9 снежня 2025 г. Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (ЮНЕСКА) падчас 20-й сесіі (г. Нью-Дэлі, Індыя) прыняў рашэнне аб уключэнні элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці» ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, які патрабуе тэрміновай аховы (ЮНЕСКА), піша МЗС.
Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці з’яўляецца ўнікальнай з’явай беларускай народнай культуры, якая захавала архаічныя рысы і складаную сімволіку.
Сфарміраваная ў XVII стагоддзі, гэтая традыцыя ахоплівае стварэнне ручнікоў, прадметаў адзення і інтэр’еру з выкарыстаннем самабытных тэхнік ткацтва і вышыўкі.
Асаблівую вядомасць набылі неглюбскія ручнікі, якія вылучаюцца складанай паліхромнай гамай (да 25 адценняў) і багатай арнаментальнай спадчынай, якая налічвае больш за 120 узораў, некаторыя з якіх бяруць пачатак ад тысячагадовых традыцый. Геаметрычныя і раслінныя арнаменты («крывулі», «павукі», «яблынька» і інш.) нясуць у сабе зашыфраваныя пажаданні дабра, кахання, дабрабыту і здароўя.
Унікальнасць тэхнікі, пры якой ткацтва вядзецца з адваротнага боку, забяспечвае непаўторнасць кожнага вырабу.
Будучы аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, традыцыя працягвае жыць дзякуючы безупыннай пераемнасці пакаленняў, захоўваючы ўнікальныя тэхнікі і сімвалічную мову народнага мастацтва.
Мясцовыя жыхары працягваюць выкарыстоўваць традыцыйныя тэкстыльныя вырабы ў паўсядзённым жыцці і прыкладаюць значныя намаганні для распаўсюджвання практык традыцыйнага неглюбскага ткацтва, асабліва з мэтай перадачы ведаў новаму пакаленню.

З уключэннем «Неглюбскай тэкстыльнай традыцыі» спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА налічваюць сем беларускіх элементаў. Раней ўключаны святочны абрад «Калядныя цары» вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці, 2009 г.; «Святкаванне ў гонар іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)», 2017 г.; «Юраўскі карагод» у в. Пагост Жыткавічскага раёна Гомельскай вобласці, 2019 г., Культура бортніцтва, 2020 г.; «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні», 2022 г., «Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразання паперы ў Беларусі», 2024 .