• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
16.10.2018 | Навіны "Будзьма!" Тузін. Перазагрузка

Як перазагрузіць свет музыкі з улікам Беларусі

Медыйны праект «Тузін Гітоў» распачаў сваю працу ў сеціве ў кастрычніку 2003 года. За галоўную мэту стваральнікі паставілі прапаганду беларускай музыкі, а таксама заахвочванне як мага большай колькасці людзей да праслухоўвання беларускіх твораў. За гады існавання «Тузін» паспяхова рэалізаваў не адзін дзясятак задумаў, у тым ліку і сумесныя з ГКК «Будзьма беларусамі!» праекты

«Тузін. Перазагрузка», «Будзьма! Тузін. Перазагрузка – 2» і «Global Reload», дзякуючы якім шматлікія як беларускія, так і замежныя музыкі заспявалі па-беларуску, а беларускамоўныя творы загучалі на іншых мовах. Успомнім, як гэта было.


 

 

Тузін. Перазагрузка

Ідэя папрацаваць з айчыннымі выканаўцамі, якія не карыстаюцца беларускай мовай у сваіх песнях, узнікла гадоў дзесяць таму: камандзе «Тузіна» хацелася не толькі распавядаць пра добрую музыку, але і пашырыць ужыванне беларускай мовы. Задума супала з задачамі кампаніі «Будзьма беларусамі!», і ў 2009 годзе распачаўся сумесны праект «Тузін. Перазагрузка». Такая назва была выбраная не здарма — мэта стаяла «перазагрузіць» першапачатковы твор, пераклаўшы яго на беларускую мову.

«Нашай камандзе ідэя спадабалася. Мы працуем на паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці, на тое, каб узняць статус беларускай мовы і сучаснай культуры. А тут рускамоўныя спевакі маглі пагадзіцца пераасэнсаваць свае творы па-беларуску, гэта і надало б новае гучанне творам, і падкрэсліла б каштоўнасць беларускамоўнага выканання. Была надзея, што ім гэты творчы і крэатыўны працэс спадабаецца і яны будуць працягваць спяваць па-беларуску ці прынамсі мець беларускамоўныя песні ў сваім рэпертуары. А значыць, закладзеная намі ідэя працягвала б жыць, — распавядае Алена Макоўская, удзельніца праекта і адна з каардынатарак ГКК «Будзьма беларусамі!». — Праект быў абсалютна эксперыментальны, і мы вельмі радыя, што ён атрымаўся і меў вельмі амбітны працяг».

Праектам сапраўды зацікавіліся музыкі з розных сфераў і з рознай аўдыторыяй. Былі прадстаўленыя рэп, электроніка, поп-музыка і іншыя стылі. Прыкладам, па-беларуску заспявала Дакота, якая на той час стала зоркай усёй расійскамоўнай прасторы, выдатны поп-праект Atlantica, гурт «Нестандартны варыянт», «Серебряная свадьба», DaVinci i iншыя гурты і асобныя музыкі.

Да праекта далучыліся беларускія літаратары і перакладчыкі. Сяргей Балахонаў, Андрэй Хадановіч, Віталь Воранаў, Алесь Камоцкі і Глеб Лабадзенка пераасэнсавалі песні на рускай, ангельскай, італьянскай мовах і стварылі новыя тэксты.

Кожная песня — асобная гісторыя. Прыкладам, песня «Бяжы» гурта Naka. Наста Шпакоўская заўжды лаяльна ставілася да беларускай мовы, але ўсе яе вядомыя песні былі па-руску. Сяргей Балахонаў стварыў пераклад тэкста «Беги», і новая песня стала хітом. Недзе праз год на адным з канцэртаў Наста спявала песню ў арыгінале, але слухачы падхоплівалі прыпеў менавіта па-беларуску.

Ці песня «Новы мост» гурта «Серебряная свадьба». Над яе перакладам працавалі адразу тры паэты — Сяргей Балахонаў, Вікторыя Дашкевіч і ўласна Святлана Бень, салістка гурта, якая не ўжывала беларускую мову ў творчасці, але пагадзілася паспрабаваць. Цяпер музыка размаўляе на цудоўнай беларускай мове, з цікавасцю далучаецца да розных запрашэнняў з боку беларускамоўнай суполкі.

Запрасілі ў праект і Юрыя Дземідовіча, які якраз грымнуў з «Волшебным кроликом». І яго прадзюсар, і ён сам з цікавасцю прынялі ідэю зрабіць беларускамоўную версію. Сяргей Балахонаў пераклаў радок «волшебный кролик рисует мелом нолик» як «чароўны трусік малюе крэйдай плюсік». Падчас запісу песні калегі Юры па музычнай школе, тады яшчэ хлопцы 13-14 гадоў, смяяліся са слова «трусік». Спявак закамплексаваў і запісаў «малюе кролік нолік». Такім чынам, атрымліваецца, увёў у беларускую мову слова «кролік».

Канечне, спіс музыкаў, якім прапаноўвалі ўдзел, быў большы. Не ўсе разумелі, навошта спяваць па-беларуску. Але тыя, хто пагадзіўся, пасля прызналі: атрымалася вельмі цікава. Не тое каб гэтыя музыкі пасля засталіся ў беларускамоўным полі, але яны паглядзелі на сваю творчасць інакш. Зразумелі, што мова, якой ніхто з іх практычна не карыстаўся са школьных часоў, можа быць жывой, насычанай, багатай на вобразы. Цяпер кожны выканаўца, што паважае сябе, мае ў рэпертуары адну-дзве песні па-беларуску.

Сёння любой інфармацыі адносна нескладана трапіць да мэтавай аўдыторыі дзякуючы развіццю сацсетак. У 2009 годзе такіх шырокіх магчымасцяў яшчэ не было, але праект усё адно займеў вялікую папулярнасць — да выхаду дыска на «Тузіне Гітоў» за месяц 12 трэкаў спампавалі каля 50 тыс. слухачоў.

Таксама ўсе перакладзеныя творы былі разасланыя па беларускіх радыёстанцыях. Некаторыя песні з гэтага праекта прысутнічаюць у іх ратацыі і сёння.

«На жаль, амаль усе музычныя калектывы, прадстаўленыя ў праекце, перасталі існаваць, але песні дагэтуль свежа слухаюцца, з’яўляюцца прыкладам таго, што можна рабіць цікавую беларускамоўную музыку на найкруцейшым узроўні і ў абсалютна розных стылях, — адзначае Сяргей Будкін, адзін з заснавальнікаў і галоўны рэдактар партала «Тузін Гітоў». — Не ведаю, ці стрэліць праект яшчэ раз, але сваю ён місію выканаў.


 

 

Будзьма! Тузін. Перазагрузка – 2

 

Праект «Тузін. Перазагрузка» быў прызнаны «Праектам года» на «Рок каранацыі – 2009» і атрымаў шмат станоўчых водгукаў. Матываваныя поспехам, Сяргей Будкін і астатнія ўдзельнікі каманды вырашылі замахнуцца на, падавалася, неверагоднае: прапанаваць замежным артыстам з беларускімі каранямі альбо звязаным сяброўскімі пачуццямі з Беларуссю, выканаць свае песні па-беларуску. Так у 2011 годзе пабачыла свет складанка «Будзьма! Тузін. Перазагрузка – 2». Па-беларуску заспявалі «Мумий тролль» (Расія), «Воплі Відаплясава» (Украіна), Zdob si Zdub» (Малдова), Алег Джагер (Бельгія), Dreamgale (Швецыя), Аляксандр Рыбак (Нарвегія) і іншыя замежныя музыкі.

Падрыхтоўчая праца была велізарная. Да каманды далучыўся культурніцкі менеджар, музыка і журналіст Алесь Зайцаў, які дапамагаў весці перамовы з замежнымі артыстамі — ахапіць ужо не Беларусь, але цэлы свет было няпроста. Да ўсяго, трэба было пераканаць выканаўцаў, што праект не з’яўляецца камерцыйным, носіць сацыяльны характар.

Некаторыя выканаўцы, кшталту Іллі Лагуценкі, пагаджаліся адразу. У большасці выпадкаў удзельнікі праекта перазапісвалі толькі вакал, але «Воплі Відаплясава», пераствараючы па-беларуску свой хіт «Краіна мрой», поўнасцю перазапісалі ўсю песню. Леон Гурвіч спецыяльна для праекта выканаў і запісаў свой трэк «Акіян у цішы» на канцэрце ў Гамбургу.

Няпроста было «дагрукацца» да Аляксандра Рыбака — пасля перамогі на «Еўравізіі» ён меў шмат прапановаў. Вырашылі дзейнічаць праз яго маці: патэлефанавалі на хатні тэлефон, яна з радасцю выслухала прапанову на беларускай мове, якую чула ўпершыню за 20 гадоў. Маці і даводзіла Рыбаку ідэю праекта, ставіла вымаўленне. Песню ён выканаў бездакорна і, да ўсяго, зрабіў беларускамоўную версію ужо наяўнага англамоўнага кліпа.

Няпроста было «Смысловым галюцынацыям»: спачатку гурт з лёгкасцю пагадзіўся на ўдзел — не бачыў розніцы паміж рускай і беларускай мовамі. Праблемы пачаліся, калі музыкі атрымалі тэкст і паспрабавалі яго праспяваць. У выніку прызналі, што мовы абсалютна розныя і не выпадае казаць пра нейкую «малодшую» сястру-краіну.

Важна ўспомніць і вялікую ролю людзей, якія перакладалі песні і, лічы, перастварылі іх нанова: Алеся Камоцкага, Сяргея Балахонава, Глеба Лабадзенку, Уладзя Лянкевіча і Андрэя Хадановіча.


 

 

Перазагрузка-3. Global Reload Belarus

Трэцяя частка праекта — «Global Reload» — стартавала ў 2015 годзе і атрымалася яшчэ больш глабальнай: аб’яднала замежных выканаўцаў, якія, не будучы звязанымі з Беларуссю, праспявалі беларускую паэзію ў перакладзе на сваю родную мову.

Задача была няпростая і маштабная па аб’ёмах. Размова ўжо ішла пра сусветны бізнес, куды цяжка прабіцца. Але тым не менш рэалізатары праекта спрабавалі наладзіць сувязі: спісваліся з музыкамі, сустракаліся, шукалі нейкія падыходы, каб патлумачыць, чаму гэта цікава і чаму варта ўдзельнічаць. Такім чынам атрымалася стварыць некалькі песень і выдаць некалькі сінглаў.

Прыкладам, сінгл Андрэя Макарэвіча «Снег». Продкі музыкі паходзяць з Беларусі. Спачатку, у 2011 годзе, ён адмаўляўся ад удзелу, бо не лічыў сябе настолькі беларусам, каб спяваць па-беларуску. Але ў 2015 годзе пачаў больш увагі звяртаць на сваю асаблівасць — беларускія карані. Стаў часцей прыязджаць у Беларусь, даследаваць радавод.

Саліст нямецкага гурта De Phazz амерыканец Карл Фрыерсан праспяваў песню на верш Анатоля Сыса «Прыйду туды, адкуль прыйшоў» на англійскай мове ў перакладзе Віталя Воранава.

Французскі гурт Karpatt выканаў «Зімовы дуб» Уладзіміра Караткевіча ў перакладзе Ларысы Геймэ.

Сюды ж упісаўся Сяргей Жадан, які самастойна пераклаў на ўкраінскую мову песню Лявона Вольскага «Я рок-музыкант». У выніку ва Украіне гэта адзін з галоўных хітоў яго музычнага праекта «Жадан і Собаки».

Такім чынам, у выніку «Перазагрузак» беларускія і замежныя музыкі атрымалі новыя песні ў рэпертуар, а беларускія слухачы — якасныя беларускамоўныя творы. А рэалізатары праектаў на ўласным прыкладзе паказалі: усё магчыма і любая ідэя ажыццяўляльная. Галоўнае — узяцца за яе ўсур’ёз.

 

Ганна Ж. для budzma.by

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Святы Губерт яшчэ не перамог чырвоную зорку. Але ў рэшце рэшт дабро перамагае

Адэпты «русского мира» накінуліся на святога Губерта — нябеснага заступніка Гародні і галоўны сімвал яе еўрапейскасці....

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Параза ці перамога? Першы мір Вялікага Княства Літоўскага

Вайна 1248 — 1254 г. стала для Вялікага Княства Літоўскага цяжкім выпрабаваннем. Рэгулярныя паходы варожых войскаў моцна...

valiancina_shauchenka
Мастацтва

Не толькі пісьменнік, але і мастак: у Віцебску пройдзе выстава малюнкаў Васіля Быкава

29 верасня а 17.00 гадзіне ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча адбудзецца адкрыццё выставы мастацкай...

valiancina_shauchenka
Музыка

Кацярына Ваданосава, Relikt, ZUJ і B:N. Абвешчана праграма фестывалю «Bardauskaja Vosień 2023»

Фестываль «Bardauskaja Vosień 2023» пройдзе 27-29 кастрычніка ў Польшчы. У межах фестывалю будуць праходзіць разнастайныя мерапрыемствы...

Апошнія навіны

    Гісторыя
    Святы Губерт яшчэ не перамог чырвоную зорку. Але ў рэшце рэшт дабро перамагае
    Гісторыя
    Параза ці перамога? Першы мір Вялікага Княства Літоўскага
    Мастацтва
    Не толькі пісьменнік, але і мастак: у Віцебску пройдзе выстава малюнкаў Васіля Быкава
    Музыка
    Кацярына Ваданосава, Relikt, ZUJ і B:N. Абвешчана праграма фестывалю «Bardauskaja Vosień 2023»
    Літаратура
    Новы сайт Kamunikat.org: яшчэ больш кніг і магчымасцей
    Музыка
    «Каб не было дарогі назад». Гурт VOLSKI анансаваў альбом «Лісты палітвязням»
    Чучхэ ў самым сэрцы Еўропы альбо Што чакае беларускую нацыянальную культурную прастору
    Грамадства Асоба
    Мастаку Вячку Целешу — 85. «Каб я асыміляваўся і стаў латышом, то мой шлях у прафэсійнае мастацтва, магчыма, прайшоў бы трошкі лягчэй»
    Культура
    Паглядзіце, якія файныя паштоўкі са Скарынам выйшлі ў беларускім выдавецтве
    Адукацыя
    «Жуйка» на партрэце Лукашэнкі і ангельская мова для... допыту палонных
    Грамадства Адукацыя «Мама, не журыся!»
    Выпрабаваньне «разьмеркаваньнем». Лявон Вольскі пра змены ў беларускай сістэме адукацыі
    Грамадства
    Святлана Курс: Беларусамі быць цяжка. Але ж цікава і шыкарна
    Грамадства
    «Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не зьмяніліся, ня страцілі каштоўнасьць». Сёння 61 год Алеся Бяляцкаму
    Гісторыя
    Як Агінскі спрабаваў адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае?
    Музыка
    Музычная знаходка: спецыялісты з Мінска аднавілі страчаны твор беларускага кампазітара ХІХ стагоддзя

Афіша

  • 28.09

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Лекцыя Галіны Рудніцкай пра беларускую народную вышыўку ў Мінску

  • 28.09 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 28.09 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 28.09Зміцер Вайцюшкевіч у Варшаве
  • 28.09ПАДЗЕЯ ДНЯ: Лекцыя Галіны Рудніцкай пра беларускую народную вышыўку ў Мінску
  • 28.09Прэзентацыя беларускага нумара часопіса «Tygiel Kultury» ў Лодзі
  • 28.09Вольга Гапеева і Дзмітрый Строцаў у Патсдаме
  • 29.09 — 13.11Выстава «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі» ў Віцебску

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Мне заўсёды быў чужы такі тупы беларускі нацыяналізм». Вялікая размова з Альгердам Бахарэвічам
    • Двое сяброў 10 гадоў падарожнічалі па краіне і выдалі кнігу пра неверагодна прыгожую Беларусь
    • Што паслухаць у апошнія цёплыя дні восені: эксперыментальная электроніка, міфалагічны рэп і змрочны эмбіент
    • Названы лепшыя навуковыя публікацыі 2022 года
    • Святлана Курс: Беларусамі быць цяжка. Але ж цікава і шыкарна
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип