Як выжыць у чужой краіне, калі ты ўвогуле не збіраўся з’язджаць са сваёй, але лёс склаўся, так як склаўся? Прыстасоўвацца? Трымацца максімальна адасоблена, каб захаваць сябе і сваю ідэнтычнасць? Асімілявацца ці ўсё ж інтэгравацца? Дзе розніца і што прасцей? Фалькларыстка і журналістка Алена Ляшкевіч разважае пра эмігранцкі лёс і праблемы захавання нацыянальнай ідэнтычнасці ды апісвае чатыры эмігранцкія стратэгіі ў адлюстраванні беларускіх творцаў.

У апошнія гады з’яўляецца шмат мастацкіх твораў, аўтары якіх так ці інакш рэфлексуюць пра эміграцыю, часцей сваю ўласную. Гэтыя творы, бадай, адгукаюцца кожнаму беларусу, які быў вымушаны пакінуць радзіму.
Тэатральны крытык Ірына Лаппо на reform.news піша пра чатыры даступныя эмігранту стратэгіі — інтэграцыя, сепарацыя, маргіналізацыя і асіміляцыя, адзначаючы, што «апошняя выглядае найбольш прывабна: зліцца з фонам, не адрознівацца». Але ці ўсім пасуе такі шлях?
Гэту стратэгію апісвае Дар’я Ракава ў кнізе «Я/Мы эміграцыя». Беларускамоўны варыянт кнігі выйшаў сёлета тарашкевіцай у перакладзе Міры Лукшы, а арыгінал напісаны па-руску. Пра «асыміляцыю» аўтарка піша як пра нешта абсалютна станоўчае і, судзячы па назве твора, меркаваную мэту любога эмігранта. Так, не пра інтэграцыю, не пра бікультурнасць. Пра асіміляцыю. Праз шэсць год у Польшчы лірычная гераіня прыходзіць да высновы, што яна цяпер «...Полька? Зь беларускімі каранямі». Бо, на яе думку:
«Дзіўна ж паехаць кудысьці, заставацца там аўтсайдарам і чакаць, пакуль цябе прымуць такім, які ты ёсць».
Альбо:
«Надыходзіць такі момант — ён заўсёды надыходзіць рана ці позна — калі з краінай твайго нараджэньня цябе звязваюць толькі ўспаміны дзяцінства і бацькі».
То-бок застацца беларусам, жывучы ў Польшчы — mission impossible, ды і навошта. Шматузроўневая ідэнтычнасць? Не, не чулі. А калі ты свядомы беларус і не жадаеш асімілёўвацца — то, вядома, аўтсайдар і нейкі дзіўны.
Праўда, лірычную гераіню, прабачце за трасянку, «цярзаюць смутныя самненія»:
«Нават цяпер, праз гады тэрапіі і сапраўднай асыміляцыі ў польскім грамадзтве, бывае, я гляджу на майго цудоўнага хлопца і думаю, што ён ніколі мяне не зразумее так, як разумее беларускі музыка ў варшаўскім метро».
Мне дзіўна было сустрэць слова «асіміляцыя» ў станоўчым сэнсе, але пасля дыскусій са шматлікімі беларускімі і польскімі знаёмымі стала зразумела, што далёка не ўсе са мной згодныя і бачаць розніцу між асіміляцыяй ды інтэграцыяй.
Прыклад сепарацыі эмігранта, на маю думку, — кніга Аляксея Правалоцкага «Цягнік да Познаня», якая таксама выйшла ў 2025 годзе. Аўтар апісвае пераважна варшаўскі раён Ахота і яго жыхароў-палякаў. Вельмі рэдка на старонках кніжкі з’яўляюцца героі-беларусы. За жыццём Варшавы Аляксей назірае нібы з дыстанцыі, з героямі размаўляе мала. Можа быць, гэта тлумачыцца тым, што кніга — пра першыя пару гадоў эміграцыі, калі аўтар яшчэ кепска ведае польскую мову. Яго назіранні лёгкія і акварэльныя. У гэтым тэксце не пагружаешся па вушы ў польскую рэчаіснасць, як у кнізе Дар’і Ракавай, а лунаеш над штодзённасцю польскай сталіцы, як «Закаханыя» Шагала над Віцебскам ці булгакаўская Маргарыта над Масквой. Пра Марка, дарэчы, у кнізе Аляксея Правалоцкага таксама ёсць. І ўвогуле там шмат беларускага досведу і філасофіі. У адрозненнне ад Дар’і Ракавай, Аляксей Правалоцкі разумее:
«Нават калі я вывучу польскую мову, калі пазбаўлюся акцэнту і атрымаю пашпарт, я ўсё роўна буду вось так стаяць вонкі і ў самотным захапленні глядзець, як незнаёмыя дзеці танчаць пад старыя польскія мелодыі».
Вельмі паказальнае і такое назіранне аўтара:
«Мне робіцца крыху няёмка, што я іду на Павонзкі з пустымі рукамі... але звыклая ўжо думка ў апошні момант спыняе мяне: гэта не мае могілкі...»
Мне здаецца, у сепарацыі эмігрант можа пражыць некаторы час, даўжэйшы ці карацейшы, але гэта ўсё ж пераходны стан у большасці выпадкаў. Хіба пра гэта — таксама кнігі «Я танцую» Вікі Біран і «Час пустазелля» Ганны Янкуты. У гэтую ж катэгорыю можна залічыць назіранні за жыццём у Швецыі ў часовых выездах Анкі Упалы, што ўвасобіліся ў яе кнігах «На заснежаны востраў» і «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў». Гэта не проста турыстычныя вандроўкі, аўтарка менавіта жыве ў Швецыі, хай і часова, але яе нельга назваць эмігранткай у поўным сэнсе.

Маргіналізацыю мігрантаў, на маю думку, ілюструюць п’есы Мікіты Ільінчыка. Драматург рэдка дае інтэрв’ю беларускім СМІ, але добра вядомы ў нашай культурнай прасторы. Яго цікавяць і беларуская эміграцыя, і людзі з іншых краін, якія апынуліся на беларуска-польскай мяжы. Пра апошніх — п’есы «Эма» і «2049: cкажы прывітанне Абдо». Пра эмігрантаў у Заходняй Еўропе — «Fucking in Bruxelles». Пра беларусаў і ўкраінцаў, якіх ад палякаў адрознівае толькі акцэнт, але адрозненні аказваюцца крытычнымі, — п’еса «Пігмаліён». Прэм’еры прайшлі ў 2023-2025 гг.
Героі не ўпісваюцца ў грамадства краіны прыбыцця, і не заўсёды гэта іх выбар, як у выпадку мігранта з «Усходняй Еўропы ў п’есе «Fucking in Bruxelles». У герояў астатніх згаданых твораў проста няма такой магчымасці: польскае грамадства іх не прымае. Праўда, п’есы «2049: cкажы прывітанне Абдо» і «Пігмаліён» — антыўтопіі, дзеянне якіх адбываецца ў недалёкай будучыні — сярэдзіне ХХІ ст. Спадзяюся, яны ніколі не стануць рэальнасцю.
Такіх твораў я чамусьці ўзгадаць не змагла. Можа быць, патэнцыйных аўтараў, якія паспяхова інтэграваліся, не катуюць пытанні ўласнага эмігранцкага лёсу ды ідэнтычнасці, вось яны і не пішуць кніжак. Альбо прайшло яшчэ замала часу ад пачатку хвалі эміграцыі пасля 2020 г., каб маглі паўстаць такія творы.
Для мяне інтэграцыя — адзіны прымальны шлях адаптацыі на новым месцы жыхарства. Я занадта беларуска, каб асімілявацца і раптам адчуць сябе полькай. Я занадта цікаўная да таго, што адбываецца навокал, каб жыць у сепарацыі. Спадзяюся, мне не давядзецца зазнаць маргіналізацыі.
Шлях да інтэграцыі вельмі няпросты. Ты прыходзіш на польскую танцавальную вечарыну — і падсвядома скануеш прастору, мо раптам прыйшоў яшчэ нехта з беларусаў. Спрабуеш чытаць польскія навіны — а там нязвыклы дызайн сайтаў і размяшчэнне рэкламы, дзіўныя загалоўкі, што цябе не чапляюць. Табе расказваюць нешта пра польскую палітыку знаёмыя — а ты губляешся ў пераліку імёнаў і партый. Ты нібы ўжо 100 разоў вывучыла і паўтарыла, як скланяецца слова «pieniądze», а ўсё роўна робіш у ім памылку. Ну і г. д.
Але што ж рабіць? Гараваць і змагацца...
Алена Ляшкевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org