Пераможцам прэміі Анемпадыстава-2022 стаў Анатоль Лазар

Анатоль Лазар стаў пераможцам прэміі Анемпадыстава-2022 за вокладку да кнігі «НЕрасстраляныя» (укл. С. Будкін, В. Жыбуль, выд. Янушкевіч, 2021), паведамляе @PENBelarus.


55.jpg

««НЕрасстраляныя» — гэта вялічэзны і вельмі значны праект што да беларускай гісторыі і культуры. Гэты том мае быць у бібліятэцы сучаснага культурнага беларуса. А дзякуючы вокладцы, яго прыемна браць у рукі і паважна трымаць на палічцы. Талент дызайнера ў тым, каб візуалізаваць годнасць, трагічнасць і шляхетнасць зместа. Гэта зроблена далікатна і філігранна праз моцную графічную абстракцыю, колер, шрыфт, кампазіцыю. Дасканалы праект у адпаведнай вокладцы», — адзначыла сёлетняе журы прэміі.

Прэмія за найлепшую кніжную вокладку заснаваная ў 2019 годзе ў памяць пра мастака, дызайнера і паэта Міхала Анемпадыстава. Узнагарода прысуджаецца беларускаму аўтару або камандзе аўтараў вокладкі. Журы ацэньвае дызайн, паліграфічнае выкананне і адпаведнасць афармлення зместу кнігі.

Папярэднімі лаўрэатамі былі Кацярына Пікірэня за вокладку да кнігі «Трое ў чоўне і пёс з імі» Джэрома Клапкі Джэрома; Грыгорый Кацнэльсон за вокладку да кнігі «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса; Алена Дашкевіч за вокладку кнігі «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў».