоў», апублікаванае ў часопісе «Навука і тэхніка» ў 1988 годзе.
«Кожная літаратура, гаворачы пра светапогляд, этнагенез, гісторыю свайго народа, уздымае і агульначалавечыя праблемы, таму кожная непаўторная, цікавая і ў той жа час блізкая і зразумелая».
Перакладаць і чытаць літаратуру суседніх краінаў «не толькі варта, але і неабходна», лічыць Альма Лапінскене.
«Бо шлях у свет ідзе праз суседскі двор. Усё ж, добрасуседства грунтуецца на ўзаемным пазнанні адзін аднаго. Радуе, што нарэшце мацнее тэндэнцыя звяртацца да літаратуры нашых суседзяў і як мага лепш яе пазнаваць».
Саюз літоўскіх літаратурных перакладчыкаў абвясціў гэты год Годам латышскай літаратуры, а 2022 год быў прысвечаны беларускай літаратуры. Год пачаўся з вечара беларускай паэзіі ў Доме сігнатараў 25 сакавіка, прымеркаванага да Дня Незалежнасці Беларусі, і завяршыўся 12 снежня у Клубе пісьменнікаў — адзначылі 75-годдзе з дня нараджэння А. Разанава новай дзьвюхмоўнай кнігай яго пункціраў.
Кніга Алеся Разанава ў перакладзе Альмы Лапінскене на літоўскую. Вокладка выдання, прымеркаванага да 75-годдзя з дня нараджэння паэта
Гэта быў год інтэнсіўных перакладаў беларускай літаратуры на літоўскую мову. Акрамя названай анталогіі і кнігі А. Разанава, выйшла кніга нарысаў І. Плескачэўскай пра Францыска Скарыну, а 8-9 нумар літаратурнага часопіса «Мetai» быў прысвечаны беларускай літаратуры.
«Таксама мне прыемна, што маладое пакаленне (Марюс Бурокас, Вітас Дэкшніс і інш.) падтрымлівае сувязь з беларускімі пісьменнікамі і перакладае адзін аднаго. Летась намаганнямі маладых у выдавецтве «Bazilisko ambasada» на літоўскай мове выйшла анталогія сучаснай беларускай паэзіі «Baltai raudonai baltai» («Белае Чырвонае Белае»)».
Анталогія сучаснай беларускай паэзіі «Baltai raudonai baltai» у перакладзе на літоўскую мову
Па словах перакладчыцы, аўдыторыя добра прымала творы Уладзіміра Караткевіча: «Памятаю не адзін добры водгук на яго апавяданнi i аповесць». Калі Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію, то адразу ўзрасла цікавасць і да яе кніг: «Вялікую папулярнасць набыла «Чарнобыльская малітва». У 2020 годзе «Апошнія сведкі» занялі першае месца ў намінацыі «Перакладны нон-фікшн» на партале «15 хвілін». Мы з Алесем Разанавым неаднойчы ўдзельнічалі ў чытаннях фестывалю «Poezijas pavasaris», яго паэзія заўсёды выклікала вялікую цікавасць у слухачоў».
Шанец зрабіць нешта ўпершыню
«Вялікіх планаў не будую, жыццё заўсёды прапануе нешта цікавае, трэба толькі гэтага жадаць і спадзявацца, — кажа Альма пра далейшае. Але — адзначае, што зараз з’яўляюцца кнігі, якімі хочацца падзяліцца з літоўскімі чытачамі: «Адна з кніг, якія я прачытала у мінулы год — Евы Вежнавец «Пашто ідзеш, воўча?» Моцная кніга, адназначна вартая перакладу.
Нядаўна сяброўка з Кіева прыслала выдатны раман украінскага пісьменніка Володимира Лиса «Століття Якова» з настойлівай прапановай перакласці яго на літоўскую. Такім чынам, мая наступная праца зразумелая — упершыню буду перакладаць з украінскай».