Зміцер Вішнёў: «Пісаць сухой канцылярскай мовай мне не цікава, таму з мяне пруць сарказм і палітычная сатыра»

Неўзабаве пабачыць свет новая кніга Змітра Вішнёва «Я — тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер». У інтэрв’ю Budzma. org літаратар і выдавец распавёў, як у новым рамане «разрэзаў сябе не шкадуючы», у якім выглядзе працягвае жыццё выдавецтва «Галіяфы» і як ён ацэньвае цяперашні стан беларускай літаратуры.

viszniou-04.jpgЗміцер Вішнёў

— Зміцер, неўзабаве ў выдавецтве «Skaryna Press» у вас выходзіць новы раман «Я — тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер». У фэйсбуку вы прызналіся, што «разрэзалі сябе не шкадуючы, каб можна было пабачыць сэрца, якое пульсуе». Я дзякуючы вам ужо азнаёміўся з творам. Што значыць гэтая кніга для вас?

— Вельмі дакладна напісалі на сайце акцыі «33 кнігі для іншай Беларусі», у межах якой і выйшаў раман: «Гэта бязлітасная кніга пра страту і гвалт, і ў той жа час пяшчотная кніга пра каханне і сяброўства, пра радасць жыцця і мастацтва. Гэты раман — уцёкі ад бойні дыктатара і шлях да сябе».

Гэта цалкам супадае з маім адчуваннем таго свету, які я збудаваў у тэксце. Жанр можна вызначыць як аўтафікшн і фантастыка. У кнізе я аналізую падзеі апошніх гадоў. Па сюжэце Зміцер Вішнёў трапляе ў берлінскі сакрэтны падземны лабірынт, дзе пачынаюць разгортвацца вельмі непрадказальныя падзеі. Напрыклад, я сутыкаюся там з памерлымі сябрамі: Сержам Мінскевічам, Ярылам Пшанічным, Алесем Родзіным, Захарам Кудзіным, Пашам Лоскутавым, а таксама з вядомымі людзьмі — Джэймсам Джойсам, Эдвардам Мункам, Андрэем Бітавым, Улдысам Бэрзіньшам, Янкам Брылём і іншымі...

viszniou-05.jpg

— У кніжцы шмат сарказму і тонкага гумару. Шмат палітычнай сатыры. Вы як гімнаст балансуеце паміж рэальным і сюррэалістычным. На вокладку рамана вынесеная вельмі дакладная цытата з Tagesspiegel: «Дзёрзкае і паэтычнае гучанне стварае змрочны свет, у якім усе рэчы маюць падвойнае дно. Каб перастрахавацца, ён (Зміцер Вішнёў) высмейвае ўсё, нават уласныя страхі». Узурпатары ў вас паўстаюць у розных абліччах: у аднаго да галавы прышыты хвост рыбіны, у іншага — у пузе самурайскі меч. Танкавы снарад распавядае, што забівае толькі па прыват-страхоўцы...

— Пісаць сухой канцылярскай мовай мне не цікава, таму з мяне і пруць сарказм і палітычная сатыра (смяецца — Budzma. org). А прыведзеная цытата з нямецкага выдання адносіцца да майго рамана «Замак пабудаваны з крапівы», які ў 2014 годзе быў перакладзены на нямецкую мову. Але цытата, напраўдзе, адпавядае духу і новага твора.

— Часам вашыя героі пераходзяць на паэтычную мову, дыялогі ператвараюцца ў паэзію...

— Мне заўсёды былі блізкія спалучэнні паэзіі і прозы. Напрыклад, Уладзімір Набокаў свой твор «Запрашэнне на пакаранне смерцю» называў паэмай у прозе. Зноў жа ў Венічкі Ерафеева — постмадэрнісцкая паэма ў прозе «Масква-Петушкі». Можна згадаць цудоўныя творы таго ж Андрэя Белага. З беларускіх аўтараў згадваецца Алесь Гародня з футурыстычным раманам «Варта на Рэйне»...

— У вашым рамане шмат Чальза Букоўскі...

— І ён апроч прозы займаўся паэзіяй. Яго «п’яная» філасофія вельмі добра падыходзіць да майго лабірынта...

viszniou-01.jpg

— Вы не шкадуеце Янку Брыля. Робіцца трошкі за яго няёмка. Чаму так?

— Не, пра Брыля напісана з вялікай любоўю і павагай. Я не сумняюся, што калі б ён сёння пачытаў пра сябе, дык толькі б пасмяяўся ад душы. Бо ў жыцці быў тым чалавекам, які любіць гумар.

— Нечакана берлінскі лабірынт атрымаўся вельмі беларускім. Дранікі, сала, сырок, беларускія песні. Ёсць у рамане балоты, Пішчалаўскі замак і сталічны Дом літаратара.

— Яно і не магло быць інакш.

Гэтая кніга — спалучэнне аўтарскіх страхаў і сноў, якія часам ператвараюцца ў кашмары. Я бы дадаў, што ў ёй таксама скручаны клубок настальгіі. Гэта такі тыповы лёс эмігранта. 

— А яшчэ ёсць фрагменты пра звар’яцелага амбасадара, які прапануе дапамагчы з вяртаннем на радзіму, размова з цмокам, які прызнаецца, што пускае на фарш апазіцыянераў...

— Лабірынт, збудаваны ў рамане, — гэта адлюстраванне нашага рэальнага свету. Тут паўстаюць запалоханыя амбасадары й прагныя да крыві садысты. І, натуральна, як без цмока, які анічога не робіць без загаду — гэта такі тыповы беларускі чыноўнік: без загаду ані кроку ўправа, ані кроку ўлева.

І падзеі ў рамане разгортваюцца на фоне вайны.

viszniou-02.jpg

— Цяпер адыдзем трошкі ад вашага новага твора і пагаворым пра іншае. Нядаўна вы бралі ўдзел у Міжнародным Ляйпцыгскім кніжным кірмашы. Як прайшло?

— Я выступаў на стэндзе ПЭН-цэнтра Нямеччыны. Пісьменніца і рэжысёрка Astrid Vehstedt зняла кароткі фільм пра мяне, і мы яго прадставілі на кірмашы. Я таксама распавёў пра кнігу «Распытванне на нулявым пункце. Незалежная культура Беларусі паміж уздымам і рэпрэсіямі» (пад рэдакцыяй Ніны Велер, Ірыны Герасімовіч, Надзін Менцэль), якая выйшла нядаўна ў Швейцарыі на дзвюх мовах — па-беларуску і па-нямецку.

Ляйпцыгскі кніжны кірмаш велізарны, таму для мяне было сюрпрызам, калі на імпрэзу прыйшло шмат людзей. Я пачытаў новыя вершы. І атрымаў у адказ вялікую колькасць станоўчых эмоцый.

— Ці правільна я разумею, што пасля закрыцця «Галіяфаў» у 2022-м ваша выдавецкая дзейнасць на паўзе? Ці плануеце вярнуцца да яе?

— Выдавецтва «Галіяфы» сёння працягвае жыццё ў фармаце валанцёрскага праекта. Праз падзеі 2022 года шмат рукапісаў засталіся нявыдадзенымі — больш за трыццаць, — і хочацца, каб большасць з іх усё ж пабачыла свет. І за апошнія тры гады пад маркай «Галіяфаў» супольна з замежнымі выдавецтвамі, дзякуючы акцыі «33 кнігі для іншай Беларусі» і яе арганізатаркам Ірыне Герасімовіч і Сільвіі Засэ, ужо выйшлі анталогія «НЕТУТЭЙШЫЯ: REVERSION. Беларуская эксперыментальная драматургія („ТВЛ“, „Бум-Бам-Літ“)», «Слоўнік вайны» Астапа Слівінскага і «Шолах моўчы» Валянціна Акудовіча. Вядома, цяпер няма тых кніжных аб’ёмаў, якія выдавецтва цягнула ў Беларусі. Раней у «Галіяфах» штогод выходзіла больш за 50 кніжных назваў.

— Як бы вы ахарактарызавалі перыяд, які перажывае сёння беларуская літаратура?

— Складаныя часы. І сёння трэба, у першую чаргу, думаць пра тых творчых людзей, якія засталіся ў Беларусі. І перадусім не забывацца пра тых, хто сядзіць у турмах: пра Алеся Бяляцкага, пра Максіма Знака, пра Уладзіміра Мацкевіча і многіх іншых.

Сёлета на кніжным кірмашы ў Ляйпцыгу дзве прэміі былі ўручаны за беларускія кнігі. Альгерду Бахарэвічу за «Еўрапейскае паразуменне 2025» (за раман «Сабакі Эўропы») і перакладчыку Томасу Вайлеру за пераклад Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі». І гэта сапраўдная падзея для ўсёй беларускай літаратуры.

— І наастачу. Як вы плануеце прэзентаваць свой новы раман?

— Спадзяюся, што прэзентацый будзе некалькі. Адна ўжо запланаваная на 26 верасня ў берлінскім клубе PANDA platforma. Там мы будзем выступаць разам з музыкам Андрэем Штайнке. Я буду чытаць фрагменты з рамана, а ён будзе граць на бас-гітары. І ў гэты самы час, з 25 па 27 верасня, у Берліне будзе праходзіць Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, і я ласкава запрашаю ўсіх увечары наведаць нашую імпрэзу!

Новы раман Змітра Вішнёва можна замовіць на сайце выдавецтва «Skaryna Press».

Антон Навумчык, budzma. org

У матэрыяле выкарыстаны здымкі Maximilian Gödecke