Вялікае Княства Літоўскае ад моманту ўзнікнення ў сярэдзіне ХІІІ ст. на працягу больш чым паўстагоддзя было вымушана адчайна змагацца за сваё існаванне. Якой палітычнай дактрыны прытрымлівалася ў знешняй палітыцы Вялікае Княства? Ад каго абаранялася? Пры якіх абставінах рэзка змянілася знешнепалітычная дактрына княства і як гэта паспрыяла яго велічы? Піша Канстанцін Семяновіч.
Гістарычны шанц для ВКЛ
Узнікненне і станаўленне Вялікага Княства Літоўскага адбывалася ў другой палове ХІІІ — пачатку XIV ст. Першая фаза пачалася каля 1248 г. і заняла некалькі месяцаў. Потым да самага канца ХІІІ ст. дзяржава даводзіла варожым суседзям сваю жыццяздольнасць як сілай зброі, так і дыпламатыяй.
Манголы ў Еўропе
Гісторыя дала Вялікаму Княству Літоўскаму шанц у выглядзе некалькіх дзесяцігоддзяў адноснага спакою паміж сярэдзінай і 80-мі гадамі ХІІІ ст., калі ў наваколлі не назіралася сур’ёзных ворагаў. Беларускія землі, у адрозненне ад расійскіх і ўкраінскіх, пазбеглі татарскага панавання. Вялікае мангола-татарскае войска ў 1241 г. прайшло міма на Польшчу і Венгрыю, толькі яго паўночная частка зачапіла Паўднёвую Беларусь, пакінуўшы пасля сябе папялішчы і руіны паселішчаў.
Сутыкненне з Тэўтонскім ордэнам адклалася на некалькі дзесяцігоддзяў, бо той ад моманту з’яўлення ў Прусіі (пачатак 30-х гадоў ХІІІ ст.) да пачатку 80-х (менавіта да 1283 г.) быў заняты пакарэннем мясцовых плямёнаў. Іншыя ворагі аказаліся не такімі страшнымі, хоць змаганне з імі таксама было нялёгкім. Тут Літве пашанцавала з таленавітым кіраўніком — першым вялікім князем Міндаўгам.
Заваёва Прусіі і Лівоніі крыжакамі
Вайна на Захадзе, мір на Усходзе
Калі тэўтонскія рыцары зламалі супраціў прусаў (апошняе племя прызнала ўладу Ордэна ў 1283 г.) і абрынуліся на Літву, то нечакана для сябе натыкнуліся на моцны і добра арганізаваны супраціў — Вялікае Княства Літоўскае паспела ўмацавацца.
Ад таго часу менавіта з сярэдзіны 80-х гадоў ХІІІ ст. і да пачатку гаспадарання Гедыміна Вялікага (заняў трон каля 1316 г.) знешняя палітыка Літвы вялася паводле адной нязменнай генеральнай дактрыны. Яна не была афіцыйна сфармуляваная і зацверджаная вышэйшай дзяржаўнай інстанцыяй, як гэта робіцца ў дзяржавах найноўшага часу. Але практычныя дзеянні вялікіх князёў літоўскіх паказваюць нязменнаць і пераемнасць знешняй палітыкі дзяржавы да самага прыходу Гедыміна. Яе сутнасць можна сфармуляваць лапідарна адным сказам: «Вайна на Захадзе, мір на Усходзе».
Асноўныя кірункі знешняй палітыкі ВКЛ
На Захадзе Літва ўпарта баранілася ад Тэўтонскага ордэна. Беларуска-Літоўскае гаспадарства гартавалася і кшталтавалася ў горне прускай вайны. Менавіта ў гэтай вайне сфармавалася моцная цэнтральная ўлада ─ інстытут вялікіх князёў, вакол якіх гуртавалася краіна, бо крыжацкія напады датычылі ўсіх яе жыхароў ад сялян да буйных феадалаў.
Гарадзенскі рыцар ХІІІ ст.
Другарадным кірункам знешняй палітыкі быў польскі. Ліцвіны рэгулярна рабавалі польскія землі, аднак іх выправы перапыняліся на два — чатыры гады, калі патрабавалася канцэнтрацыя сілаў на ордэнскім кірунку.
На Русі Вялікае Княства Літоўскае паступова ўцягвала ў сваю арбіту раздробленыя беларускія княствы, а на землях, залежных ад Залатой Арды, вяло палітыку асцярожнага пашырэння ўплыву, не правакуючы ханаў залішняй актыўнасцю. Выключэннем сталі стратэгічна важныя паўночныя ўдзелы Смаленскага княства (толькі фармальна залежнага ад Арды), найперш Таропец, дзе ліцвіны ўмацаваліся ў 90-я гады ХІІІ ст.
Тэўтонскі ордэн надалей заставаўся галаўным болем Літвы, але тое была хвароба хоць невылечная, але не смяротная. Ціск з боку Ордэна стрымліваўся наладжанай сістэмай актыўнай абароны. Панямонская дзяржава даказала сваю моц і жыццяздольнасць. Пад канец гаспадарання Віценя Літва нагадвала спружыну, сціснутую з двух бакоў.
Віцень. З Хронікі А.Гваньіні
Рэзкая змена палітычнай дактрыны
Усё раптам змянілася, калі прыйшоў новы вялікі князь Гедымін, які прывёў ліцвінскую спружыну ў рух. Нефармальная дактрына знешняй палітыкі Літвы змянілася ў другой частцы і выглядала як «Абарона на Захадзе, наступ на Усходзе!». Ліцвінская спружына выпрамілася ў бок меншага супраціву — на ўсход. Вялікае Княства Літоўскае пачало свой імклівы рост у геаграфічнай і палітычнай прасторы Еўропы.
Канстанцін Семяновіч, budzma.org
Чытайце яшчэ: «Рыцар збройны на кані». 7 цікавых фактаў пра князя Віценя, які зрабіў дзяржаўным гербам «Пагоню»