У жылах большасці сучасных манархаў Еўропы цячэ кроў крывічанкі Сафіі, што некалі стала каралевай Даніі

Калі ў пачатку 2024 года ў Даніі пасля паўстагоддзя праўлення каралевы Маргрэты ІІ каралём стаў яе сын Фрэдэрык Х, дацкія гісторыкі ўзгадвалі пра старажытныя дынастычныя карані каралеўскага дому. Сучасныя даследаванні паказваюць, што ў генеалагічным дрэве дацкай манархіі знаходзіцца Сафія Менская, дачка полацка-менскага князя Валадара Глебавіча і праўнучка знакамітага Усяслава Чарадзея з дынастыі Рагвалодавічаў. Яна стала маці двух каралёў Даніі, а праз іх кроў беларускіх уладароў перадалася да сучасных каралёў Еўропы: ад Карла ІІІ у Вялікабрытаніі да Фэліпэ VI, манарха ў Гішпаніі.

Karol Danii Eryk V, praŭnuk Safii Mienskaj
Кароль Даніі Эрык V, праўнук Сафіі Менскай

Беларуска ў дацкай каралеўскай зале

Доўгі час пра Сафію ведалі толькі вузкія спецыялісты. У 1930-я пра яе напісаў эмігранцкі гісторык Мікалай Баўмгартэн, але ягоны артыкул заставаўся ў спецыялізаваным выданні на лаціне і нямецкай. Сапраўдны паварот зрабіў фінскі медыевіст Ярл Гален, які разабраў усе супярэчлівыя згадкі пра каралеву Сафію і паказаў, што перад намі не «абстрактная прынцэса», а канкрэтная дачка менскага князя Валадара Глебавіча. У ХХІ стагоддзі беларускія сюжэты ў дацкай гісторыі падхапілі гісторыкі Андрэй Катлярчук і Лізавета Дубінка-Гушча.

Зямля паміж Дзвіною і Балтыкай

Пачатак гісторыі быў на полацка-менскіх землях XII стагоддзя. Князь Валадар Глебавіч, прадстаўнік роду Рагвалодавічаў, кіруе Менскім, а потым і Полацкім княствам — дзяржавай, якая кантралюе шлях па Заходняй Дзвіне да Балтыйскага мора. Генеалагічны ланцуг выглядае проста: Рагвалод → Рагнеда → Ізяслаў → Брачыслаў →Усяслаў Чарадзей → Глеб Усяславіч → Валадар Глебавіч → Сафія.
Полацкая зямля ў гэты час «працуе» як цэнтр дынастычнай дыпламатыі паміж Руссю, Польшчай і Скандынавіяй: шлюбы, саюзы, сумесныя паходы. Шлюб Сафіі з дацкім каралём стаў лагічным крокам гэтай палітыкі.

Маці Сафіі — польская прынцэса Рыкса, дачка Баляслава Крывавустага. Яе біяграфія складалася са спісу альянсаў Пястаў са Скандынавіяй. Спачатку яна стала жонкай дацка-шведскага прынца Магнуса Нільсена, потым менскага князя Валадара, а пазней шведскага караля Свёркера І.

Safija Mienskaja
Сафія Менская, уяўная выява

Сафія, найхутчэй, нарадзілася каля 1140–1141 года ў Менску, але ўжо ў дзяцінстве апынулася ў розных культурах. Частку часу яна жыла ў Польшчы пры двары дзядулі, частку — у Даніі, дзе яе зводны брат Кнуд V бараніў каралеўскі тытул, частку — у Швецыі, на двары Свёркера. Дубінка-Гушча называе гэта «школай каралеўскіх двароў»: дзяўчына з полацкай дынастыі з маленства бачыла палякаў, датчанаў, шведаў і бачыла, як дзейнічае палітыка ў розных краінах.

Вяселле між крывічанкай і датчанінам

У сярэдзіне 1150-х, калі Данія была разарваная міжусобіцамі, а на трон прэтэндавалі адразу некалькі ліній, Сафію абіраюць нявестай для князя Вальдэмара, будучага Вальдэмара Вялікага. Заручыны адбываюцца каля 1154 года і становяцца часткай складанага дацка-шведска-польска-полацкага альянсу.

Пакуль Вальдэмар ваюе за ўладу, юную князёўну пасяляюць у доме дацкіх шляхцічаў, «каб дачакалася сталых гадоў». Толькі ў 1157-м, пасля кроўнай разні і перамогі Вальдэмара над супернікамі, ладзіцца вяселле, дзе Сафію карануюць каралевай Даніі. 

Гален у сваёй працы паказвае, што гэты шлюб упісаў Полацк у «вялікую палітыку» Балтыйскага мора.

«Жорсткая каралева» сагаў і рэальная палітычная фігура

У скандынаўскіх сагах і пазнейшых баладах Сафія часам выглядае ледзь не зладзейкай. Народная традыцыя распавядае, як яна нібыта спаліла ў лазні каханку Вальдэмара Туву, а сястру караля Кірстэн зрабіла калекай.

Гісторыкі ставяцца да гэтых сюжэтаў як да літаратурных фантазій. Але сам факт іх існавання паказальны, бо калі жанчына ў Сярэднявеччы мае рэальны ўплыў, народная фантазія ахвотна ператварае яе ў «фатальную каралеву». Дацкі даследчык Нільс Скум-Нільсен, разглядаючы жаночыя вобразы ў дацкай гісторыі, паказваў, як падобныя легенды «прымружваюць» рэальную палітычную працу каралеваў.

Safija Mienskaja
 Сафія Менская, рэканструкцыя галавы

У дакументах жа Сафія выглядае зусім інакш. Яна фігуруе як сударавальніца царкоўных маёмасцяў, апякунка кляштараў, асоба з уласнымі правамі на землі. Даследчыца Дубінка-Гушча ўключае яе ў кантэкст «жаночай улады», жанчыны, якая праз уласныя сеткі, пасаг, культ рэліквій і дзяцей уплывае на палітыку не менш за мужоў і сыноў.

Як Менск разышоўся па Еўропе праз дзяцей Сафіі

Пра Сафію часта кажуць як пра «маці двух каралёў», але яе роля значна шырэйшая. З Вальдэмарам Вялікім у яе нарадзілася восем дзяцей, і амаль кожнае з іх стала вузлом вялікай дынастычнай сеткі.

Karol Danii Valdemar II, syn Safii Mienskaj
Кароль Даніі Вальдэмар II, сын Сафіі Менскай

Старэйшыя сыны Кнуд VI і Вальдэмар II Пераможца адзін за адным узначалілі дацкую карону. Пры Кнудзе Данія канчаткова падпарадкоўвае сабе Памеранію і ўдзельнічае ў крыжовых паходах супраць паганцаў у Балтыцы. Вальдэмар II ператварае краіну ў галоўнага гульца на Паўночным моры, а яго ўладаньні цягнуцца ад Эльбы да Гданьска, а легендарны Данэброг (нацыянальны сцяг Даніі), паводле падання, падае з неба ў эстонскай бітве як сімвал амбіцый вялікай дзяржавы.

Дочкі Сафіі ідуць у Еўропу. Інгеборга становіцца жонкай французскага караля Філіпа ІІ Аўгуста. Ён кіраваў адным з крыжовых паходаў і зацвердзіў статут Сарбоны. Але ў сямейным жыцці, як нагадвае гісторык Алег Дзярновіч, кароль вернасцю не вызначаўся. Убачыўшы шанец пашырыць свае валоданні праз іншы шлюб, ён адхіліў Інгеборгу.

За гэты разрыў у 1200 годзе Папа Інакенці III адлучыў яго ад касцёлу і наклаў на Францыю інтэрдыкт. Толькі пасля смерці сваёй новай абранніцы Філіп вызваліў Інгеборгу з замка і зноў пачаў ставіцца да яе як да законнай каралевы. Аднак дзяцей у іх так і не нарадзілася, і новых французскіх каралёў яна свету не дала.

Іншая дачка Сафіі Рыкса выходзіць замуж за караля Швецыі Эрыка Х. Наступная дачка Хелена становіцца жонкай Вільгельма Браўншвейг-Люнебургскага і маці герцага Отэ Барната. Праз яго лінію «нашчадкі крывічоў» выходзяць у нямецкія землі і да графаў Галандыі і Зеландыі — у будучыя Нідэрланды.

Сафія, дачка Сафіі Менскай і Вальдэмара, выйшла за князя Арламундскага Зігфрыда. Іншыя дочкі, Марыя і Маргарэта, ідуць у кляштар, што зноў-такі цалкам адпавядае полацкай традыцыі, дзе частка князёўнаў станавіліся манахінямі, як легендарная Еўфрасіння Полацкая. У выніку ўжо праз адно-два пакаленні ўнучкі і праўнучкі Сафіі з’яўляюцца каралевамі Швецыі, Польшчы і Чэхіі.

Таемны маршрут крыжа: ад Полацка да Рынгстэда?

Самы матэрыяльны, бачны сёння «след» Сафіі ў Даніі, апроч магілы ў саборы ў Рынгстэдзе, — гэта маленькі залаты крыж, які датчане ведаюць як крыж Дагмары.

Kryž Dahmary
Крыж Дагмары

Крыж з візантыйскай эмаллю знайшлі ў канцы XVII стагоддзя ў каралеўскай пахавальні ў Рынгстэдзе. У XIX стагоддзі яго «далучылі» да імя каралевы Дагмары, жонкі Вальдэмара II, і зрабілі нацыянальным сімвалам. Копіі крыжа носяць дзяўчынкі на хрост і канфірмацыю. Але археолаг Фрытцэ Ліндаль, даследуючы крыж, звярнуў увагу на яго падабенства да крыжоў з тэрыторыі Старажытнай Русі, у тым ліку да Крыжа Еўфрасінні Полацкай. Ён дапусціў, што рэліквія магла быць прывезеная ў Данію не Дагмарай, а раней, разам з крывіцкай князёўнай.

Дубінка-Гушча развіла гэтую ідэю: параўнаўшы іканаграфію і тэхніку выканання, яна прапанавала разглядаць крыж Дагмары як частку таго ж культурнага кола, што і крыж Еўфрасінні. Паводле яе, цалкам магчыма, што крыж трапіў у дацкую каралеўскую пахавальню праз Сафію Менскую, разам з яе пасагам.

У наш час беларускія актывісты збіраюцца зладзіць сімвалічнае «плаванне» ў Данію, каб нагадаць, што ў гісторыі нацыянальнай святыні дацкай дзяржавы можа быць і наша, крывіцкая старонка. Адкрыты збор ахвяраванняў на стварэнне дакладнай рэплікі крыжа Дагмары (ці можа, будзем цяпер называць крыжа Сафіі?). Budzma падрабязна пісала пра гэта тут.

Kryž
Так можа выглядаць рэпліка. Такім бачылі Крыж нашыя князі ў XII стагоддзі і такім яго можам пабачыць мы і нашыя нашчадкі

Апошні шлях Сафіі

Пасля смерці Вальдэмара Вялікага ў 1182 годзе Сафія не знікае з палітычнай сцэны Еўропы. Каля 1184-га яна выходзіць замуж другі раз, за Людовіка III, ландграфа Цюрынгіі, каб злучыць дацкую і нямецкую арыстакратыю.

Гэты шлюб працягнуўся нядоўга, праз некалькі гадоў яго скасавалі, і Сафія вярнулася ў Данію ўжо без тытулу ландграфіні. 5 траўня 1198 года яна памерла. Пахавалі Сафію ў саборы святога Бенедыкта ў Рынгстэдзе, побач з мужам Вальдэмарам.

Pachavalny kamień Safii Mienskaj
Пахавальны камень Сафіі Менскай

Сафія Менская — доказ таго, што беларускія землі былі часткай вялікай еўрапейскай палітыкі задоўга да таго, як мы пачалі называць сябе беларусамі.

Калі наступны раз вы ўбачыце дацкі Данэброг або крыж Дагмары на шыі маленькай дзяўчынкі, можаце ўявіць, што дзесьці ў глыбіні гэтай сімволікі жыве і наш след.

Сафія Менская — пра-пра-пра-пра... прабабуля сучасных манархаў Даніі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Гішпаніі, Люксембурга і Швецыі.

Усе яны генеалагічна сыходзяць да яе праз Валдэмара II, караля Даніі, або праз шведскую лінію ад яе дачкі Рыксы.

Павал Хадзінскі, budzma.org