Напярэдадні афіцыйнага выхаду ў свет кнігі «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы» пагаварылі з яе аўтарам — вядомым журналістам Алегам Груздзіловічам — пра стварэнне гэтага твору «для дзяцей з дарослымі» і сённяшнія магчымасці для развіцця беларускай культурнай прасторы ў выгнанні.
Алег Груздзіловіч
Вядомы журналіст, былы палітзняволены Алег Груздзіловіч па вызваленні выпусціў турэмны дзённік, а цяпер кнігу малюнкаў, вершаў і тлумачэнняў пад назвай «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы» выдаў фонд «Камунікат».
Вершы і малюнкі пра арыштанта дзядзю Віцю Алег Груздзіловіч напісаў і намаляваў на Валадарцы для ўнукаў Евы, Сафіі, Кастуся, Аляўціны ды Анатоля. Напісаў і намаляваў, але ж трэба было яшчэ і перадаць на волю. Частку — лістамі, частку са шчаслівай аказіяй, бо потым — пры выхадзе з калоніі — усё напісанае за кратамі — было знішчанае.
27 верасня Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Фонд Kamunikat.org запрашаюць на прэзентацыю кнігі «Прыгоды Дзядзі Віці на Валадарцы» ў гасцёўню Беларускай Рады культуры ў Вільні (šv. Ignoto 5-104). Пачатак — а 19-й.
Кніга «Прыгоды Дзядзі Віці на Валадарцы»
— Тут усё турэмнае, і малюнкі, і тэксты — вершы і не толькі. Толькі адзін ёсць малюнак, які зроблены тут, я яго аднавіў па памяці. Там проста сюжэт такі, пра інцыдэнт, а з турмы такое адпраўляць нельга — пра бойкі, пра канфлікты. Увогуле пра гэта там лепш не гаварыць, бо канфлікты і ўсе такое — гэта такая ежа, неабходная і пажаданая для операў. Опер даведваецца, што ў камеры быў канфлікт — і тут жа пачынае на гэтым гуляць. Таму гэты малюнак ужо зрабіў тут, на волі. Карацей, гэта адзіны такі эпізод з усёй кнігі, які быў апісаны і намаляваны на волі, усе астатнія — тамашнія.
Малюнак Алега Груздзіловіча з кнігі «Прыгоды Дзядзі Віці на Валадарцы»
— А які гэта жанр? Як самі вызначаеце?
— Я пазначыў «Дзядзю Віцю» як кнігу для дзяцей з дарослымі. У тым сэнсе, што такую кнігу дзецям лепш чытаць з дарослымі, каб дарослыя маглі патлумачыць дзецям некаторыя спецыфічныя рэчы, а іх там даволі шмат. Таму акрамя вершаў ідуць яшчэ і тэксты-тлумачэнні. Ну, напрыклад, вось пра «кармушку» — наўрад ці дзіця зразумее, пра якую кармушку вядзецца ў вершы. Дарэчы, уласна кажучы, з гэтага вершыка і пачалася кніжка.
— Пра «кармушку»?
— Так, я ўбачыў і мяне ўразіла, як гэта выглядае. Там бываюць такія перыяды, што адначасова некалькім людзям прыходзіць некалькі перадач. І ўсё гэта ў кармушку разам засоўваюць. Замаляваў, а пасля падумаў, што трэба дзецям адправіць. А потым — можна ж цэлую серыю адпраўляць паступова. Але без нейкай такой думкі пра кнігу. Стаў адпраўляць тое, што прыходзіць. А тут прыйшоў адказ ад нявесткі, што так, выдатна, унукам вельмі падабаецца.
Алег Груздзіловіч
— А дзядзя Віця, ён хто? Нейкі ўмоўны персанаж ці ёсць прататып?
— Ну, такі просты беларускі чалавек.
Дзядзя Віця яшчэ жвавы,
Хоць ужо немалады.
Усё жыццё вусы насіў,
А сюды папаў — іх збрыў.
У люстэрка зазірне —
Сам сябе не пазнае.
Яшчэ жвавы, але ўжо не маладзён, такі сталы чалавек. Ну і далей у вершах вядзецца, як нешта з ім тут адбываецца, як ён рэагуе.
Верш «Шчасце»
— То бок у кнізе не тлумачыцца, за што ён сюды трапіў, за палітыку альбо нешта іншае?
— Не, канечне. Там увогуле пра палітыку нічога, толькі адзін верш ёсць. Так супала, што я якраз яго напісаў, а потым аказалася, што ў гэты дзень пачалася вайна. І тое тут толькі згадваецца. Ну, навошта дзецям пісаць пра палітыку. І так усё ведаюць. Мае ўнукі ўсё ведаюць. А пісаць для ўсіх трэба...
Проста дзядзя Віця ў турме. А далей — што з ім адбываецца, як ён гэта перажывае, якія ў яго адносіны з людзьмі. Пра што думае, непакоіцца. Ён там хварэе часам.
Цікава, што верш, у якім згадваецца вайна, напісаў у дзень пачатку вайны, але не ведаў пра гэта. Прадчуванне было, канечне, як у многіх. Вось напісаў. А праз два дні да мяне прыйшла адвакатка і сказала, што вайна пачалася, Кіеў бамбяць... Два дні ўжо прайшло, а мы не ведалі, я гэтую навіну 26 лютага ў камеры і прынёс.
Алег Груздзіловіч
— Турэмная літаратура для дзяцей — гэта такі беларускі жанр, канечне... Хацелася б, каб такі жанр сышоў хутчэй, але, напэўна, некаторы час будзе яшчэ актуальны.
— Канечне, куды ён падзенецца. І будзе далей. І з традыцыямі ў нас жанр. Якуб Колас — самы банальны прыклад, усе пра яго ведаюць. А на гэтай Валадарцы шмат хто сядзеў, не толькі Колас. За ўдзел у настаўніцкім сходзе Коласа асудзілі. Да суда ён быў вольны, прыходзіў на суд. Адвакат яго запэўніў, што ўмоўна дадуць. Але яго пасадзілі, здаецца, прасядзеў амаль тры гады. І тады яны, аказваецца, хадзілі па турме. Ім можна было хадзіць у дворык на прагулку. То бок у нечым там было лепш, чым у нашыя часы. Хаця, калі чытаў, як ён быў у карцары — тагачасны карцар быў, наадварот, горшы. Цемра ўсе дні, цяперашняй каналізацыі не было.
Ну вось ён «Новую зямлю» там задумаў. Ды там шмат хто задумвае і нават піша нешта. Андрэй, што сядзеў са мной, пісаў вельмі добрыя вершы. А ў Магілёве патрапіўся добры чалавек, але зусім графаман, замучыў мяне сваімі вершамі. Пры гэтым такія вершы былі, што маглі дадаць тэрміну. Кажу яму, што ты робіш — знойдуць, будзе жахліва, ты мусіш гэта знішчыць.
Заўважу, што калі я заканчваў гэтую кніжку, прыйшла навіна, што Валадарку закрываюць. Думаю, ну і добра, якраз будзе гістарычная памяць пра яе.
Верш «Воля» з кнігі Алега Груздзіловіча «Прыгоды Дзядзі Віці на Валадарцы»
— І што, усе вось малюнкі і вершы былі дасланыя поштай да ўнукаў?
— Першыя можа пяць прыйшло. Нявестка пісала, што класна, усё прыходзіць і дзецям вельмі даспадобы. А потым пачалі вяртаць. Бо надта дэталёва камеру маляваў. Піша цэнзар: нічога не малюйце таго, што ў камеры. Я перамаляваў, адправіў, усё адно не дайшло. Карацей, яны сталі пільна, відаць, адсочваць, таму потым я пісаў пра запас.
З Магілёва выпадкова ўдалося перадаць свае вершы і малюнкі на волю. Такое шчасце турэмнае, якое вельмі рэдка бывае.
— А пра кнігу там задумаліся яшчэ?
— Думка была там. Я і сукамернікам паказваў, якім давяраў, яны казалі: так, давай, класна. Але пасля выхаду я працаваў над кнігай-турэмным дзённікам. Час ідзе, заціхае гэта неяк — боль, успаміны. Але вяртаюся пасля паездкі ў Нямеччыну пад новы, 2023 год, а жонка ўзяла гэтыя малюнкі, скапіявала і павесіла на сценку. Сустрэча такая, тым больш пад новы год у мяне і дзень народзінаў. І так яны вісяць-вісяць на сцяне, а я кожны раз на іх гляджу і думаю, неяк трэба гэтага «Дзядзю Віцю» закончыць, давесці да канца. І адправіў я вершы Валянціне Арловай. Яна пачытала, сказала: выдатна, давай, трэба. Вось, атрымаў ліцэнзію (усміхаецца). А пасля ўжо пазнаёміліся і дамовіліся з Яраславам Іванюком з Камуніката. Таксама ўхваліў. Вольга Вялічка напісала ўступ, патлумачыла псіхалагічныя моманты дзіцячыя.
Уся кніга выходзіла з калёс. Нават апошнія два вершы ўвайшлі тады, калі кніга была ўжо здадзеная ў друк. Верш пра турэмныя мары, пра стан чалавека, які знаходзіцца ў турме. Для яго любая істота маленькая — гэта родная істота...
Верш «Сініца»
Я шмат разоў сустракаў такія гісторыі, былыя палітвязні расказвалі, што то з нейкай мухай пасябраваў, то з павучком, жучком, я не кажу ўжо пра птушку. Вось і я ўспомніў, што ў мяне ёсць верш пра павучка. Адшукаў выпадкова, нявестка пераслала праз тэлефон. Такая ж гісторыя з вершам «Рэферэндум». Па памяці яго аднавіў.
Верш пра павучка
Тут яшчэ кранальны такі вершык ёсць, дарагі вельмі мне. У турме ж усе зачэпленыя за тых людзей, якія ім дапамагаюць — жонак, дзяцей. Але ў кожнага ёсць мама, і мама — самы надзейны якар. У нас, людзей сталага веку, бацькоў ужо, часцей за ўсё, і няма. І пра гэта якраз і верш. Пра тое, што Дзядзя Віця марыць атрымаць падтрымку ад мамы, а мамы ўжо няма.
Верш «Лісты»
— А маляваць заўжды любілі ці талент адкрыўся там?
— Я ў дзяцінстве маляваў, адзін год пахадзіў на гурток у Дом піянераў, потым закінуў гэта ўсё. Так, у школе на ўроку любіў нейкія партрэцікі маляваць, дзяўчынак якіх, на палях. А потым ужо апошнія 10 гадоў, калі на адпачынак мы выязджалі, я маляваў усякія пейзажы.
— У вас ужо другая кніга ў Вільні выходзіць. Зараз часта такое пытанне паўстае: ці магчымае захаванне ці нават развіццё беларускай культурнай прасторы ў выгнанні?
— Канечне, так. Калі мы будзем пра гэта клапаціцца, пра гэта думаць, яна і будзе захоўвацца. Па-першае, у большасці тут ёсць дзеці, унукі, ёсць каму перадаваць. Гэта не тая сітуацыя, калі адзін уцёк, а ўся сям’я ў Беларусі. Не, тут цэлыя пакаленні аказаліся. Ды і калі пра Вільню, прыкладам, казаць, то тут такая культурная спадчына, такая магутная глеба. Ёсць над чым працаваць і каму працаваць. Канечне, трэба пра гэта думаць, клапаціцца. Калі кожны будзе ўкладваць нейкую цаглінку ў падмурак, то ўсё мусіць захавацца. І потым мы ж усе не проста марым, а большасць, я думаю, перакананая, што мы вернемся і працягнем нашу працу плённую. Канечне, не ўсе, нехта мяняе заняткі, інтэгруецца. Тым не менш, калі вярнуцца, будуць нечым займацца.
Калі я быў у Германіі ў канцы 2022 года, то быў у турме, у якой сядзелі немцы падчас ГДР, турма для тых, хто збіраўся ўцячы ў Заходнюю Нямеччыну. Нас вадзіў па гэтай турме чалавек, які быў там вязнем калісьці. Там цэлае грамадскае аб’яднанне былых вязняў. Ён ужо пенсійнага ўзросту, водзіць экскурсіі, расказвае пра турэмныя справы, як іх там катавалі. Ён зрабіў справай жыцця расказваць пра гэтыя рэпрэсіі, распавядаць пра досвед, які Нямеччына атрымала, і каб гэты досвед не паўтарыўся.
Гэты беларускі турэмны досвед, магчыма, стане нашым будучым абавязкам на ўсё жыццё, заняткам, расказваць, што і як. Не хацелася б, канечне, рабіцца такім «ветэранам баёў». Але жыццё можа ісці ў такім рэчышчы.
З іншага боку, эміграцыя таксама мае свой плюс, людзі могуць пісаць, ствараць без цэнзуры, без самаабмежаванняў.
Я ў турме прачытаў некалькі твораў Гарэцкага, якія былі напісаныя ў Вільні, а ў нас выдадзеныя толькі ў 90-х. Так што...
— А што думаеце наконт апошніх спрэчак пра палітвязняў, пра санкцыі, пра нібыта сігналы рэжыму, які, можа быць, хоча дамаўляцца і перагарнуць старонку і т.п.?
— Я не думаю, што рэжым дае нейкія сігналы, па-мойму, проста выконваецца загад кітайскіх куратараў крыху ўлагодзіць канфлікт з палякамі. І ён разумее, што да канца яго не ўлагодзіць, бо Анджэя Пачобута і лідараў пратэсту адпускаць не збіраецца. Але вось такімі рэгулярнымі памілаваннямі кіраўнік рэжыму стварае такую сітуацыю, што нібыта нешта робіць. Не ігнаруе кітайскія просьбы, але не ўсё ж можа, не ўсё атрымліваецца, як ён потым скажа. Пры гэтым разумее рызыку, небяспеку для сябе, што Расія можа ў хуткім часе прайграць, а тады і ён пацерпіць, бо ўся эканоміка Беларусі зараз завязаная на Расію, і нават невялікі калапс у Расіі прывядзе да значнага калапсу ў Беларусі. Ён гэта ўсё разумее, таму спрабуе манеўраваць. Не вельмі ўдала робіць. Як мы бачым, каго ён адпускае? Тых, каму паўгода засталося да выхаду. Масавага выхаду няма.
А самае галоўнае, што працягваюцца рэпрэсіі далей. Кожны дзень — новыя, новыя, новыя. Ён запусціў гэты механізм, і механізм гэты працуе сам па сабе, як я бачу.
Алег Груздзіловіч
Рыгор Сапежынскі, budzma.org