Перамога скрозь паўтара тысячагоддзя. Пачатак «некантраляванай ланцуговай рэакцыі»

Доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч у аўтарскім праекце «Нясціплая гісторыя Беларусі» распавядае пра балта-славянскае ўзаемадзеянне — найважнейшую з’яву ў нашай гісторыі, якая ўласна і стварыла Беларусь.

Ад моманту ўзнікнення першых славян на землях будучай Беларусі пачалася найбуйнейшая з’ява ў гісторыі краіны працягласцю ад V да XX стст. А менавіта, сустрэча славян з балтамі ці, кажучы навуковай мовай, «працэс балта-славянскіх кантактаў».


кр1.png

«Нясціплая гісторыя Беларусі» - аўтарскі праект доктара гістарычных навук Аляксандра Краўцэвіча пра гісторыю беларускіх перамог. Мы ёсць на гэтай планеце паўтары тысячы гадоў. Гісторыя Беларусі — не гісторыя ахвяры! За тыя паўтары тысячагоддзі ў адной толькі Еўропе пазнікалі сотні розных народаў. А мы ёсць! Гісторыя беларускіх паразаў пісалася заваёўнікамі. Досыць плакацца! Прыйшоў час на нясціплую гісторыю Беларусі, гісторыю беларускіх перамог.

З’ява, якая стварыла Беларусь: што пра яе вядома

Дзіўна, але ў Беларусі пра гэтую з’яву, якая прайшла праз усю яе гісторыю, праз усе войны і пошасці, якая ўласна і стварыла Беларусь, не пішуць манаграфіі, напісана не так шмат артыкулаў, ды і тое пра асобныя яе аспекты. Не было нават сур’ёзнай спробы асэнсаваць працэс шматвекавой балта-славянскай/летувіска-латышска-беларускай сустрэчы як цэласную з’яву, адзіны працэс. Вы не знойдзеце артыкула пра яго ў шматлікіх беларускіх энцыклапедыях, у тым ліку гістарычных.

Археолагі вывучаюць сваімі раскопкамі і пішуць пра першыя этапы кантакту — V–XII ст.: ад з’яўлення славян да ўзнікнення і развіцця протабеларускіх народнасцей. Мовазнаўцы даследуюць тапанімічныя пласты — балцкія назвы мясцовасцей, якія ацалелі сярод абеларушаных/славянскіх. (Ад 1972 г. і да сёння ў Маскве выходзіць штогоднік «Балто-славянские исследования»). Этнографы, пачаўшы свае назіранні ў ХІХ ст., непасрэдна фіксавалі апошнія яго этапы. Вядомая этнаграфічная экспедыцыя Акадэміі Навук БССР на чале з Міхаілам Грынблатам у 1954 г. занатавала пры беларуска-летувіскай мяжы выказванні мясцовых людзей кшталту: «Нашыя дзяды гаварылі па-літоўску, бацькі ведалі колькі дзясяткаў літоўскіх слоў, а мяне ўжо прадай па-літоўску — нічога не зразумею».

Агульны вобраз працэсу працягам у паўтары тысячы гадоў вымалёўваецца, калі злучыць у адзін комплекс вынікі працы археолагаў, гісторыкаў, мовазнаўцаў і этнографаў. Уражвае не толькі яго храналагічная працягласць, але і геаграфічны абсяг, ацаніць які можна па этнічнай мапе беларусаў Яўхіма Карскага і іншых аўтараў з канца XIX — пачатку XX ст.

1_беларускі этнічны абшар.png

Галоўным зместам працэсу быў каланізацыйны рух славян на землі, занятыя балтамі (на паўночным усходзе Беларусі яшчэ і вугра-фінамі), кантакт з тубыльцамі, асіміляцыя апошніх і, як вынік, кардынальная змена этнічна-культурнай сітуацыі ў зоне кантакту, менавіта, узнікненне новай этнічнай супольнасці, якая ў найноўшы час атрымала назву «беларусы».

Дзе і чаму праходзіла славяна-балцкая мяжа

У VI ст. этнічная балта-славянская мяжа знаходзілася прыблізна на лініі Прыпяці. Узнікае пытанне — чаму славянская Пражская культура на будучай беларускай тэрыторыі, якая цягнулася ўздоўж Прыпяці ад Берасця да Сожа, прасунулася на поўнач не пад Берасцем ці Камянцом, а далей на ўсходзе па лініі Дняпра?

2_Прыход славян у Беларусь.jpg

Адказ напэўна крыецца ў беларускай геаграфіі — дарогу на поўнач ад Прыпяці славянскім каланістам блакіравала «Герадотава мора» (ці «Сармацкае мора») — найбуйнейшы еўрапейскі водна-балотны комплекс, размешчаны ў рэгіёне, названы славянамі «Палессем».

3_Палесскае балота.jpg

Славяна-балцкі кантакт разгортваўся паступова і нераўнамерна і ў часе, і ў прасторы. Ад VI да X ст. ён праходзіў пераважна ў басейне Дняпра і Заходняй Дзвіны і ў асноўным завяршыўся ў XII–XIII стст. — ужо ў Х ст. паўсталі саюзы плямёнаў крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў.

4_саюзы плямён у Беларусі.jpg

У чым сутнасць субстратнай тэорыі этнагенезу беларусаў

Найбуйнейшы беларускі археолаг Георгі Штыхаў звязаў з крывічамі археалагічную культуру доўгіх курганоў і вывеў: «У доўгіх курганах пахаваны славянізаваныя балты ці славяне з моцным уплывам матэрыяльнай культуры балтаў». Ці яшчэ: «Тры пранароднасці: крывічы-палачане, дрыгавічы, радзімічы, а таксама рознаэтнічнае насельніцтва верхняга Пабужжа і Панямоння — паступова ўцягваліся ў працэс фармавання новага этнічнага ўтварэння — беларускага народа».

Ва ўнісон археолагам гучаць высновы мовазнаўцаў, у прыватнасці Уладзіміра Тапарова і Алега Трубачова: «Відавочна, славянскі рух адбываўся як натуральнае паступовае пранікненне з асіміляцыяй балтыйскага элемента ў розны час і ў розных частках гэтай тэрыторыі».

У выніку ўсе сведчанні з розных навук ляглі ў падмурак г. зв. субстратнай тэорыі этнагенезу беларусаў. Сутнасць яе, калі казаць проста, у мяшанцы славян з балтамі: на славянскую аснову наклаўся балцкі субстрат, а можа, і наадварот, да мясцовай балцкай асновы дапасаваўся прышлы славянскі элемент/субстрат.

Субстратная тэорыя пасуе таксама для тлумачэння этнагенезу ўкраінцаў і расейцаў. Толькі там «перамешваліся» славяне з іранцамі (парадзілі ўкраінцаў), а ў выпадку расейцаў — славяне з вугра-фінамі.

«Некантраляваная ланцуговая рэакцыя»

Славяна-балцкае ўзаемадзеянне на беларускіх землях праходзіла падобна працэсу, які фізікі і хімікі называюць «некантраляванай ланцуговай рэакцыяй».

У Падняпроўі і Падзвінні яно блізілася да завяршэння ў Х ст., а ў суседнім Панямонні пад канец гэтага стагоддзя толькі-толькі пачыналася.

5_Рассяленне славян па Беларусі.jpg

Тут, у гістарычнай Літве, славяна-балцкі сімбіёз праз два з паловай вякі істотна спрычыніўся да ўзнікнення новай дзяржавы, якая палітычна аб’яднала ўсе беларускія землі і тым учыніла працэс этнагенезу беларусаў незваротным.

Працяг будзе

Аляксандр Краўцэвіч, budzma.org

Чытаць яшчэ: Першая перамога беларусаў

Глядзіце па тэме: